Читаем Чорны замак Альшанскі полностью

Так я і ішоў, уторкнуўшыся носам у зямлю. Без усялякай карысці, акрамя маральнай. Дый тая была другога гатунку, таму што я сачыў, а не думаў.

Часам з'яўляліся думкі, што хаваць нешта ў такім тэксце блюзнерства, а ўжо для сярэдневяковага чалавека (калі толькі хаваў ён) — не проста блюзнерства, а блюзнерства, якое мяжуе з ерассю, са згубай цела і бессмяротнай душы. І, калі гэта так, таямніца павінна быць страшэнна важлівай або… або чалавек той не павінен быў верыць ані ў бога, ані ў чорта, ані ў тагачасны закон.

Я прачытаў усе чатыры Евангеллі, і дзеянні апосталаў, і пасланні іхнія, пачынаючы ад паслання Іякава і канчаючы пасланнем да яўрэяў. Заставаўся толькі апакаліпсіс Іаана Багаслова ды недарэчна прышмараваны да яго «Статут», таксама з «пасланнямі», толькі ўжо свецкіх уладароў.

Нічога!

Хаця б цень нейкага следу, нейкай здагадкі!

Урэшце я пачаў думаць, што з гэтым тэкстам мы памыліліся. І самае горшае, да той самай думкі схіляўся і Мар'ян. За гэтыя дні ён пару разоў заходзіў да мяне, і мы, да болю ў вачах, тупа ўзіраліся ў тэксты, варочалі пад чарапамі гіпотэзы, і ўсё гэта толькі для таго, каб тут жа зарэзаць іх. Адзінае, у чым мы «пасунуліся» наперад, быў сапраўдны акт пра знікненне жонкі Альшанскага, надрукаваны ў «Актах, выдадзеных археаграфічнай камісіяй…».

— А што гэта нам дасць? — спытаў я.

— А можа.

— Рыбу нам з табою лавіць, а не шукаць.

— Паловім. Вось-вось ужо. Нават на азёрах лёд амаль скончыўся.

І мы зноў да ачмурэння сядзелі над кнігаю і копіяй, і Мар'ян бурчаў:

— Холмсы мне яшчэ, таксама… Пінкертоны… Картэры… Станкевічы…* Мегрэ.

* Андрэй Станкевіч — самы славуты з гэтай «дынастыі законнікаў» следчы і суддзя беларускага сярэдневякоўя (у прыватнасці — справа Марыны Дастаеўскай-Карловіч 6 сакавіка 1607 г.).

У тую тхланную, золкую сакавіцкую пятніцу — было гэта, здаецца, дваццаць дзевятага сакавіка — мы таксама ні да чаго не дадумаліся.

— Прарок Навум — і той бы не дадумаўся, — плюнуў урэшце Пташынскі.

— Ну-ну. Няўжо мы двох дурнейшыя за аднаго?

Я пайшоў праводзіць яго. На душы ад уласнай бездапаможнасці было моташна.

— Як шчанюкі сляпыя, — сказаў Мар'ян.

Наперадзе спускаўся па сходах цікавы малады чалавек, сусед Лыганоўскага. І на гэты раз у руках ягоных было вядро са смеццем. Адкуль ён яго бярэ?

— Вось такое смецце ў нас у галовах. Выкінеш — і застанецца пустая макітра чарапаная.

— А мо і сапраўды трэба ўсё выкінуць і пачаць спачатку? — сказаў я. — Можа, справа і не ў тэксце? Можа, выскаблена нешта? Можа, сутнасць не ў змесце, а ў вядры? У самім існаванні рэчы?

— Трэба будзе паглядзець. Заўтра ж.

Мы спыніліся ля тытунёвага кіёска.

Я купіў пачак «БТ», Мар'ян вінавата ўсміхнуўся і папрасіў пачак «Шыпкі».

— Кінуў бы ты гэта, Мар'яне, — сказаў я. — Дальбог, кінь.

— Слабасць клятая! Ды я адну-дзве ў дзень буду.

— І я б на вашым месцы кінуў, — сказаў павучальна «брыгадзір Жэрар». — Вось сябар ваш — ён жа здаравенны, не раўнуючы першэрон ці брабансон, прабачце, таварыш Косміч. А я і яму раіў бы кінуць. Кропля нікаціну забівае, да вашага ведама, каня.

— Я не конь, — сказаў Пташынскі.

— Бачу. На пазногці зірніце. У блакіт аддаюць.

І раптам усхадзіўся. Дастаў з кішэні металічную таўлінку*.

* Пляскатая табакерка (часцей з бяросты, рэдка — металічная) для табакі (нюхальнага тытуню).

— Хочаце, я вам замест гэтай дрэні табаку даставаць буду. Нюхаць. Сам праціраю.

Ён зарадзіў у кожную ноздру па здаравеннай порцыі зеленаватага пылу.

Праз секунду гармата моцна ўдарыла, і Пахольчык закруціў носам.

— Аж уваччу пасвятлела… Улічыце, камерцыю падрываю. Сваю ж. Але здароўе чалавека за ўсё даражэй, як казаў стары рымлянін Гіпакрат. А тое, што вам скажуць, што слізістую абалонку сушыць, што сухі катар будзе, — гэта глупства пана бога — даруй ён мне і злітуйся… То як?

— Не ўжо, — сказаў Мар'ян.

— Глядзіце, — сказаў Пахольчык, падаючы яму «Шыпку». — Як надумаеце — прыходзьце. Дастану. І не «Пчолку», халера на яе, а сапраўдны.

На рагу мы развіталіся.

— Калі не з'еду ў Вільню на пару дзён, то заўтра зайду, — сказаў ён.

— Заходзь.

— Шкада, што нельга тую кнігу распатрашыць. Можа, у вокладцы заклеена нешта?

— Не. Вокладка тых жа часоў.

— Чорт яго! У галаву не лезе, што б гэта магло быць.

Перайшоўшы вуліцу, ён павярнуўся і ўзняў руку.

— Бывай!

Я прыкурыў, а калі зірнуў яму наўздагон, яго ўжо не было відаць у раптоўным снежным зарадзе, які абурыўся на горад.


РАЗДЗЕЛ V ЧАЛАВЕК ЗНІК

Перейти на страницу:

Похожие книги

Лабиринт Ванзарова
Лабиринт Ванзарова

Конец 1898 года. Петербург взбудоражен: машина страха погибла, нужно новое изобретение, выходящее за границы науки. Причина слишком важна: у трона нет наследника. Как знать, возможно, новый аппарат пригодится императорскому двору. За машиной правды начинается охота, в ходе которой гибнет жена изобретателя… Родион Ванзаров единственный из сыска, кому по плечу распутать изощренную загадку, но сможет ли он в этот раз выдержать воздействие тайных сил и раскрыть замысел опасных преступников?Антон Чиж – популярный российский писатель детективов. Его книги изданы общим тиражом более миллиона экземпляров. По остросюжетным романам Антона Чижа были сняты сериалы «Агата и сыск. Королева брильянтов» и «Агата и сыск. Рулетка Судьбы». Писатель в 20 романах создал, пожалуй, самых любимых читателями героев исторических детективов: Родиона Ванзарова и Аполлона Лебедева, Алексея Пушкина и Агату Керн. Острый, динамичный, непредсказуемый сюжет романов разворачивается в декорациях России XIX века. Интрига держит в напряжении до последней страницы. Кроме захватывающего развлечения, современный читатель находит в этих детективах ответы на вопросы, которые волнуют сегодня.

Антон Чижъ

Исторический детектив