Некаторыя расійскія даследчыкі (напрыклад, В. Калашнікаў), паўтараючы заходніх, гавораць пра магутную цывілізацыю мудрых змеяў-цмокаў (драконаў), якія паступова выміралі (але існавалі ў асобных экземплярах нават у гістарычную эпоху) і былі заменены такімі самымі мудрымі ваўкамі і сабакамі [45, 24]. Безумоўна, гаворка ідзе пра міфалагічных істот, хоць не выключана захаванне дыназаўраў ці, як пісалі летапісы, «каркадзілаў» у глухіх месцах Еўразіі, у тым ліку, паводле сцвярджэння акадэміка Б. Рыбакова, у балотах Палесся. А ў міфалагічнай свядомасці, на нашу думку, захавалася ўяўленне пра пераемнасць цывілізацый, пра нейкую роднаснасць змеяў і ваўкоў. Так, першапродак сербскага народа называўся Змей Агнявы Вук (Воўк). Наш Усяслаў Чарадзей, што лічыўся ваўкалакам, нарадзіўся, паводле падання, ад Агнявога Цмока. Ніхто з даследчыкаў, здаецца, яшчэ не звярнуў увагу на тое, што ў чарадзейных казках сабакі (хорты) вельмі часта суправаджаюць цмокаў, падказваючы апошнім стратэгію дзеянняў. Атрымоўваецца, што прадстаўнікі маладой культуры — сабакі — разумнейшыя за дэградантаў заняпалай, адміраючай цывілізацыі драконаў, хоць у Кітаі драконы і сёння лічацца вышэйшымі істотамі.
У выніку ганаровым было весці свой род ад ваўкоў і сабак. Звычайна такога кшталту паходжанне мелі багі, цары і волаты. Напрыклад, «сабачымі дзецьмі» былі герой ірландскага эпасу Кухулін і мангол Бадангар — продак Чынгісхана. Ваўка-сабаку ў старажытнаславянскай мове называлі хортам і, на нашу думку, ён меў дачыненне да сонечнага бога Хорса. Нездарма ў «Слове пра паход Ігараў» Усяслаў-ваўкалака і Сонца-Хорс згадваюцца побач.
У адной з работ мы імкнуліся давесці, што беларускія міфалагічныя сабакі Стаўры і Гаўры таксама мелі дачыненне да багоў ці былі самі ўвасабленнем багоў. Стаўры мы звязваем са Стрыбогам. Гэта адзін з самых таямнічых багоў, які ўваходзіў у пантэон 980 года князя Уладзіміра. Тлумачэнняў імені Стрыбог шмат, але прывядзём і сваё. Вядома, што імёны вярхоўных багоў індаеўрапейцаў мелі некалькі эпітэтаў. Ныпрыклад, у скандынаўскага Одзіна іх было дванаццаць. Тое ж датычыць усходнеславянскага Сварога. Яго імя сустракаецца ў шматлікіх пісьмовых крыніцах, і таму існаванне бога ў міфалогіі не выклікае сумнення. Стрыбог, відаць, — яго эпітэт, пад якім ён і ўвайшоў у пантэон. Эпітэт меў на ўвазе, што Сварог — бацька трох багоў (прыстаўка «с» ва ўсіх старажытных словах раней азначала «се» — «гэты», а марфема «тры» ў імені — і ёсць лічба). Сапраўды, Сварожычамі, інакш кажучы, сынамі Сварога, нашы продкі называлі трох багоў — Перуна, Дажбога і Агонь, дваіх нябесных і аднаго зямнога — зрэдку яны атаясамліваліся. Магчыма, у іпастасі сабакі выступаў і сам бог Стрыбог-Сварог. Ва ўсялякім разе, вызначыць у календары для ўшанавання памяці спецыяльны дзень (як было ў беларусаў у дачыненні да названых сабак) можна толькі для бога — няхай і такога архаічнага, як Сварог-Стрыбог.
Такім чынам, першыя літары імені Стаўры паходзяць ад бога Стрыбога, а наступныя дзве марфемы маюць, бясспрэчна, гукапераймальны характар — нагадваюць пра, так бы мовіць, «гаворку» самога сабакі. Яшчэ ў большай ступені з гукаперайманнем звязана, як быццам, імя Гаўры. Але мы лічым інакш. Гаўры мы выводзім ад імені Га — самай старажытнай багіні не толькі славянскага, але індаеўрапейскага пантэону. Імя не сустракаецца ў пісьмовых крыніцах (акрамя старажытнаегіпецкіх) і ў фальклоры — мы рэстаўруем яго на аснове выключна лінгвістычных і міфалагічных дадзеных, улічваючы вялікую колькасць важных слоў і імёнаў міфалагічных персанажаў з першапачатковай марфемай «га» ў еўрапейскіх і азіяцкіх народаў. Так, у нашых суседзяў літоўцаў Габія — надзвычай шануемая багіня хатняга ачага, агню [27, 254]. Га ў першаславянаў — тое ж, што Гея ў грэкаў, — Вялікая Багіня, сама планета Зямля, Маці ўсіх іншых багоў. Гея — жонка Урана-Неба. Так і ў нас Га — жонка Неба-Сварога-Стрыбога. Натуральна, адной з яе іпастасяў мог быць сабака, як і ў нябеснага бога. Такім чынам, беларусы пэўнага рэгіёну (Краснапольшчыны) захавалі памяць пра найбольш старажытных славяна-балцкіх багоў — шлюбную пару Га і Сварога. Безумоўна, гэта гіпотэза, але ў жанры культуралагічнага эсэ часам можна сабе дазволіць выказацца больш смела, чым у навуковым артыкуле.
Бязмежнае поле для фантазіі даюць і казкі. Шэры Воўк, што згадваецца ў славянскіх чарадзейных казках, на нашу думку, — не свойская жывёла, упершыню прыручаны сабака, і не татэмны продак. Воўк бяжыць, быццам ляціць; ён намнога разумнейшы за чалавека, шмат што прадбачыць наперад, ведае, напрыклад, што Воран ахоўвае мёртвую і жывую ваду. Магчыма, казачны воўк — і не жывёла зусім, а магутны бог-пярэварацень, напрыклад, Купала-Апалон. Апалона грэкі часта называлі Лікейскім, што азначае — Ваўчыны. У тых жа грэкаў сабакі суправаджалі надзвычай аўтарытэтных багоў — Асклепія (Эскулапа), сына Апалона, і Гермеса (Меркурыя).