А ў паперах знаходзілася самая смачная разыначка для перніка. Пасля ўчарашняй баталіі з удзелам кія няшчасныя ахвяры, якія паміраюць, а менавіта паны Вайніцкі, Кубліцкі ды Заблоцкі, заявіліся ў карчомку «Зухвалы лось», дзе лекаваліся старанна і працягла гарадзенскай медавухай. Пра што ёсць шматлікія сведчанні. А артыкул пяцьдзясят трэці чатырнаццатага раздзела Статута абвяшчаў: калі б каторы шляхціч і якога бы кольвек стану чалавек біты або ранены пасля ранаў ездзіў або хадзіў па каляцыях, па торгах і па корчмах піў, на бяседах сядаў ад бою або зранення да дваццаці чатырох дзён, нават калі б пасля ад тых ранаў памёр — той, хто параніў, за смерць адказваць не будзе.
Возны разгублена азіраўся на кліента, шукаючы падказку, як учыніць...
А што ўчыняць — калі суд з такімі бітымі картамі не выйграць, а караля яшчэ больш раззлуеш.
Супраць ветру плявацца няварта. Давялося ісці на кансэнсус.
Арфанус перайшоў у саслаблыя, але прагныя рукі італьянца, які паспеў, аднак, працяць поглядам шчуплага юрысту, што прынёс Вырвічу згубны дакумент... Мануцы прысягнуў, што не мае больш ніякіх прэтэнзіяў да шаноўнага пана Лёдніка, ягоных слугаў і сяброў, а панне Сафіі Лёднічанцы, дактароўне, зычыць сямейнага шчасця з абраным ёю жаніхом. Той, несумненна, падорыць ёй вялікую лабараторыю для доследаў.
У апошняй фразе калолася шпілька.
Расчараваныя гледачы неахвотна разыходзіліся.
Чорныя, белыя, рудыя пеўні аднолькава аптымістычна абвясцілі поўдзень. Шэрыя коцікі нячутна вуркаталі на яшчэ не абламаных тонкіх галінках вербаў. У бліжэйшай карчме выкацілі і новую бочку медавухі, куды абачлівы гаспадар толькі што заліў вядро калодзежнай вады. Стары ліцвінскі харунжы за сколатым нажамі карчомным сталом гучна скардзіўся на блюзнерскі намер новых уладаў пераапрануць усіх жаўнераў у мундзіры. А як жа дзядоўскія сармацкія строі?!
Усім было месца ў гэтым свеце, акрамя незалежнай Літвы.
Сафійка ўсміхалася так міла — і што той шнар, хіба можа зацямніць бляск гожых вочак?
Меланхолія ляпнула засмучонага Каруся па плячы.
— Файны каменьчык! Жыццё твайго гаспадара двойчы выкупіў, і за цябе яго аддаць не шкада...
Лёднік з палёгкай абняў слугу.
— Даўно трэба было выправіць табе вольную... А пасля варта падумаць, каб прызнаць цябе прыёмным сынам — шляхецкае званне спросціць дарогу ў навуку...
Каруся як маланкай шыбанула. Адхіснуўся, збялеў, пачаў аднеквацца ад меркаванага ўсынаўлення... Зажадаў тэрмінова дапамагчы Сцяцку па гаспадарцы і збег.
Сафійка выказалася куды больш выразна: калі тата ўздумае ўсынаўляць гэтага дзікуна, ды каб ён ёй за брата быў, яна... яна ў кляштар сыдзе!
I са слязьмі ў дом уцякла, ледзь Вырвіча з ягоным крэслам не перакуліла.
Лёднік разгублена глядзеў услед крывіначцы...
— Не разумею, што за паляндра зноў учамярылася...
Пранціш толькі хмыкнуў, але прасвятляць сябра наконт таемных жаданняў недалеткаў, якія яны самі яшчэ, можа, да канца не ўсвядомілі, не стаў. Затое Меланхолія з насалодай прайшлася вострым слоўцам наконт заімшэлага дзеда, які праз павуцінне на моладзь глядзіць.
Лёднік намёкі раскусіць не пажадаў, толькі раззлаваўся.
— Смешнага мала. Ты заўважыла, што Мануцы цябе пазнаў?
— Нічога, абыдзецца. Я пра ягоныя гешэфты столькі ведаю... А ён ведае, на што я здатная ў сваёй працы.
Дзеўка зухавата ссунула шапку вышэй.
Вырвічу дужа не падабалася, як белавалосая глядзіць на Лёдніка. Не мае права яна так на яго глядзець, чума i забойца...
— Кідала б ты сваю працу, Гальшка... — раптам ціха прамовіў Бутрым. — Сама ведаеш — дабром не скончыш.
Меланхолія пасур’ёзнела.
— Ад нас так проста не сыходзяць, доктар. Выкуп занадта дарагі, i не ў золаце ён. А ты... Болей у зямлю не палезеш?
Вырвіч мог прысягнуць, што доктар трохі пачырванеў, перахрысціўся тройчы.
— Буду трымацца, Гасподзь дапаможа. Гэта была... слабасць. Дзякую, што знайшла мяне.
О-го, што ж там на могілках Бутрым задзівачыў?
— Ну, дзед, бывай... Дажыві ўжо як-небудзь да нашага двубою — ты ўсё яшчэ вінны мне, памятаеш?
Дзеўка дзёрзка ўсміхнулася, развярнулася на абцасах...
Пранціш чамусь ясна разумеў, што не хоча яна сыходзіць, хоць крокі яе былі лёгкімі і хуткімі... I вось ужо знікла імклівая танклявая постаць у чорнай світцы за паваротам, за веснавым ветрыкам і начным жахам.
— Яна проста вельмі самотная... — раптам вінавата прамармытаў Бутрым, дапамагаючы Вырвічу ўзняцца і зайсці ў дом. — Пра сям’ю марыць... Вось... Нешта сабе надумала, за што трымацца ў гэтым жыцці... Наша ненармальная сямейка якраз падвярнулася...
Пранціш маўчаў, абапіраючыся на худое моцнае плячо сябра. Папраўдзе, ён i не ведаў, што сказаць. I не ведаў, чым апраўдаць уласнае раздражненне ад таго, што зараза з ім, панам Вырвічам, нават не развіталася.
Мужычка. Хамуйла.
Хутка ён ачуняе, адправіцца ў Капанічы, абдыме каханую жоначку, прыцісне да сэрца дзетах... Хопіць з яго прыгодаў.
Пляскаты твар сакавіцкага сонейка ўсміхаўся чамусь дужа скептычна.
Раздзел шаснаццаты
ЯК ФОНААЎТАМАТОН ВЫРВІЧА
Ў ПАЎНОЧНУЮ ВЕНЕЦЫЮ ПАГНАЎ