– А чорт з табою, старык. За стадолай Саўчука, кажаш? Што ж, пасадзім там граніцу. Саюз вялікі, а бацька далёка – адкуль яму ведаць.
Потым, змяшаўшы сала з мёдам, дружына салідарным салютам ванітавала за Саўчуковай стадолай. У месца, асвечанае крывёй страўніка, жаўнеры забівалі гранічны слуп.
Ноччу сніліся капітану кашмарныя сны. Высыпаліся з мораку белачырвоныя і чырвоназялёныя слупы. Пераўтвараліся ў салдацікаў, фарміраваліся ў баявы ўзвод, у карны атрад. “Плі!” – голас нябачнага камандзіра выдаўжаўся рэхам выстралаў.
На досвітку ён абудзіўся, абвёў вачыма сцены. Побач на падлозе спачывалі жаўнеры – стомленыя ўчарашнім днём і вячэрай. “Ага, значыць у Іванюка і начуем”, мільганула ў галаве. З іконы глядзеў на капітана Хрыстос. У паўсвятле поранка вочы Хрыста наліваліся сур’ёзным, задуменным позіркам Іосіфа Вісарыёнавіча.
– Усё мы ведаем, усё мы бачым, – казалі гэтыя вочы. І з чатырох куткоў пакоя выпаўзаў страх, акірэчваў капітана, прысаджваўся на грудзі, напіраючы каленямі на страўнік, выціскаў душу высока, да самага горла. Капітан апускаў вейкі, затым адрываў іх, глядзеў у ікону і ўжо бачыў там не сур’ёзны позірк Вісарыёнавіча, а добрую, сінявокую ўсмешку старога Іванюка.
– Малайчына, хлапец. Абяцанне стрымаў, – сінявокім шэптам калыхаўся паўзмрочны пакой. У гэтых сініх вачах капітан знаходзіў нешта знаёмае. Пакуль не ведаў што, але думкі міжвольна крылілі ў родныя мясціны. “Бацька... Такія вочы ў майго бацькі. Дакладна”.
– Усё мы ведаем, усё мы бачым, – з першым голасам пераклікаўся другі, і капітану прыпомніліся баі пад Варшавай, і ўсе тыя бомбы і гранаты, што чорнымі ніткамі ў адзін вузел звязваюць жыццё і смерць. Падумаў яшчэ і пра кулі, што прасвісталі побач і, ці не першы раз, пашкадаваў: чаму ж абмінулі ўсе..
За сняданкам капітан азваўся:
– Ведаеце, хлопцы, трэба ўсёткі вярнуць граніцу назад...
– Як, назад? – сінія вочы Іванюка зліліся з блакітам паўтарачкі, прыведзенай для канчатковага замацавання ўчарашняй перамогі ў маленькай вайне за маленькую тэрыторыю.
– Ну, пакуль што – назад. Праз тыдзень трэба мне ў Маскву, пагавару, папрашу. Сталін не воўк, а чалавек, не пакрыўдзіць, – ці сапраўды так, капітан не ведаў і пры думцы пра сустрэчу з найважнейшым у свеце чалавекам сэрца выдаўжала крок, выбіваючы ў грудзях рытм шалёнага марша. Але ўцячы ад блакітных, пабацькоўску знаёмых вачэй Іванюка таксама не было як. Адтэрміноўваючы праблему, хаваючыся ад яе ў самую вядомую і самую бяспечную стадыю свядомасці, сказаў:
– А цяпер налі. Добрая твая самагонка, старык...
Так было тыдзень таму. І цяпер, выструніўшыся перад генералісімусам, капітан паўтарае:
– Вельмі харошая самагонка ў Апацы. Сільная. Пячэ. А больш нічога там няма. Можа быць Саюзу гэтая дзярэўня, а можа і не быць....
– Гм. Харошая, кажаш, самагонка. Лучшэ, чэм віно Цынандалі? – Іосіф Вісарыёнавіч усміхаецца, а на памяць прыходзіць маленькая вінярня ў мястэчку Цынандалі. Залажыў яе Аляксандр Чаўчавадзэ, сын першага грузінскага пасла ў царскім СанктПецярбургу.
З віном Цынандалі свет пазнаёміўся ў 1894 годзе. Раскрыў рот, пасмакаваў і захапіўся. А дзяцюк Сасо якраз пачынаў адукацыю ў духоўнай семінарыі, што сваім шляхам раскрывала дзверы ў паўзмрочныя піўнічкі мясцовых айцоў. Таіліся там кадзі, запоўненыя далікатным, белым Напарэулі, сухім чырвоным, бы кроў горца, Мукузані, а самыя сакрэтныя закавулкі прыхоўвалі ад нахабнага вока вылузанае грузінскім сонцам з сакавітых шарыкаў Ркацытэлі залатое віно Цынандалі. А вочы Сасо ў той час былі ўжо хуткія і пранізлівыя.
Зза гэтага Цынандалі ён не закончыў духоўнай семінарыі. Але не шкадаваў. Замест беспрадуктыўнага махання крапілам, сціскаючы ў руках аловак і лінейку, мог дзяліць свет на свой і чужы. Прыкладаў лінейку да вялікай мапы Еўропы, алоўкам вызначаў доўгія граніцы: “Гэта нам, а гэта вам!”. Вянчаў народы, даваў ім новыя імёны, а калі хто запіраўся, не гуляючы ў залішнія паніхіды, выпраўляў оптам на іншы свет. І была яму гэтая праца даспадобы і куды больш адпаведнай за традыцыйныя шлюбы, хрысціны і паховіны. Пэўна, таму віно Цынандалі лічыў самым лепшым прадуктам у свеце.
А самагонку Іосіф Вісарыёнавіч не любіў.
Вось і зараз – прыкладвае люльку да мапы, можа, пацэліў якраз цыбуком у саломай крытую стадолу Уладзіміра Іванюка, а можа, у маленькую хатку Сямёна Ляшука, што згорбілася па супрацьлеглы бок вуліцы? У правую руку бярэ аловак. Яшчэ раз зірыць на капітана Жлуктова, яшчэ раз усміхаецца. “Ну, жартаўнік. Кажа – самагонка добрая там. А няхай і застаецца таварышам палякам гэтае дабро. У нас і сваіх майстроў даволі” – і аб’язджае алоўкам наўкол запоўненага тытунём пуза. Аловак адштурхоўваецца ад цыбука, абмінае, пакідаючы з польскага боку Войнаўку, зігзагам коўзаецца на ўсход, перабягае прыдворны дзядзінец пана Драгабыцкага, выштурхоўваючы ў Савецкі Саюз дворскі сад і гаспадарчыя будынкі. Рассякае яшчэ напалову Бобінку, адразу за Клякавам вяртаецца ў Белавежскую пушчу. Быццам у кавалак сала паглыбіўшыся, наразае доўгую, дубовазялёную шкварку і махае яе на захад. Як закуску для апацкай самагонкі.