Мне хацелася казаць упэўнена і горача, настойліва, важка і грунтоўна, а атрымалася бездапаможнае лепятанне, і я нічога, нічога не мог зрабіць са сваім голасам — ён не слухаўся мяне. Я змоўк на імгненне, удыхнуў — выдыхнуў паветра і прымусіў сябе вымаўляць літаральна па адным слове:
— Я ўпэўнены. Федарукі нарадзілі тое дзіця, якое памерла. Дзіця Насці Грыцук забрала Вольга Федарук. Знікла ў невядомым кірунку. Трэба. Правесці. Дзве генетычныя экспертызы.
Я не ведаў Тамару. Далібог, я прадбачыў, якую рэакцыю можа выклікаць маё супраціўленне, але ніяк не чакаў, каб Тамара, гэты прафармалінены канцыляршчынай сухар, раптам ператварылася ў самую звычайную жанчыну, якая невядома чаму нацягнула на плечы службовы фрэнчык з пагонамі. Ці то цень ад акна так упаў, ці то падалося, як высахлыя Тамарыны шчокі ўраз бездапаможна абвіслі, куточкі рота папаўзлі ўніз, вочы напоўніліся бабскім вільготным сумам.
— Сядзь бліжэй, — папрасіла Тамара, пацягнулася ў стол і дастала бутэльку, потым чаркі. Наліла сама ў дзве, тут жа выпіла адну. Нейкі ўнутраны супраціў стрымаў мяне, я не ўзяў сваёй. Тамара быццам не заўважыла майго жэста.
— Ведаеш, што б я змяніла, каб была Богам? — спытала яна і, не чакаючы адказу, працягнула: — Я б так зрабіла, каб вы, мужыкі, таксама нараджалі.
Я маўчаў.
— Тады б вы ведалі значэнне дзіця для маці. Чаго мне каштавала выбіць грошы ў мінулым годзе на генетычную экспертызу па згвалтаванні! А цяпер ты прапануеш патраціць шалёныя грошы, каб адабраць здаровае дзіця ў здаровай маці? І куды яго пасля? У дзіцячы дом? Так?
Тамара не абвінавачвала, не злавалася, яна дакарала, бы маці неразумнага сына. Наліла яшчэ раз сабе на донца, даліла ў маю некранутую чарку. Зноў, не прапаноўваючы мне, выпіла. На гэты раз я ўзяў чарку, пакруціў у руках і пасля зрабіў глыток.
— Ну, чаго ты маўчыш, Васіль?
— Бо няма чаго казаць, — я зноў адпіў і загаварыў больш смела: — Я павінен падпарадкоўвацца закону.
— А я — д’яблу? — хмыкнула Тамара. — Ёсць рэчы, якія вышэй за закон. Дзіцячыя жыцці, напрыклад. Бяры паперы, афармляй. Сам ведаеш.
Яна пачакала, пакуль я забяру аркушы, і наліла яшчэ:
— Як там: трэці за каханне? Дык во, слухай, я табе скажу пра каханне, Васіль… — неяк нязвыкла працяжна стала гаварыць Тамара, і я прысвіснуў у думках: а яна ж ап’янела!
— Слухаю вас, Тамара Сяргееўна, — як мог пачціва адгукнуўся.
— Вось, пра каханне. — Тамара трымала чарку перад сваімі вачыма, пагойдвала яе, сачыла пільна за калыханнем налітага каньяку. — Я табе так скажу. Ты, магчыма. Не, ты, канешне, зразумееш. Але не цяпер. Пасля. Як ажэнішся і прычакаеце дзіця. І ты тады зразумееш жанчыну настолькі, каб уцяміць: зараз я ўсё зрабіла правільна. Ідзі. Ага, стой яшчэ. Мне на пенсію хутка. Не пакрыўджуся, калі паскардзішся на мяне. Але. па-жаночы прашу: падумай і не рабі. Пасля дзякаваць будзеш.
Да канца рабочага дня я корпаўся з паперамі. Сказаць каму з боку, дык і не павераць, што ў справе следчага больш за тры чвэрці ад усёй работы — паперы. І як ні стараўся адагнаць ад сябе прыкрасць, яна не праходзіла. Раз-пораз абурэнне ўспыхвала ўнутры, замінала пісанню, не давала як след сканцэнтравацца. Даводзілася па некалькі разоў перачытваць напісанае, каб вымучыць з сябе наступную фразу. Але ўрэшце рабочы настрой перасіліў крыўду. Хіба адно не адпускала, вярэдзіла: было нешта значнае ў словах Тамары пра будучыя мае веды, ці то — звычайнае п’яное бурчание начальніцы, якая лічыць мяне нявопытным дзіцяцем? Што там такога больш складанага ў жанчыне, чым у мужчыне? Усе мы людзі.
Доўгая папяровая работа ўсё ж вярнула мне супакаенне і разважлівасць. Я быццам зноў апынуўся ў сваёй роднай і звыклай плыні спакойнай вады, і тут было бяспечна, не было віроў, я ведаў пра чыстае недалёкае дно і блізкі надзейны бераг. Просіць Тамара па-жаночы не звяртацца вышэй? Ну а я па-мужчынску і паслухаўся б. Але я следчы. Мая адзіная задача — адшукаць сапраўдныя прычыны ўчынкаў і іх вынікі. Мараль — у бок. Няхай, хто хоча, той і бярэ на сябе адказнасць вырашаць лёс хоць таго ж дзіцяці. Суддзя, урэшце, на тое ёсць. Вось яму, суддзю, я і выкладу факты — дзе чыё дзіця. І аднаўлю карціну смерці Насці Грыцук без вясковай казкі пра вядзьмарскія ператварэнні і ліпавых паказаннях пра любошчы пад месячыкам.
Была чвэрць на шостую, я заварыў сабе кавы, маючы намер пасядзець яшчэ з гадзіну і закончыць. Нечакана загуў вібрасігналам і варухнуўся на патрэсканай паліроўцы стала мабільнік. Зірнуў і са здзіўленнем націснуў кнопку адказу: тэлефанавала Ганна Латышонак.
— Вельмі прашу прабачыць мне, — павінілася дзяўчына. — Але вы казалі, як нехта нешта ўспомніць. Вось, я хачу з вамі падзяліцца, хоць, магчыма, і дробязь, але яна непакоіць мяне.
— Дзякуй за званок, Ганна, — падбадзёрыў я дзяўчыну. — У дробязях хаваецца д’ябал, таму нічога лішняга не будзе, калі яно звязана са смерцю Насці Грыцук. Што вы хочаце расказаць?
— Расказаць. І перадаць.
— Перадаць? — не змог я стрымаць усхваляванасці.
— Мой сябра настойвае, каб я. не размаўляла з вамі на гэту тэму па тэлефоне.