Читаем Палескiя рабiнзоны полностью

Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар — заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон — з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур'ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.

Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.

— Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, — казалі яны. — Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!

Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:

— Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?

— Нічога вы не разумееце! — пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.

Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.

І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены.

— Давай вычарпаем ваду шапкамі, — прапанаваў Мірон.

— Ды нічога іншага не застаецца, — згадзіўся Віктар. — Толькі баюся, што ты пачнеш варочацца, як мядзведзь, і перакуліш лодку.

— А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка, — спакойна сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.

Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.

— А да таго лесу, мусіць, далёка, — прамовіў Мірон.

— А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? — упікнуў Віктар.

— Каб толькі ты не спалохаўся, — насмешліва адказаў Мірон.

— Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! — свіснуў Віктар. — Першы раз па моры еду.

— Толькі карабель наш псуе падарожжа, — уздыхнуў Мірон.

— А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, — сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.

— Ды навошта ты зноў становішся? — крыкнуў Мірон. — Дай лепш буду я, а ты адпачні.

— Паглядзім, — усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.

Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.

— Ну, і якая ж розніца? — засмяяўся Віктар, — Ты на каленях стаіш нават вышэй, як я на нагах.

— Розніца ёсць, — сур'ёзна адказаў Мірон. — Цэнтр цяжару ніжэй, калі памятаеш фізіку.

— Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, — нездаволена буркнуў Віктар.

Асцярожна, мерна і моцна гроб Мірон, і човен пасоўваўся досыць шпарка. Вось наблізіліся першыя кусты, часам сухі чаротнік вытыркаўся з-пад вады: значыцца, скончылася возера і пачаўся бераг. Але праз некаторы час зноў выехалі ў другое, меншае возера.

— Бач, як яно тут — па некалькі азёраў ідзе, — заўважыў Віктар.

— Гэта яшчэ невядома. А можа, гэта толькі балота? Хто яго цяпер разбярэ? — сказаў Мірон.

Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек ім дарогу і пачаў адносіць човен убок. Мірон упарта стаў з ім змагацца.

— Сцеражыся! — раптам крыкнуў Віктар.

На іх нёсся вялізны, рагаты корч. Сутычка была немінучая: праскочыць з такім нязграбным чоўнам было ўжо нельга.

— Кладзіся! — крыкнуў Мірон і сам прыціснуўся да дна.

Потым працягнуў наперад вясло, упёрся ў корч і паступова пачаў паслабляць руку, каб зменшыць штуршок. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам.

— Вось прынесла яго ліха на нашу галаву! — злаваў Віктар. — Як жа цяпер ад яго адчапіцца?

— Пачакай, не гарачыся толькі, адчэпімся, — спакойна сказаў Мірон і паступова, павольна вызваліў човен.

Мінулі азярцо, зноў пайшлі кусты. Часам яны здаваліся астравамі, а калі човен пад'язджаў бліжэй, то мог праехаць праз іх проста па вадзе. Трапляліся і больш вялікія дрэвы: бярэзінкі, алешыны, нават елкі.

Наперадзе, ужо недалёка, вызначаўся густы, сіні бор.

— А ён, здаецца, стаіць высока, на сухім месцы, — сказаў Віктар і ціхенька ўстаў, каб паглядзець. — Хочацца ногі выпрастаць, здранцвелі зусім.

— Ды пачакай ты, не ўставай, зараз прыедзем, — сказаў Мірон, але і сам не ўтрымаўся, прыпыніўся і пачаў прыглядацца.

— Здаецца, там нібы пясчаны ўзгорак відаць, — прамовіў ён, гледзячы з-пад рукі.

А човен тым часам наехаў на вір. Не паспелі хлопцы звярнуць на яго ўвагу, як ён панёс іх убок і стукнуў аб альховае дрэва. Штуршок быў невялікі, і нічога б не здарылася, каб абодва хлопцы сядзелі на дне. А цяпер — Віктар адразу паляцеў у ваду, пад алешыну.

— У-ух! — крыкнуў ён не то ад жаху, не то ад неспадзеўкі, не то ад холаду. Мусіць, ад усяго разам.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Наследник
Наследник

Ты всего лишь обычный человек? Твоя жизнь тиха, размеренна и предсказуема? Твой мир заключен в треугольнике дом-работа-тусовка?Что ж, взгляд на привычное мироустройство придется немедленно и резко пересмотреть благодаря удивительному наследству, полученному от дальней родственницы, жившей одновременно в XX и IX веках и владевшей секретом удивительных дорог, связывающих эпохи древности и день настоящий.Новый роман А. Мартьянова – классический образец «городской фантастики», где читатель встретится со своими современниками, знаменитыми историческими персонажами, загадочными и опасными существами и осознает важнейшую истину: прошлое куда ближе, чем всем нам кажется.Получи свое наследство!

Андрей Леонидович Мартьянов , Андрей Мартьянов , Илья Файнзильберг , Н Шитова , С. Захарова , Юрий Борисович Андреев

Фантастика / Приключения / Приключения / Исторические приключения / Альтернативная история / Попаданцы