— Тут ты зглупіў, — сказаў Ганчаронак. — Мы з часам здагадаліся, што ты нейкім незразумелым чынам зрабіў звышнатуральнае, хаця меў у руках толькі трэць таямніцы. Нам заставалася толькі сачыць за табой.
— І з некаторага часу вы здагадаліся, куды вядзе мяне ў гэтым лабірынце мая ніць. І тады я стаў непатрэбны. І тады вы пачалі рабіць шматлікія спробы. Вам цяпер трэба было абавязкова прыбраць мяне з дарогі. Каб не перашкаджаў. Адной была спроба закідаць мяне камянямі падчас «дуэлі ліхтароў». Другой — напад чатырох (здагадваюся, хто былі астатнія два, і здагадваюся, чаму яны сёння не тут). І трэці замах, які ледзь не скончыўся поспехам. Абвал.
— Чацвёрты ўвянчаецца, — сказаў Ганчаронак.
Я цягнуў. Бессаромна цягнуў. Выйсця для мяне амаль не было. Была толькі слабая надзея, што нехта прыйдзе ў «плябанію». Да мяне. Што можа нехта спахапіцца, і мяне пачнуць шукаць. Мне трэба было, як мага затрымаць іх, каб ім менш засталося часу да раніцы. Калі гэта зараз узыходзіць сонца? Гм, недзе а палове чацвёртай. Заставаліся нейкія тры з невялічкім гакам гадзіны.
Трэба было як мага ратаваць справу, калі я ўжо не мог уратаваць сваё жыццё. Ратаваць справу, за якую налажыла галавою столькі людзей.
Мне дужа не хацелася кідаць перадчасна гэты лепшы са светаў (ці лепшы, калі па ім швэндаецца такая сволач?), але як ужо такое было кімсьці прадвызначана, то я хацеў быць апошнім, які заўчасна яго кіне.
Каб пасля мяне болей — ніхто.
Свет быў да краёў заліты абыякава-прыўкрасным святлом поўні. Лагчына, у якой мы сядзелі, да краёў, аж з коптурам, перапоўнена цёмным прысмеркам. І справа ад сябе бачыў я чалавека з тварам, які быў пасечаны дробнай сеткай зморшчын і з вушамі вялікімі, як у Буды, а злева — другога, вялізнага і моцнага, які з лянотнай грацыяй разваліўся на камені.
— Вы лічылі, што, калі разнесяце мур каля вежы, вам лягчэй будзе забрацца ў яе сутарэнні. Пад шумок. То адны разбіраюць, то вы. І вось Ганчаронак з усім уласцівым яму шармам пераконвае старшыню ва ўсёй мэтазгоднасці зачыніць мячэць і зрабіць у ёй свінюшнік.
— Якую мячэць?
— Ну, прабіць запасны ўваход у замкавы двор і зрабіць у ім даржнік, скацінны двор… А тут я, з фотаапаратам. І нават старшыню напускаць на мяне не трэба, каб самім застацца ўбаку. Старшыня сам на ражон лезе. Дошку ж ахоўную знялі. Закону няма бурыць, а тут — на гарачым… Невялічкая, але непрыемнасць. А тут яшчэ два Іванавічы, што яму на гэтым краязнаўстве даўно вушы аб'елі. А вам з гэтым іхнім «Ведай свой край» ды «Ніхто не забыты, нішто не забыта» і пагатоў. Бо вам якраз і трэба было, каб людзі менш ведалі свой край і трывала забылі пра некаторых тыпаў і іх учынкі.
— Ігнась, я яго зараз ромбну, — сказаў Ганчаронак.
— Дай спакой. Хіба табе не цікава, да чаго ён там дадумаўся? Хай балбоча. Далёка ён сваіх ведаў не данясе. А нам цікава будзе ведаць, чаму ён западозрыў. Я ўжо не дужа разумным выглядаў, а пра цябе й казаць няма чаго. Настолькі тупая жывёліна, што падазрэнняў не павінна было быць.
Ганчаронак палез рукою ў кішэнь.
— Кінь, — сказаў Высоцкі, — нож ты добра кідаеш, але яго праз кішэнь, як кулю, скажам, не кінеш. Сядзі і слухай.
— Часта трапляўся ты мне, Тодар, на дарозе. Часам ноччу. І скакаў цераз канаву, поўную вады, каб малую патрэбу справіць. А нашто?
— А на тое… Сустрэліся тут з адным…
— А да гэтага, на другой дарозе, пра «страшныя яйкі» размаўлялі? — Я спадзяваўся толькі, што хлусня і дапушчэнні, збудаваныя на пяску, не занясуць мяне ўбок.
— Ч-чорт.
— Полем вы адтуль ішлі, каб вярнуцца іншай дарогай, чым той.
Хто «той» было для мяне цёмнай ноччу, як многае і многае ў гэтай справе. Многае, аб чым я ўжо ніколі не даведаюся. Але я павінен быў удаваць, што мне вядома куды болей, чым на самай справе (толькі б не перагнуць!), і таму нават брахаць з большай ці меншай доляй верагоднасці.
— Вы спяшаліся. Тым болей што тады, падчас дарогі на станцыю, у грузавіку, я прабалбатаўся, што звязваю ўсё, што адбываецца, не толькі з тым скарбам, але і з падзеямі перад уцёкамі немцаў. Тут ужо трэба было і справу з Лапатухам неяк давесці да ладу (дуэль ліхтароў), а заадно і са мной, калі ўжо ноччу палез у вежу, трапіўся пад руку. І ўцякаць нават не было як. Прывязаныя да архіваў… То ж бо ты тады на станцыі, Высоцкі, так на дзядзьку ў піжаме псіхануў. Сапраўды, едзе сабе куды хочаш, а ты, «тубылец», вымушаны на месцы сядзець, дрыжаць і чакаць на вынікі. Дый дзіўна, што чалавек не ведае, дзе ягонага брата расстралялі, у Кладна ці ў Беластоку. Больш усё ж на Кладна чуткі кажуць. І прозвішча на помніку чорным па белым.
— Якую справу з Лапатухам? — нібы нічога пасля ўпамінавення аб ім не слухаў, спытаў Высоцкі.
— А вы думалі, што калі ён замак за сваю крэпасць лічыць, вас штодня бачыць і падсвядома пабойваецца, і напускае на сябе большую дурыну, чым на самай справе, то ён можа нейкі там патаемнічак уладкаваць. Для вернасці вы тады ноччу ў вежы і мур ламалі. У падазроным для вас месцы.
— Разумны ты чалавек, Косміч, — з млявай пагрозай сказаў Высоцкі. — Разумны. Толькі ты, як поляк, мондры по шкодзе. Спахапіўся позна.