- Працэс ажыўлення патрабуе, каб пры гэтым абавязкова прысутнiчалi людзi, двое людзей, а яшчэ дакладней, жанчына i мужчына. Менавiта яны запальваюць агонь новага жыцця. Iхняя прысутнасць, iхняя аўра, пад якой мы разумеем жыццёвую сiлу, дапаможа адрадзiцца чалавечай плоцi. Жанчына ўжо ёсць. Гэта - Вера Хрысцiнюк, трыццаць год, чацвёртая група крывi, шатэнка. Патрэбен мужчына. Iм будзе, няхай прабачае Карл Гакенхольц, Радаслаў Буслейка, дваццаць два гады, другая група крывi, бландзiн. У Буслейкi, няхай прабачае Карл Гакенхольц, душа па свайму эмацыянальна-энергетычнаму напаўненню болып блiзкая да Клёна Дубровiча. Што хоча сказаць Радаслаў Буслейка?
Да Радаслава нарэшце вярнулася мова.
- Гэта так нечакана, - разгублена загаварыў ён. - Мёртвы хлопчык... Планета Вар... Рака Адноўленых Твараў... Карл, мы не спiм з табою?
Гакенхольц, якi ўсё чуў, але пакуль што не мог размаўляць, адмоўна замахаў галавой. Вочы ў яго кiпелi гневам. Не паздаровiцца СЦ, калi верне яму мову.
- Вядома, я вельмi хачу, я жадаю, каб ажыў гэты хлопчык, гэты - як яго? Клён Дубровiч, - казаў далей Радаслаў. - Калi вы навучылiся рабiць такое, вяртаць дыханне мёртваму чалавеку, заклiнаю вас усiмi старымi i новымi багамi - ажывiце Клёна, пастаўце на ногi. Але мой нечаканы палёт... Нават не ведаю... Мая жонка, мая Нiнка-трысцiнка, - ён злёгку пачырванеў, - працуе заолагам перасоўнага летняга лагера ў Тоўстым Лесе. Чулi пра такi? Дык вось мы праз некалькi месяцаў чакаем сына, у нас павiнен нарадзiцца сын. Разумееце?
- Тым лепш, - прамовiў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў. - У цябе, Радаслаў Буслейка, зараз вельмi энергiчная, вельмi насычаная i моцная аўра. Тое, што i патрэбна для ажыўлення. Карл Гакенхольц нешта жадае сказаць?
Карл адразу ж закрычаў як апечаны:
- Гэта подла! Вераломна! Вы не маеце права! Ваша Старая Цывiлiзацыя падобна на мокрую курыцу!
- Цiшэй, Карл Гакенхольц, - спакойна папярэдзiў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў. - Гавары цiшэй. Калi ты будзеш павышаць голас, мы заблакiруем яго.
- Прабачце, - прыклаў руку да сэрца Карл. - Я хацеў сказаць, што ляцець трэба мне. У Радаслава чакаюцца вялiкiя сямейныя клопаты. А я халасцяк. Калi што здарыцца з КЛА...
- З КЛА нiчога не можа здарыцца, - парыраваў Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў.
- Ляцець павiнен я, - не здаваўся Карл.
- У цябе, Карл Гакенхольц, як заўважана, душа па свайму эмацыянальна-энергетычнаму напаўненню вельмi адрознiваецца ад Клёна Дубровiча. Ты толькi нашкодзiш.
- Няпраўда! - успыхнуў Карл, але голас ягоны адразу ж быў заблакаваны.
- Калi гэта дапаможа хлопчыку, я гатоў ляцець, - сказаў Радаслаў Буслейка. - Толькi патрэбна абавязкова паведамiць маёй жонцы ў Тоўсты Лес.
НЕ КУПАЙСЯ Ў РАЦЭ АДНОЎЛЕНЫХ ТВАРАЎ
VII
У Доме Народаў, якi ўзвышаўся на беразе ракi Заiр у экватарыяльным горадзе Мбандака, сабраўся Надзвычайны З'езд Усiх Зямных Канфедэрацый. Павiнна было прысутнiчаць (прыляцець, прыплыць i прыехаць) восемсот дэлегатаў. Яны прадстаўлялi Iндаэўрапейскую, Паўночнаамерыканскую, Лацiнаамерыканскую, Арабскую, Афрыканскую, Эўразiйскую, Мангола-Кiтайскую i Япона-Цiхаакiянскую канфедэрацыi. Яўка была амаль стопрацэнтная. Па незалежачых ад iх прычынах не змаглi прыбыць дэлегат-афрыканец, якога проста на пляжы схапiў i завалок пад ваду гiганцкi кракадзiл, i дэлегат з Варшавы, што загiнуў ад удару шаравой маланкi.
Дом Народаў быў пабудаваны ў выглядзе велiзарнага белага куба. Усе яго восем паверхаў (па колькасцi Канфедэрацый) аздаблялi ў нацыянальных стылях выдатнейшыя мастакi, скульптары, гравёры, цесляры, паркетчыкi. Вочы разбягалiся ад яркiх сакавiтых фарбаў. Уся планета Зямля - ад белых марозных пустынь Арктыкi да мангравых лясоў на астравах Цiхага Акiяна - глядзела на кожнага, хто пераступаў парог, са сцен гэтага цудоўнага палаца.
Калi ўсе занялi свае месцы, старшыня (а iм быў канадзец Джон Мур) аб'явiў:
- Прашу ўсiх устаць. Гучыць Гiмн Планеты. Семсот дзевяноста восем галасоў зладжана злiлiся ў адзiн усхваляваны голас:
Мы - дзецi Гамера,
Мы - дзецi Канфуцыя...
- Рабочай мовай нашага з'езда, як вы ўжо ведаеце, будзе партугальская, - напомнiў Джон Мур, калi адгучаў гiмн i ў зале зазвiнела цiшыня.
Для чаго ж сабраўся надзвычайны з'езд? На парадку дня было адзiнае пытанне: "Цывiлiзацыя Плазмоiдаў (так званая Старая Цывiлiзацыя) i адносiны народаў планеты Зямля да яе".
Дэлегаты ўбачылi кадры кiнахронiкi: спаленыя будынкi i аўтамабiлi; ланцугi шышкагаловiкаў, якiя iдуць у атаку; труп падлетка - галава прыкрыта белай прасцiной, рукi, сцiснутыя ў кулакi, бездапаможна раскiнуты; вогненны вал, што падмiнае пад сябе нейкiя нiзкарослыя кусцiкi...
- У лiку дэлегатаў ад Iндаэўрапейскай канфедэрацыi знаходзяцца два чалавекi, якiя прыбылi ў Дом Народаў з самага, можна сказаць, эпiцэнтра апошнiх па часе жахлiвых падзей, - сказаў старшыня. - Гэта Карл Гакенхольц, стрэсаператар, i Гай Дубровiч, гiсторык, бацька таго самага мёртвага хлопчыка, якога мы толькi што бачылi на экране. Папросiм iх выступiць перад намi.
Гай Дубровiч, змарнелы, сутулы, устаў, пакланiўся з'езду, але выступаць адмовiўся.