Читаем Чорны замак Альшанскі полностью

Зноў закруцілі, заматлялі нас дарогі. Вадзіцель не хацеў «даваць кругаля» цераз Кладна, а ўзяў напрамкі, і таму кіламетраў са сто нас не чакала нічога, акрамя польнай ці лясной дарогі. Я ўзрадаваны быў гэтым. Яшчэ не распаленае сонцам неба наперадзе, ззаду лёгкі вэлюм пылу, па баках нівы або шматкіламетровыя саборы з хвой, адхоны і яры, дубовыя раці, што цяжка выступілі на прырэчныя паплавы.

Недзе з гушчару таполя, якая невядома як трапіла туды, мяце па зямлі, сее па свеце спозненым пухам.

На палянах, на месцы разораных хутароў камяні ад фундаментаў, акацыі з яшчэ празрыстымі стручкамі. І паўсюль — раскідана — цвітуць на іх блакітныя касачы. І бэз там яшчэ месцамі дацвітае. І шкада робіцца хутароў і жыццяў, якія прайшлі на іх.

Урачыстая раніца змяняецца ўрачыстым днём.

І добра ведаць, што ў свой час, яшчэ няхутка, дзень зменіцца вечарам, і ляжа ў лагчыне тонкі і нізкі туман, і зараніца будзе глядзець на людзей праз дрэвы. А пасля прыйдзе ноч. Для цябе ноч, а для кагосьці самы час жыцця.

Машыну па-добраму пагойдвала. Я вельмі люблю дарогі і думаю, што калі прыйдзе час і я не здолею ездзіць, то ці варта тады ўвогуле жыць.

Дарога сама як песня, і таму я часта маўчу, перапоўнены дарогай даверху. Вось так аднойчы спыталі мяне рыбакі на марскім промысле, чаго гэта я ўсё маўчу.

— Занадта хораша вакол, — толькі і здолеў адказаць.

Маўчаў я і тут. Хораша маўчыцца над бэзава-ліловымі палямі канюшыны, над стральчастым лубінам у канавах.

І разгортвалі, разгортвалі вакол лясы свае чароўныя глыбіні.

Толькі як выбраліся ўжо на шашу, нехта насмеліўся выраніць слова-другое, парушыўшы пяшчоту і задуменнасць дня.

— Ну, чаго маўчыш? — спытаў раптам Шчука.

— Адстань, — кінуў Хілінскі, гасячы чарговы недакурак, — яму проста добра.

— Што, так ужо і зусім добра?

— Амаль добра. А наконт размовы — што ж? Хваліць — колькі я магу вас хваліць. Лаяць? Ёсць за што, але не хочацца. Крытыкаваць? Ну, па-першае, мяне самога з пачатку і да канца трэба нішчыць крытыкай (за выключэннем некалькіх здарэнняў), столькі я за лічаныя тыдні нарабіў глупстваў, у якіх сам дагэтуль яшчэ не да канца разабраўся.

— Няўжо не да канца? — спытаў Шчука. — Па-мойму, галоўнае зроблена.

— Па-мойму, галоўнае аніяк не зроблена. Па-мойму, да галоўнага мы і не прыступілі. Але гэта ўжо вам, Шчука, трэба рабіць. З мяне хопіць. І я на вас крыху злы.

— Ну-ну, наводзьце сваю крытыку. Толькі не знішчальную.

— Мала для вас і знішчальнай за вашу тактыку прамаруджвання і чакання. Сто разоў я мог загінуць. Нават пры той сустрэчы ў лагчыне.

— Кінь, — сказаў Хілінскі, — гэта ён зрабіў правільна. Калі ў тых ужо не было дарогі назад і не было магчымасці нешта аспрэчваць.

— Калі яны ўжо гатовенькія, на далоні былі, — сказаў Шчука.

— Ну, а каб я замест іх быў гатовенькі?

— Гэтага б не дапусцілі.

— Ох, і не любіце вы ўсе крытыкі! Як чорт ладану!

— А хто яе любіць?

Раптоўна абуджаная імі ўва мне злосць патрабавала выйсця. Але крык у такой спрэчцы — апошняя справа. Трэба было ўзяць на ўзбраенне самую моцную зброю: крыху брахлівы сарказм і крыху разбэшчаную іронію.

— Вы, мілы Шчука, забылі, што грамадства (а асобныя людзі тым больш) не можа прагрэсіраваць без крытыкі. Іначай — балота. І вам бы не лаяцца, а даць крытыкам і крытыцы волю і бяскарнасць.

— Усім?

— Ну так. І не толькі прапановам, якія вам здадуцца прыстойнымі, цікавымі, нават дзяржаўнымі, але і тым, якія здзіўляюць замарожаных судакоў вонкавым блюзнерствам, непрыстойнасцю, нават, на першы погляд, ерэтычнасцю.

— А гэта нашто?

— А гэта на тое вам вочы і дадзены, каб разабрацца, дзе вас крытыкуе крытык, а дзе зладзюга ці чокнуты, дзе чалавек хоча выправіць справу словам, а дзе пайсці на недастойны прыклад.

Шчука выглядаў на трохі ачумелага:

— Напрыклад…

— Напрыклад, можна з лекарскага пункту гледжання проста патрабаваць ад жанчын, каб яны загаралі нагія, трубіць аб жыццёвай неабходнасці гэтага для здароўя. Але няхай яны займаюцца гэтым на жаночых пляжах, а не на газонах уздоўж усёй Паркавай магістралі. Гэта немэтазгодна.

— А што, гэта было б нават цікава, — хмыкнуў Хілінскі.

— Вось-вось, я і кажу, што вы слабы, падатлівы на ўсякае падбухторванне і непрыстойнасць матар'ял.

— Ну а больш сур'ёзны прыклад? — Шчука ўсё яшчэ не сунімаўся.

— Ну, хаця б Маркс.

— Ён пры чым?

— А пры тым, што зрабіў святую справу, склаўшы смяротны прысуд прыватнай уласнасці. Класіфікаваўшы яе як рабунак суседа.

— Нешта не дужа даходзіць.

— Ну а каб ён, давёўшы, што прыватная ўласнасць — рабунак і гвалт, узяў бы ды аддаў грошы проста скарбу, а пасрэдніка, домаўласніка, што з'явіўся за каморным, — застрэліў як рабаўніка і гвалтаўніка?

— Дык што рабіць домаўласніку?

— Прыслухацца да крытыкі. А паколькі зрабіць гэта ён арганічна не можа, бо людзі, глухія да крытыкі, — безнадзейна хворыя людзі, то што ж, за Маркса гэта з часам зробіць рэвалюцыя.

— Та-ак. Цікавыя вы рэчы кажаце, Косміч.

— Правільныя я кажу рэчы. Бо, шчыра кажучы, ніколі мне нікога не хацелася так раззлаваць, як зараз вас.

— Чаму?

— Ад злосці мазгі часам яснеюць.

— І ў вас? — азваўся Хілінскі.

— Праяснелі яны зараз і ў мяне.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Лабиринт Ванзарова
Лабиринт Ванзарова

Конец 1898 года. Петербург взбудоражен: машина страха погибла, нужно новое изобретение, выходящее за границы науки. Причина слишком важна: у трона нет наследника. Как знать, возможно, новый аппарат пригодится императорскому двору. За машиной правды начинается охота, в ходе которой гибнет жена изобретателя… Родион Ванзаров единственный из сыска, кому по плечу распутать изощренную загадку, но сможет ли он в этот раз выдержать воздействие тайных сил и раскрыть замысел опасных преступников?Антон Чиж – популярный российский писатель детективов. Его книги изданы общим тиражом более миллиона экземпляров. По остросюжетным романам Антона Чижа были сняты сериалы «Агата и сыск. Королева брильянтов» и «Агата и сыск. Рулетка Судьбы». Писатель в 20 романах создал, пожалуй, самых любимых читателями героев исторических детективов: Родиона Ванзарова и Аполлона Лебедева, Алексея Пушкина и Агату Керн. Острый, динамичный, непредсказуемый сюжет романов разворачивается в декорациях России XIX века. Интрига держит в напряжении до последней страницы. Кроме захватывающего развлечения, современный читатель находит в этих детективах ответы на вопросы, которые волнуют сегодня.

Антон Чижъ

Исторический детектив