Свечкі мігцелі, як быццам нейкія мізэрныя істоты, развітваючыся, махалі маленечкімі вогненнымі хусткамі. Цемра па кутах храма ад гэтага здавалася яшчэ цямнейшай, а словы святара пагрознымі… Хаця ён казаў аб вечнай любасці і еднасці душаў. Што Бог з’яднаў, таго чалавек не раз’яднае.
Баўтрамей Лёднік і Саламея Рэніч таксама не выглядалі бесклапотна шчаслівымі, як належала жаніху і нявесце. Яны хутчэй нагадвалі тых, што збіраюцца на смяротную бойку… Хаця так жа і было — паводзіны магнатаў, якія дазвалялі маленькім чалавечкам задавольваць свае капрызы, ды надорвалі іх нечуванымі шчадротамі, прыводзілі на памяць кухараў, што кормяць калядную гусь марцыпанамі, разынкамі ды іншым смакоццем, якое павінна надаць мясу асаблівы прысмак. Вось, калі ласка — дазволілі палачанам абвянчацца, калі Лёднік запатрабаваў. І Пранцысь, які выконваў ролю дружкі ў свайго былога слугі, здагадваўся, чаму Лёдніку закарцела пашлюбавацца. Каб, калі што, Саламея засталася шляхцянкай, бо жонка пераймае званне мужа. Гэтае «калі што» Вырвічу не падабалася.
Над Саламеяй трымала вянец палахлівая прыслуга панны Багінскай. Ганулька час ад часу кідала на Пранцыся ўстрывожаны позірк, але Вырвіч рабіў выгляд, што гэтага не заўважае. Цені рабілі твар Лёдніка зусім змрочным, і Пранціш па-ранейшаму не мог уцяміць, што ў абліччы доктара прыцягвае жаночыя пагляды. Куртуазны мужчына мусіць быць з акуратнымі светлымі кудзерамі, яснавокі, з усмешкай на вуснах і румянкам на шчоках. І ўжо ніяк не такі дзюбаносы…
Саламея, у простай светлай сукенцы, павярнулася да жаніха, і трошкі-трошкі ўсміхнулася, ямінка ўтварылася толькі на левай шчацэ, і за гэтую ямінку кожны не сляпы мужчына гатовы быў бы аддаць… ну калі не жыццё, то ўсё іншае. За што доктару дасталася такая кабета? Барон Герман Ватман, відаць, падумаў пра гэта ж, бо гучна ўздыхнуў і выйшаў з маленькай царквы ў глухой вёсачцы між Менскам і Полацкам.
На паліцах полацкай аптэкі грувасціліся шклянкі і сасуды так цесна, што між імі нельга было й палец прасунуць. Што цямнела ў некаторых шкляніцах, скруціўшыся ў колцы, віючыся бурымі водарасцямі, Вырвіч нават ведаць не хацеў. А востры пагляд светлых, як блакітны лёд, вачэй аптэкара Лейбы не дадаваў утульнасці, бо здавалася, што аптэкар бачыць наскрозь твае смешныя недахопы, і паблажліва над імі пасмейваецца. Зразумела цяпер, дзе Лёднік набраўся з’едлівасці. Хаця не, у спадара Лейбы была не з’едліваць, а хутчэй мяккая насмешка — і над светам, і над сабой, змяшаная з сумам і спрадвечным фаталізмам. Быццам чалавек раз назаўсёды сабе сказаў: я ведаю, што вакол дрэнь, але ж я нічога не змяню, таму застаецца толькі горка пасмяяцца.
Але на Лёдніка і Саламею аптэкар паглядаў з расчуленымі слязьмі.
— Бутрым! Дзіцятка! Ты жывы! І ты, дарагая мая! Гасподзь заступіўся, няйначай! Прабач, прабач старога баязліўца — я не змог за цябе толкам заступіцца… Хто я такі? Прыкрыкнулі, і ў мяне язык прыліп да зубоў… А на цябе, бедная дзяўчынка, абрынуліся такія сілы, што я думаў — усё… Не пабачу болей твайго анёльскага аблічча… Божа вялікі, Божа усемагутны… Заступіўся!
Аптэкар доўга абдымаўся з Саламеяй і Бутрымам, потым хітра пасміхнуўся:
— Як я рады, што вы разам. Нарэшце ты, Бутрым, уцяміў, што найчысцейшае золата не ў тыглі, а побач, у чароўным вобліку Саламеі Рэніч.
— Яна — пані Лёднік, — важка прамовіў Бутрым. І Лейба ледзь не расплакаўся, прыгаворваючы, які шчаслівы быў бы ягоны сябар Іван Рэніч, каб толькі мог дажыць да гэтай хвілі. Потым акінуў позіркам даволі сціплыя ўборы былых вучняў і асцярожна ўдакладніў:
— Ты сказаў, Бутрым, яна — пані? Гэта значыць, ты надта высока ўзляцеў, хлопчык?
— Паветраны змей на вяровачцы таксама ўзлятае высока, дзядзька Лейба, — стрымана адказаў Бутрым, і аптэкар перавёў разумны позірк на вокны, за якімі на тле бляклай зімовай раніцы цямнела высокая постаць Германа Ватмана, а дзесьці яшчэ і хаваліся жаўнеры Багінскага. І Вырвіч падумаў, што аптэкар увогуле разумее куды больш, чым паказвае. І наконт Пранціша таксама, якога доктар прадставіў як «высакароднага пана Вырвіча», што меў ласку прытуліць былога алхіміка ў цяжкую часіну.