трапіў ён у неабароненае месца, бо следчы Кузін засяроджана падціснуў вусны, і ў вачах яго мільганулі іскры непрыхаванай нянавісці, пасля чаго ўсталявалася паўза, і ў гэтай паўзе Даніла Прусак жахнуўся ў думках — па краі якой бездані ён ідзе і як мала добрага чакае яго наперадзе, а калі, крый божа, той мацак-эксгібіцыяніст, які напаў на яго на пляжы, памрэ, — тады след прывядзе толькі да яго, Данілы Прусака, тут ужо яны поўнасцю раскруцяць Вольгу-Алесю, трэба ж было ей менавіта ў той дзень прывалачыся на пляж, і ў іх цяпер цэлы месяц, каб зламаць яго, а ён у СІЗО навічок, Кузін мае рацыю, хаця Кліма Фралова і сацыяльная прыналежнасць да блатароў не выратавала, — значыць, меркаваў ён, у яго вельмі абмежаваны час на тое, каб выслізнуць адсюль, інакш сапраўды яму гамон, калі ўжо справа пайшла на інтарэс, а інтарэс, пэўна, не малы, бо вакол усяго гэтага вузла круцяцца вялікія грошы, а там, дзе грошы, — там заўсёды здрада і кроў, і дадаў
ці вызваляйце мяне, ну, хаця б пад падпіску аб нявыездзе, ці дайце магчымасць пабачыць пракурора — то ж мае права
але следчы Кузін падумаў, акуратна загарнуў папку на стале і выціснуў
пакуль пабудзеце ў нашым гатэлі, а там пабачым
алчыніў дзверы і сказаў у калідор, звяртаючыся да міліцыянта
вазьмі каго яшчэ, і адвядзіце яго ў адзіночку, там ужо закончылі з рамонтам?
і вязень пачуў, як міліцыянт адказаў
замкі паставілі