але тут міжволі позірк яго машынальна затрымаўся на руках більярдыста, бо зблізу ён ясна разгледзеў на лакцявых згібах так званую «дарогу» — сляды ад шматлікага карыстання шпрыцам, і адразу з яго вачэй нібы ўпала заслона: гэты Эмір таксама мог быць кліентам у тым фралоўскім доме — здагадка выклікала пачуццё няёмкасці ад зробленага ім учынку, але більярдыст, сказаўшы толькі нядбайна
справы знянацку не вырашаюцца, зразумей, а пакуль расход, я падумаю, прыходзь дні праз тры
знік у памяшканні, а Даніла Прусак адабраў у даўнёнка напалову пустую бутэльку і павёў таго дамоў, абдумваючы, дзе тут была няўвязка, і згаджаўся сам з сабой: сапраўды, так не робіцца, ну, няхай нават тыя блатныя і не ездзяць па вечарах па «шмаль» да чужынцаў — усё роўна ён на іх як з каня зваліўся, адкуль таму Эміру ведаць, хто ён і што, і чаму яны адразу павінны даць яму веры, ну пастаў ён сябе на іх месца, але тут яго думкі трывожна пераскочылі на тое, што час, які яму далі на адпачынак, заканчваецца, а ён, па сутнасці, нічога не вырашыў, бо ў доме недагледжанае дзіцё, сам дом таксама патрабуе прысутнасці гаспадара, а ў сталіцы застаўся сын, якому, пэўна, няма розніцы — ёсць дома бацька ці не, а ўрэшце, хто яго ведае, што хаваецца часам у яго галаве, хаця цяпер галоўнае не гэта, а смерць сястры Любы і напад на яго самога мінулай ноччу, — за ўсім за тым ён падсвядома адчуваў прыхаваную і нябачную звонку, але мэтаскіраваную, напорыстую і акрэсленую волю, якая перакрыжавалася з яго воляй і ўступіла з ёй у адзінаборства, хаця, па сутнасці, і адзінаборства тут не мела месца, бо з чым ён пакуль змагаўся і чаму супрацьстаяў — хіба туману, цемры: ўрэшце, гэта хісткасць і няйнакш падземная нябачнасць больш за ўсё непакоілі яго, і Даніла Прусак зноў думаў пра гэта, пакуль ішоў па цэнтральнай вуліцы, аглядаючы правалы каналізацыйных люкаў, абшарпаныя, з аблупленай тынкоўкай сцены дамоў, спілаваныя ствалы дрэваў, якія ў беспарадку валяліся ля абочын, і ўвесь бруд і хлам, што выкідвалі па начах у закуткі, а потым пацягнулася другарадная вуліца, што вяла ў бок яго дома, — з пахіленымі гнілымі парканамі і развешанымі там-сям на іх старадаўнімі лозунгамі і рэкламнымі малюнкамі свіней і кароў, а даўнёнак плёўся побач, боўтаў рэшткамі вады ў бутэльцы і хныкаў
мамамамамама
а калі апынуліся ў сваім завулку, падабраў з зямлі выкарыстаны аднаразовы шпрыц, што, пэўна, выкінулі з акна аўтамабіля, і мужчына ледзь не ўпершыню накрычаў на яго і забараніў падбіраць з зямлі ўсе вострыя і колючыя рэчы, і казаў
ніколі не чапай гэтага, малы, зразумеў?
і хлопчык ківаў круглай галавой са светлым пухам валасоў, што накшталт німба абрамлялі верхнюю частку яго твару
зразумеў, Даня
гаварыў ён, і раптам успамінаў тужліва
ПіляПіляПіляПіля
і туліўся бліжэй да мужчыны, бо яны ўжо падыходзілі да свайго дома, дзе была прастора дзяцей ілжэбежанцаў, — тыя звычайна паўсюдна шнырылі тут, закідваючы дробным каменнем усіх іншых малалетак, якія рызыкавалі праходзіць паўз іх, а вуліцу і некалькі суседніх яны лічылі ўжо цалкам сваей тэрыторыяй, але на гэты раз ля фралоўскага дома было нязвыкла ціха і нават іншамарак не было бачна, стаяў толькі шэры «уазік» з брызентавым верхам, а калі Даніла Прусак наблізіўся, то пазнаў па серыі МБК нумар міліцэйскай машыны, а непадалёку ад яе, бліжэй да яго, скупіліся некалькі жанчын, сярод якіх былі і мясцовыя і тыя, што жылі ў фралоўскім доме, — апошнія выдзяляліся рэзкімі акцэнтаванымі галасамі, і, праходзячы паўз усіх, Даніла пачуў
Манюкаву Рэгіну згвалцілі ў вашым, Даніла, хлеўчыку
а гаварыла гэта адна з мясцовых жанчын, што жыла крыху вышэй, яе дом месціўся якраз за Манюкавай сядзібай, Даніла Прусак не мог успомніць яе прозвішча, а яна працягвала
так, згвалцілі, а хто, — назваць не можа, пэўна, напаілі чымсьці, не памятае нічога, от бацькам гора
і Даніла з хлопчыкам спыніліся і выслухалі навіну, а жанчына гаварыла ўжо ім у спіну
збілі так, што, кажуць, галавой кранулася
чуў наўздагон Даніла Прусак, а калі зайшоў у свой двор, убачыў, што на фралоўскім пляцы стаяць міліцыянты, і двое з іх адразу пайшлі да яго цераз мяжу — плот быў зноў павалены, а калі наблізіліся, моўчкі накінуліся на яго і зашчоўкнулі на руках наручнікі.
V. Уцёкі
З хвіліну мужчына па прозвішчу Даніла Прусак супраціўляўся, і ўтрох міліцыянты не маглі даць рады, каб упіхнуць яго ў машыну, але адзін з іх ухапіў з пярэдняга сядзення дубінку і з размаху абрынуў яе яму на патыліцу, пасля чаго яго ўцягнулі ўнутр, і машына, рыкнуўшы маторам, ірванула з месца, і тут Даніла Прусак выслізнуў з кароткага бяспамяцтва, зірнуў у задняе шкло і якраз убачыў хлопчыка, які бег следам, і як паступова, па меры таго як машына аддалялася, меншылася яго постаць, і зноў пачаў вырывацца, але адна рука яго ўжо была прыкавана наручнікамі да спінкі сядзення, і ён зразумеў, што ўсё марна і што невядома адкуль і ў якіх памерах, але прыйшла бяда, і сказаў, беручы сябе ў рукі і змушана расслабляючыся
куды вы мяне, па якому праву і ці надоўга?
патлумачыўшы нервова
там жа дзіцё засталося, вы ж бачылі на дарозе