Другі акт здачы заліку прайшоў настолькі паспяхова, што Завалішын пачаў днямі не з'яўляцца ў інтэрнаце, насіць мадняцкія кашулі і курыць «Mаrlbоrо». На ўсе роспыты ён, як і было загадана, адказваў, што знаходзіцца на спартовых зборах.
Аднак шчаслівы ўдзельнік збораў, у якога ўжо ніколі не павінна было ўзнікнуць праблемаў з вывучэннем гісторыі сярэдніх вякоў, на жаль, не збярог свайго шчасця. Ён распіўся, пахваліўся сябрам спартовымі поспехамі і пачаў дазваляць сабе выказванні накшталт: «Пайду я сваю старушку трахну».
Зайздроснікі і зласліўцы зрабілі сваю справу. На экзамене ў дацэнта Русаковай Арцік адхапіў такі непахісны дваяк, што так і не здолеў пераздаць курс ні сваёй «старушке», ні камісіі, а таму апынуўся спярша на завочным аддзяленні, а потым і ўвогуле кудысьці запаветрыў.
Нядаўна адзін наш былы аднакурснік нібыта апазнаў Завалішына ў верхаводзе рэкеціраў, што адбіралі даляры ў суайчыннікаў на польскім баку мяжы. Калі гэта сапраўды быў колішні спецыяліст па гісторыі сярэднявечча, дык на сваёй слізкай сцежцы ён мае выдатную магчымасць раней ці пазней сустрэцца з падпалкоўнікам беларускай міліцыі Віктарам Кішко, які, па чутках, сваю другую зорку атрымаў за паспяховую барацьбу з тымі, хто напрыканцы васьмідзесятых размахваў на пляцах бел-чырвона-белымі сцягамі і змагаўся з навукаю, якую выкладаў Юлік Канапацкі.
Вера Кропелька, паводле адных звестак, выйшла пасля ўніверсітэта замуж за мадагаскарскага князя, а паводле іншых - за лепельскага сельгастэхніка. Будзьма спадзявацца, што ў кожным разе - ці то ў мадагаскарскім гамаку з матрацам са стравусавага пуху, гледзячы ў цёмнае, як дзёгаць, паўднёвае неба з чужымі сузор'ямі, ці то на мулкім лепельскім ложку вытворчасці сумеснай беларуска-габрэйскай фірмы з адраджэнскай назваю «Пагоня», з якога відаць толькі нізкая столь стандартнай блочнай кватэры, - Вера належыць выключна свайму мужу. Магчыма, пры гэтым яна настальгічна прыгадвае будучага (і ўжо былога) выкладчыка навуковага камунізму Юліка Канапацкага, што аднойчы як геній чыстага хараства ўзнік перад ёю на парозе ўбогага, аздобленага арабескамі цвілі інтэрнатаўскага душа. Магчыма, менавіта гэты ўспамін у цемры задушлівай мадагаскарскай ночы наймацней лучыць Веру з далёкай халоднай радзімаю.
Звесткі пра Ніну Мароз больш пэўныя. Яна стала жонкаю афіцэра-танкіста, якога закінулі выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістан.
Пра мужа мне расказала сама Ніна, калі мы сустрэліся ў горадзе нашага дзяцінства і зайшлі ў кавярню «Буслы». Я даведаўся, што муж два разы прыязджаў у адпачынак і прывёз цэлы склад афганскіх кажушкоў і японскай апаратуры, што ёй здаецца, быццам ён колецца наркотыкамі, спіць з афганкамі марксісцкай арыентацыі і хоча яе, Ніну, кінуць, а можа, проста хоча загінуць - падарвацца пасля карнай акцыі на міне або нырцануць у туманную горную цясніну на збітым верталёце.
Пасля кавярні мы слухалі прывезены з Афгана магнітафон, і неяк само сабой здарылася тое, што калісьці не ўдалося мне ў кінатэатры «Космас». Мая рука апынулася на цёплым і яшчэ не пастарэлым, у адрозненне ад твару, Нінчыным калене і лёгка слізганула вышэй.
- Я хачу на падлозе, - сказала, пазіраючы некуды ўбок, Ніна.
Мы любілі адно аднаго на мяккім, відаць, таксама трафейным варсістым дыване пад зялёным таршэрам. Яе вялікая радзімка на левай шчацэ калолася трыма падстрыжанымі валаскамі, яе рукі і ногі ўмела абдымалі мяне, а вусны шапталі не заслужаныя мною пяшчотныя словы. Да зялёнага круга таршэравага святла падышоў і спакойна назіраў за намі персідскі кот, а мой позірк зноў і зноў натыкаўся на пакінутыя танкістам пасля адпачынку крывыя нажы, і я не мог пазбыцца думкі, што якраз такімі нажамі дабівалі недзе пад Гератам майго найлепшага школьнага сябра Юрку.
Ад таго вечара, калі нам з Нінаю свяціў зялёны таршэр, заставалася гады два да той пары, калі скасавалі навуку Юліка Канапацкага, а правадыру працоўных, што стаяў каля нашай школы, нехта адбіў нос. Рыба ніякага дачынення да гэтага не меў, бо працаваў партыйным сакратаром у закрытым казахстанскім горадзе, адкуль нешта запускалі, і горка шкадаваў пра ідэалагічна грэшнае дзяцінства, што не дазваляла ісці ўгару хутчэй, чым атрымлівалася.
Што да носа Ўладзіміра Ільіча, дык яму зляпілі і прымацавалі новы, аднак у зімовыя маразы ён сам сабою адваліўся, што дало злым языкам магчымасць успомніць брыдкую правадырову хваробу. Урэшце гарадскія ўлады стварылі камісію, і тая выдала даведку пра нізкую эстэтычную каштоўнасць манумента. У экспертным акце фігуравала адметная фраза: «У памятника утрачен нос».
Карацей, ад Уладзіміра Ільіча, як за трыццаць гадоў да гэтага ад Іосіфа Вісарыёнавіча, што ўзвышаўся з другога боку школы, засталося адно ўтравелае ўзножжа.
А шкада, няхай бы правадыры стаялі.
Рэквіем для бензапілы