Читаем Палескiя рабiнзоны полностью

Зноў пачалі шморгаць лукам. Цяпер ужо цягаў Мірон, а Віктар прыціскаў палку каменем. І калі ўжо здавалася, што вось-вось пакажацца дымок, камень саслізнуўся і машына павалілася набок.

На гэты раз ужо Мірон не вытрымаў:

— Выходзіць, на які ўчастак цябе ні паставіць, заўсёды там будзе аварыя.

— Ды хіба ж я хацеў? — пакорна апраўдваўся Віктар.

Мірон і сам ведаў, што Віктар не вінаваты, таму нічога болей не сказаў.

Зноў пусцілі машыну. І вось, нарэшце, паказаўся дымок!..

— Ура! Давай, давай яшчэ! — закрычалі хлопцы, як вар'яты.

Дымок павялічваўся, апілкі зачарнеліся і… бліснула іскра!

— Падгарні падпал! Дзьмухай! Дзьмухай!..

Праз хвіліну хлопцы сядзелі ля агню. На тварах іх свяцілася такое шчасце, якога яны ніколі не адчувалі яшчэ ў сваім жыцці. Надыходзіў вячэрні змрок, і ад гэтага яшчэ ўтульней было каля агню.

— Нездарма першабытныя людзі пакланяліся агню, — разважаў Мірон, — нездарма і рэлігіі вядуць пачатак адсюль. Мне самому хочацца маліцца на яго. Усе мы так прызвычаіліся да агню, нам так лёгка здабываць яго, што нам здаецца, нібы гэтак заўсёды было і іначай быць не можа. Толькі ў такім становішчы, як мы, можна добра адчуць, што такое агонь, можна ўявіць, як жылі тыя людзі, што не ведалі яго.

Ён пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Змрок згушчаўся. А разам з гэтым ярчэла святло ад агню.

І Віктар сядзеў нерухома, не зводзячы вачэй з агню. Яны нават на некаторы час забыліся на ежу.

Нарэшце Віктар ускочыў і крыкнуў:

— Навошта ж я тады сырое мяса еў? Ты выкруціўся ад гэтага, а я дарэмна пакутаваў. Не, брат, так нядобра. Ты таксама павінен пакаштаваць.

Ён ухапіў зайца і пачаў соваць яго Мірону ў рот. Пачалася вясёлая тузаніна.

— Пачакай! — крыкнуў Мірон засопшыся. — Ты ж цяпер маеш перавагу. Табе гэта нічога не пашкодзіла, а між тым ты можаш цяпер хваліцца, што ўсё перажыў на сваім вяку, нават сырое мяса еў.

— А што ты думаеш? Яно і сапраўды так, — згадзіўся Віктар. — Ну, давай гатаваць вячэру.

Але зараз жа выявілася, што справа зусім не такая простая: не было нажа! А без яго аніяк нельга было даступіцца да зайца.

— Вось дык задача! — засмуціўся Віктар. — Хоць ты яго цалкам кідай у агонь.

Ён круціў зайца і так і гэтак, пераламаў яму ногі, але больш нічога, вядома, зрабіць не мог.

— Выходзіць, што зноў трэба зубы ў ход пускаць, — сказаў ён. — Але на гэты раз прыйдзецца ўжо табе.

— Пачакай, — адмахнуўся Мірон, — трэба што-небудзь прыдумаць. Можа, які востры камень знойдзецца? Я пашукаю.

Але было цёмна, і можна было шукаць толькі каля сябе.

— Цяпер і я табе магу лекцыю прачытаць, — важна сказаў Віктар. — Вострага каменя ты тут не знойдзеш, бо ўсе каменні нанесены сюды ледавікамі і талай вадой з далёкай поўначы. Па дарозе яны або перацерліся ў пясок, або адшліфаваліся ў круглыя галачкі. Нават больш-менш вялікіх каменняў тут не знойдзеш: яны засталіся далей на поўнач, напрыклад, у Полаччыне.

— Ведаю я гэта, — адказаў Мірон, але ўсё ж поўзаў на каленях і капаўся ў пяску. — Не можа быць, каб аніводнага, нават невялікага каменьчыка не было. А калі ён будзе круглы, дык яго можна разбіць на кавалкі.

Віктар аж засаромеўся: яму ў гэты момант зусім не прыйшла на думку такая простая рэч, што камень можна пабіць. Віктар тады і сам узяўся шукаць.

Доўга прыйшлося ім папоўзаць, пакуль знайшлі невялікі гладкі, крыху сплюшчаны камень. А калі захацелі пакрышыць — дык не было чым і аб што!

— Вось табе і на! — сказаў збянтэжаны Мірон. — Трэба, значыцца, шукаць другі.

Але знайсці другі камень цяпер не было надзеі. Віктар усміхнуўся:

— Не выкруцішся, брат, — грызі зайца!

— А вось паглядзім! — упарта сказаў Мірон, адшпіліў рэмень і ўзяўся за жалезную спражку. — Гэтая штука выратуе. Асабліва, калі яе яшчэ павастрыць аб камень.

— Вось хітры, чорт! — прамовіў Віктар.

Мірон пачаў вастрыць сваю прыладу аб камень, але ён быў зусім гладкі і жалеза коўзалася без жаданых вынікаў. Тады Віктар падбег да балота, зачарпнуў у жменю вады, змяшаў з пяском і прынёс Мірону.

— Вось табе рацыяналізацыя, — сказаў ён.

«Рацыяналізацыя» трошкі дапамагла. Хоць навастрыць спражку, як нож, і нельга было, але канты зняць удалося. Тады выявілася новая бяда: гладкі, закруглены край спражкі так ёмка слізгаў па скуры, што не пакідаў знаку.

— Зноў не тое! — з прыкрасцю вымавіў Віктар.

— Тады зробім, каб было тое, — спакойна адказаў Мірон.

— Якім чынам?

— Пастукаем аб камень, зробім насечкі, каб не слізгала. Так сказаць, па прынцыпу пілы.

— Па прынцыпу пілы-ы! — з жартаўлівай павагай паўтарыў Віктар. — Гэта я разумею.

Спражка пачала драпаць скуру і пакідаць сякі-такі след. Але тут выявіўся новы недахоп: «лязо» было надта кароткім і больш прыходзілася пароць рогам, чым рэзаць ці піліць рабром. А рог акурат быў зусім тупы, прыйшлося цяпер завастрыць яго.

Адным словам, кожны раз выяўлялася, што трэба і можна яшчэ і яшчэ палепшыць прыладу. Нарэшце Віктар сказаў:

— Чаму было нам адразу так не зрабіць? А то цэлую гадзіну ўсё патрошкі выдумваем.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Наследник
Наследник

Ты всего лишь обычный человек? Твоя жизнь тиха, размеренна и предсказуема? Твой мир заключен в треугольнике дом-работа-тусовка?Что ж, взгляд на привычное мироустройство придется немедленно и резко пересмотреть благодаря удивительному наследству, полученному от дальней родственницы, жившей одновременно в XX и IX веках и владевшей секретом удивительных дорог, связывающих эпохи древности и день настоящий.Новый роман А. Мартьянова – классический образец «городской фантастики», где читатель встретится со своими современниками, знаменитыми историческими персонажами, загадочными и опасными существами и осознает важнейшую истину: прошлое куда ближе, чем всем нам кажется.Получи свое наследство!

Андрей Леонидович Мартьянов , Андрей Мартьянов , Илья Файнзильберг , Н Шитова , С. Захарова , Юрий Борисович Андреев

Фантастика / Приключения / Приключения / Исторические приключения / Альтернативная история / Попаданцы