Юры СТАНКЕВІЧБРАМНІК ЗАЎЖДЫ САМОТНЫ
Аповесць
Замест уступу
Ён
нягучна пастукаў у дзверы і на Максімава «не зачынена» ўвайшоў уцесны куток, дзе ледзь месціліся ложак, падрапаны стол і рыпучае крэсла. На выгляд яму было каля сарака гадоў: сярэдняга росту, у чорным плашчы, вакол галавы з гладка зачасанымі назад калеру саломы валасамі нібы гайдалася вузкае кола святла. Каб не гэта, дык, адным словам, дзядзька з вуліцы.— Вы хто такі?
— здзіўлена спытаў дванаццацігадовы Максім Гудаў. — Калі да бацькі, то ён спіць.— Я да цябе, Максім,
— сказаў незнаёмец і дадаў сарамяжліва: — Я — анёл. Імя — Херувім. Прыйшоў, каб выканаць тваё адзінае жаданне. Заўваж — адзінае.— Нешта не верыцца.
— Нікому не верыцца.
— А што ад мяне трэба?
— крыху памаўчаўшы, пацікавіўся хлопчык.— Загадаць. Толькі і ўсяго. Да кожнага чалавека ў дзяцінстве прыходзіць нехта з анёлаў. Заўваж, толькі аднойчы. Хто што просіць. Адзін
— цукерак, другі — ровар, трэці... Але... Што жадаеш ты? Хвіліну на роздум. Больш часу не маю.— Не трэба хвіліну,
— хлопчык паказаў рукой на сцяну, дзе вісеў плакат з выявай футбаліста. — Хачу быць галкіперам. Варатаром. Такім жа вялікім, як ён.Анёл падышоў да сцяны, угледзеўся ў плакат і сказаў:
— Такім ты быць не здолееш, бо яму, калі ён яшчэ выступаў, не было роўных. А ўсё вялікае
— непаўторнае. Але тваё жаданне я занатоўваю. Ты не пашкадуеш. Вось тут, на плакаце, стаўлю подпіс. Цяпер — бывай.— Бывай і ты,
— развітаўся хлопчык і... прачнуўся. У пакойчыку нікога не было. Максім Гудаў перавёў позірк на сцяну. Знаёмая постаць у карычневай футболцы з выявай тыгровай галавы. Мужны квадратны твар, кароткая стрыжка.«Хасе Луіс Фелікс Чылаверт Ганселес,
— прачытаў ён у каторы раз. — Парагвайскі галкіпер. Нарадзіўся 27 ліпеня 1965 г. у г. Лука. Рост 1 м. 92 см. Удзельнік двух чэмпіянатаў свету. Аўтар адзінага ў свеце «хет-трыка» сярод варатароў. Выключны пенальтыст і выканаўца штрафных удараў. Забіў за спартыўную кар ’еру 62 галы»....Але што гэта?
Хлопчык ускочыў і ўсутыч наблізіўся да плаката на сцяне.
Знізу нешта высвечвалася, нейкі надпіс.
І раптам ён прачытаў: «Згода. Херувім».
«Гранд-стадыён». Францыя. Ліон.
Са свайго месца на «банцы» — лаўцы запасных, васямнаццацігадовы Максім Гудаў убачыў, як іх асноўны варатар — трыццацігадовы Сяргей Румаш, выскачыў на перахоп і ў паветры, у скачку сутыкнуўся з абаронцам сапернікаў з «Ліона», які незаўважна, з-за спіны, падключыўся да атакі. Цёмнаскуры, мажнага целаскладу «лібера», ішоў на «набяганне» з выстаўленым каленам, што і вырашыла лёс Сяргея Румаша ў гульні.