— Што з табой? — трывожна запыталася маці. Ружа Сарона перадыхнула і зноў стрымала дыханне. Маці раптоўна засунула руку пад коўдры і выпрасталася. — Місіс Уэйнрайт! — крыкнула яна. — Даражэнькая місіс Уэйнрайт!
Маленькая тоўстая жанчына пайшла па вагоне да іх.
— Вы клікалі?
— Гляньце! — Маці паказала на твар дачкі. Ружа Сарона прыкусіла ніжнюю губу, на лбе ў яе выступілі кропелькі поту, вочы блішчалі ад жаху.
— Відаць, пачынаецца, — сказала маці. — Раней часу.
Ружа Сарона глыбока ўздыхнула і расслабілася. Яна расціснула зубы і заплюшчыла вочы. Місіс Уэйнрайт нахілілася над ёю.
— Цябе ўсю схапіла — адразу? Глядзі на мяне, адказвай. — Ружа Сарона квола кіўнула галавой. Місіс Уэйнрайт павярнулася да маці. — Так і ёсць, — сказала яна. — Пачалося. Раней часу, кажаце?
— Можа, гэта ад гарачкі.
— Ёй трэба ўстаць. Няхай трохі паходзіць.
— Яна не зможа. У яе сілы няма.
— Але ж трэба, трэба. — Місіс Уэйнрайт паспакайнела, трымалася строга і дзелавіта. — Я не ў адной прыняла, — сказала яна. — Ну так, давайце прыкрыем дзверы. Каб не было скразняку. — Абедзве жанчыны налеглі на цяжкія дзверы і засунулі іх, пакінуўшы нешырокую шчыліну. — Зараз прынясу і нашу лямпу, — сказала місіс Уэйнрайт. Твар у яе гарэў ад узбуджэння. — Эгі! — крыкнула яна. — Адвядзі адсюль малых, займіся імі.
Маці згодна кіўнула галавой.
— Правільна. Руці! Пайдзіце з Уінфілдам да Эгі. Ну, хуценька!
— А чаму? — запыталіся дзеці.
— Таму што так трэба. У Разашарны будзе дзіця.
— Я хачу паглядзець, ма. Ну дазволь.
— Руці! Ідзі зараз жа. Хутчэй! — Калі гавораць такім тонам, спрачацца не даводзіцца. Руці і Ўінфілд нехаця папляліся ў другі канец вагона. Маці запаліла ліхтар. Місіс Уэйнрайт прынесла сваю лямпу-«маланку», паставіла яе на падлогу, і круглы язычок полымя ярка асвятліў вагон. Руці і Ўінфілд прытаіліся за кучай сухога галля і асцярожна вызіралі адтуль.
— У яе дзіця народзіцца, і мы ўсё ўбачым, — шапнула Руці Ўінфілду. — Ты стой ціха, а то ма не дасць нам глядзець. Калі яна гляне ў наш бок, ты затаіся за суччам. Мы ўсё ўбачым.
— Мала хто з дзяцей гэта бачыў, — сказаў Уінфілд.
— З дзяцей ніхто не бачыў, — з гордасцю заявіла Руці. — Толькі мы ўбачым.
А каля ярка асветленага лямпай матраца маці раілася з місіс Уэйнрайт. Даводзілася гаварыць голасна, бо па даху гулка барабаніў дождж. Місіс Уэйнрайт выняла з кішэні фартуха кухонны сякач і засунула яго пад матрац.
— Можа, і дарэмна гэта, — прабачлівым тонам сказала яна. — У нас заўсёды так рабілі. Але шкоды таксама ніякай.
Маці кіўнула галавой у знак згоды.
— А мы клалі лямеш. Але гэта ўсё роўна, абы востра было, каб схваткі абрэзала. Дай бог, не доўга будзе мучыцца. Ну як, крыху палягчэла?
Ружа Сарона нервова кіўнула галавой.
— Пачынаецца?
— Канешне, — адказала маці. — Народзіш добрае дзіця. Ты толькі нам памажы. Можаш падняцца і трохі пахадзіць?
— Паспрабую.
— Вось разумніца, — пахваліла місіс Уэйнрайт. — Ну што за разумніца! Мы цябе падтрымаем, золатка. Мы з табой паходзім.
Яны памаглі ёй падняцца і закалолі шпількай коўдру, накінутую на плечы. Потым маці падхапіла яе пад руку з аднаго боку, а місіс Уэйнрайт з другога. Яны падвялі яе да кучы сучча, паволі павярнулі і пайшлі назад, і так некалькі разоў, а дождж моцна барабаніў па даху.
Руці і Ўінфілд нецярпліва сачылі за імі.
— А калі яна пачне раджаць? — запытаўся Ўінфілд.
— Ш-ш!.. А то пачуюць і прагоняць нас.
Да іх далучылася Эгі, стала за суччам. Святло лямпы падала на худы твар і бялявыя валасы Эгі, а на сцяне скакаў цень ад яе галавы з доўгім вострым носам. Руці прашаптала:
— Ты калі-небудзь бачыла, як родзіцца дзіцяня?
— А то, — адказала Эгі.
— А хутка ўжо?
— О не, не хутка.
— Усё ж калі?
— Можа, толькі заўтра раніцай.
— Гэ! — сказала Руці. — Тады і падглядаць цяпер няма чаго. Ой! Гляньце!
Яна ўбачыла, што жанчыны раптам спыніліся, Ружа Сарона ўся напялася і застагнала ад болю. Яе паклалі на матрац і выцерлі ёй лоб, а яна толькі пакрэктвала, сціскаючы рукі ў кулакі. Маці ціха супакойвала яе:
— Нічога. Усё будзе добра, будзе добра. Сцісні рукі. Цяпер губу прыкусі. Вось так, вось так.
Схваткі спыніліся. Ёй далі крыху паляжаць і зноў паднялі, і ўсе трое сталі хадзіць узад і ўперад, узад і ўперад, перапыняючыся на час схватак.
Бацька прасунуў галаву ў шчыліну дзвярэй. З капелюша збягала вада.
— Чаго гэта вы дзверы засунулі? — запытаўся ён і ўбачыў жанчын, якія хадзілі сюды-туды па вагоне.
Маці сказала:
— Яе час прыйшоў.
— Значыць… хочаш не хочаш застаёмся.
— Ага.
— Значыць, трэба рабіць плаціну.
— Трэба.
Бацька вярнуўся, плюхаючы па гразі, да рэчкі. Вада паднялася па беразе на чатыры цалі вышэй яго вешкі. Каля рэчкі пад дажджом стаялі дваццаць чалавек. Бацька крыкнуў ім:
— Давядзецца рабіць плаціну. У дачкі маёй схваткі. — Яго акружылі з усіх бакоў.
— Родзіць?
— Ага. Цяпер мы не зможам ехаць.
Высокага росту мужчына сказаў:
— Родзяць не ў нас. Нам ехаць можна.
— Канешне, — сказаў бацька. — Вам можна. Едзьце. Вас ніхто не трымае. Рыдлёвак усяго восем штук.