Читаем Рэквіем для бензапілы полностью

Дошкі, хоць і былі досыць шырокія і тоўстыя, прыкметна прагіналіся. Над якой-небудзь ручаінай я прайшоў бы па іх з завязанымі вачыма, аднак тут, далёка ўнізе, дыхаючы холадам, плыла цёмная восеньская Дзвіна, і мая разагрэтая дамешкам цыганскае крыві фантазія ўмомант намалявала віры і бохаты з аброслымі ракавінкамі тапельцамі. Насельнікаў дзвінскіх глыбіняў змяніў вобраз канатаходца з раскінутымі над безданню рукамі. Якраз так, расставіўшы рукі, і рушыў наперад Юрка. Небяспека хавалася яшчэ і ў тым, што дошкі мелі розную таўшчыню і пружынілі пад нагамі не аднолькава. Я заплюшчыўся і ўбачыў, як Юрка разам з дошкамі ляціць долу. Мільганулася думка, што, калі пашанцуе, гэта не смяротна: узімку, праламаўшы парапет, з моста сарваўся самазвал, але лёд вытрымаў і для кіроўцы ўсё абышлося зрушэннем мазгоў; выпісаўшыся з бальніцы, ён напіўся, як рамізнік, і буяніў на вуліцы, а міліцыянтам крычаў, што ён - савецкі касманаўт, а касманаўтаў не забіраюць.

Калі праз імгненне я адкрыў вочы, Юрка стаяў на тым баку прадоння. Мяне цягнула апусціцца на чатыры кропкі і перапаўзці гэтыя метры на карачках. Няхай у далоні і ў калені ўвап'ецца тысяча стрэмак - выцягваць іх у параўнанні з гэтай хвілінаю будзе суцэльнаю слодыччу.

Мост падаў у паветраную яму, а мае вантробы імкліва падымаліся да горла. Тым часам Юрка выняў з кішэні ключ, павярнуўся да мяне спінай і ціхамірна ўзяўся штосьці драпаць. Нейкая віхура сарвала мяне з месца і перанесла да Юркі. Азірнуўшыся, я згледзеў, што дошкі раз'ехаліся, і цяпер адтуль да нас перабраўся б хіба што кот.

На цёплай шурпатай паверхні быка Весялоў надрапаў сваё імя. Я таксама выцягнуў ключ, і побач з «Юрам» з'явілася: «Вова». Юрка падумаў і дабавіў дату нашага падарожжа.

Вы памыляецеся, калі лічыце, што пасля выпрабавання смеласці мы зрабіліся сябрамі. Спатрэбіліся восеньскія, а ўпрыдачу і зімовыя вакацыі, каб Юрка зноў загаварыў са мной, папрасіўшы дазволу глядзець у нас хакейны чэмпіянат свету.

Тагачасныя заўзятары памятаюць, што «золата» тады дзялілі паміж сабою вылучна каманды Савецкага Саюза і Чэхаславакіі. Мы «хварэлі» так зацята, што ад навагодніх святаў нарыхтоўвалі ляскоткі і сустракалі кожную закінутую «нашымі» шайбу дзікім крыкам і выбухамі. Праўда, у той час, калі Юрка Весялоў уладкаваўся поруч са мной насупроць чорна-белага «Нёмана», ляскоткі мы ўжо перараслі. Пачыналіся сямідзесятыя, і гульні «нашых» з «чэхамі» набылі палітычны падтэкст. Мінецца шмат гадоў, і на Старамескім пляцы ў Празе знаёмы чэх распавядзе, што ў іх гэта называлася: яны нас танкамі, а мы іх - клюшкамі.

Я пакрывіў бы душой, сцвярджаючы, быццам меў тады нейкае асабістае стаўленне да савецкіх танкаў каля Карлавага моста. Здаровага скепсісу, што паспеў пусціць парасткі ў маёй душы, пакуль хапала адно на тое, каб тушыць экран, калі з'яўлялася застаўка тэленавінаў. Бацька круціў ручкі нашай дабітай радыёлы «Беларусь» амаль штовечар, я ж настройваў прыймач на «варожыя галасы» адно дзеля суботніх музычных праграмаў.

Такім чынам мы - я, Юрка і бацька - глядзелі гульню з чэхамі: пляскалі, хапаліся за галовы, ускоквалі і нервова расхаджвалі па пакоі. Калі не лічыць ляскотак, усё ішло як звычайна, як летась і пазалетась, але трэцім вокам я заўважыў штосьці не тое. Бацька пляскаў неяк неўпапад, а перахапіўшы мой пагляд, хутка адвёў вочы. Напрыканцы першага перыяду я пераканаўся: бацька хварэе за чэхаў. Мала таго, на ягоным баку, паводле некаторых прыкметаў, быў і Юрка. Але і гэта было не ўсё: я разгублена адчуў, што якісьці спрытны антыпатрыятычны мікроб збунтаваў і маю душу. Я таксама быў далучаны да змовы. Гульню мы дагледзелі ў наструненым маўчанні, не імкнучыся абменьвацца нават позіркамі. Выдатна памятаю, што, нягледзячы на нашую здраду, «нашы» выйгралі. Мы паціснулі адзін аднаму рукі і па-мужчынску стрымана павіншаваліся з перамогай.

Хакей зрабіў тое, што аказалася не пад сілу мосту цераз Дзвіну: увесну мы з Юркам напраўду пасябравалі.

Гэтая падзея мела шмат наступстваў.

Па-першае, я атрымаў доступ да Юркавай бібліятэкі, дзе накінуўся на васьмітамовік Конан Дойла, а потым узяўся за зялёныя фаліянты «Сусветнай гісторыі».

Па-другое, я даведаўся, што Юрка марыць стаць журналістам-міжнароднікам і падарожнічаць па розных краінах. (Падзяліўшыся таямніцаю, ён узяў з мяне пісьмовую прысягу маўчаць.)

Па-трэцяе, дзякуючы Юрку, я ўпершыню выпіў віна. Мой дэбют адбыўся ў дзень заканчэння дзевятага класа. Мы сядзелі з Юркам у ягоным пакоі з кнігамі, і ён без усякай прадмовы вывудзіў з-за таўшчэзных тамоў «Сусветнай гісторыі» даўгую пляшку венгерскага рыслінгу.

Перейти на страницу:

Похожие книги