Читаем Імя грушы полностью

Ледзьве мы падзяліліся разлікамі спадара Ляхоўскага з зацікаўленымі асобамі «Дасканалага Крывіча», а тыя збольшага пагадзіліся, па Менску ў неакрытай бессаромнасці прайшла чаговая почутка пра яшчэ два жорсткія, як высвятлялася, забойствы. Дзесь на рагу ці паблізу рога Глухой вуліцы і дарогі на Заслаўе знайшлі адну бядачку. А ля лукі Свіслачы поруч з Мала-Татарскай – другую. Дзеўчыны, як сказаў прыяцель спадарыні Яроцкай, што служыў паліцэйскім лекарам, былі абсалютова голыя. Забойца быў праўдаістым адлюдкам. Я моршчыла лоб і старалася не слухаць, каб лішні раз не ўражваць сябе. Не атрымлівалася, я слухала, адчувала, як апавядальнік пахне фармалінам, па-блюзнерску думала: «Як Светаліна з ім цалуецца?» і мяне мала не пачынала мліць. Pathologoanatom заўважыў гэта і прыгадаў показку пра пана Марцінкевіча, які кінуў у юнацтве медычныя студыі, бо не вытрываў першага ж наведання анатамічкі. Спадарыня Галавацкая, якая за Вайніславам яўныя таскноты мела, у каторы раз дала вольку эмоцыям. Сядзеўшы перад тым, нібы камень, збоку ад усіх, яна счавіла гронкі свайго гневу і журбы ды ўсклікнула:

– Якія могуць быць такой часінай жарты?! Дзяўчаты гінуць ні за гелер! Шлындае па горадзе ганебны вырадак, і ніхто яго не ловіць! А зніклыя людзі?!

– Чалавек, – паправіла Каміла Свентаржэцкая.

– Ды ён адзін дзесяцёх варты! – натужна працягвала Ірэна. – Які толк з таго ліста, што вам перадалі, калі чалавек так і не аб’явіўся? Дый баюся, паперчына ваша – фальшыўка. У Мінску па-свінску. Атрымалі цыдулку і супакоіліся. А ці знайшлі вы хоць след таго, што ён жывы?! Вы ж не шукалі. Дзяўчынкі каснічкі ў косы ўплялі… Ды не можа цяпер быць супакою! Не-мо-жа! Кепска ў Менску, пане Каранеўскі!

Не трэба спачываць на дзядоўніку аблуды. Як хочаце сабе, а я бяруся за пошукі Вайніслава…

– Не хвалюйцеся, пані Ірэна, – паспрабаваў уклініцца ў ейны маналог мой нарачэны, – мы ўсе заклапочаны з прапа…

– Ён мой! І ніхто лепш ад мяне яго не будзе… – спадарыня Галавацкая пачала досыць горка плакаць, што зноў жа сталася іспытам для мяне: як самой не зарумзаць следам за ёй. Але тым часам Каміла, каб суцішыць агульную напругу заспявала сумную беларускую баляду:

Ляцелі дзікія лябедзі
Ой, да к Уле рацэ.Змуцілі дзікія лябедзіВоды ў Уле рацэ.

Гэта быў праўдзівы гімн беларускае стараны. І калі б зараз спадары Луцкевічы з грамадою абвясцілі Беларускую Дзяржаву, я адразу ж прапанавала б гэтую песню на месца самай галоўнай. Уяўляю твар Лук’яна Саланевіча вымушанага спяваць па-беларуску! Зрэшты сённяшні беларускі рух троху не тудою пайшоў, і блутанка іхная дасца ім яшчэ ў знакі. Не датрымліваюць aurum mediacritas, пра якую кажуць.

Потым супольным роздумам мы вырашылі знайсці месца, дзе 3 марца 1067 года адбылася лютая нямігская сеча. Супраць былі Галавацкая і Вінцэнт Скавыш. Спадар Вінцэнт патрапаў сваю густую бараду і сказаў: «А што вы там збіраецеся шукаць?». Ніхто не здолеў даць яснага аргументаванага адказа. Што магла даць нам тая мясціна? Можа па наіўнасці якой мы спадзяваліся адкрыць там мярлог забойцы? Ці нават самога Бабая? Запал ахалонеў. Мы трапілі ў тупік. Трэба было некуды ісці. Але куды, не ведалі.


Ад крыкоткай безвыходнасці я апала ў меланхолію, якая марскім зверам душыла мяне, хаця мора плёскалася дзесь дужа а дужа далёка ад Менску, і не бачылася ані дарог, ані мастоў, што прывялі б мяне туды. З меланхоліяй было цяжка спрачацца, але я ўсё ж старалася, як толькі магла. І, як не магла, таксама старалася. Аднойчы, седзячы ля вакна, я цікавала за вуліцай. Проста глядзела праз шыбку. Нейкі спадар крочыў у бок Саборнай плошчы, трымаючы пад пахай ладны фаліянт. З няведамай прычыны (можа і ад майго млявенькага вока) ён спатыкнуўся і упусціў сваю ношку. Кніга, упаўшы долу, разгарнулася нябачнымі таямніцамі. Я, быццам Архімед у лазні, крыкнула: «Эўрыка!» і рушыла да шафы з кнігазборамі маёй хроснай. Мне прыгадаўся спосаб варажбы па нечытаных кнігах. Заставалася ўзяць з паліцы першую-лепшую, разгарнуць наўздогад і тыцнуць пальцам, задаўшы папярэдне, як мага больш ёмістае пытанне. Ці маё пытанне было ёмістым, не ведаю, але яно цалкам адпавядала становішчу ператруханых думак: «Што рабіць?». Заплюшчыўшы вочы, я намацала ў кніжнай дружыне адну і ўчыніла названыя маніпуляцыі. «– Пакіньце, мілая, калі ласка, не трэба цырымоніяў, – абвесціў Мілавідзін», – цвердзілі радкі з рамана пана Фадзея Булгарына «Іван Выжыгін». Я пяць-дзесяць хвілін не магла адбіцца ад навальнага смеху, каторы ўрэшце перамяніўся плачам, што завёў мяне ў непрытомнасць. Надта ж тыя словы мне нагадвалі кагосьці…

Перейти на страницу:

Похожие книги