На падыходзе да дому я зірнуў на сваё вакно і быццам наляцеў на невідочную сцяну: на ваконным тле вымалёўваўся светлы сілуэт. Я да болю ў павеках заплюшчыўся і праз хвілю асцярожліва адкрыў вочы. Сілуэт знік. Я казаў сабе пра аптычны падман зменлівага сутоння, аднак ува мне не знайшлося ніводнае клеткі, якая дала б гэтаму веры. Разам з тым я адчуў, як спеліцца рашучасць. Да пад'езда заставалася сотня крокаў. Я перайшоў на бег і апынуўся перад кватэраю меней чым за хвіліну.
За гэтую хвіліну мне ўспомнілася, як некалі, пасля выхаду першых кніжак, маё самалюбства любіла цешыцца выслоўем кагосьці з лацінаамерыканскіх мэтраў: я гуляю ў пісьменніка, і гульня можа стацца смяротнаю.
У суседзяў злева грымеў магнітафон, і пачуць нешта з-за маіх дзвярэй было немагчыма. Відаць, гэтая акалічнасць і надала мне мужнасці. Не маючы з сабою ні нажа, ні якой іншай хаця б сімвалічнай зброі, я, не марудзячы, адамкнуў дзверы і пстрыкнуў калідорным выключальнікам. З зачыненага цёмнага пакоя даносіўся незразумелы роўны шум. Я набраў поўныя лёгкія паветра і ўдарыў нагою дзверы. Святло запальвалася адразу за вушаком. На століку ля мапы працаваў вентылятар. Узброіўшыся цяжкім Шывам, я кінуўся ў кухню...
Апрача мяне ў кватэры нікога не было. Дакладней, апрача мяне, уключанага некім вентылятара і паху ментолавых цыгарэтаў.
Была яшчэ пляшка каньяку. Я асушыў поўны вінны келіх, спыніў вентылятар і заняўся праверкаю.
Вачніцы папяльнічкі зеўралі пустатой, затое сляды попелу меліся на падлозе каля мапы, якую я зноў старанна абследаваў ад Лісабона да Волгі. Наўрад ці я здольны быў адказаць на пытанне, што спадзяваўся знайсці, бо мапа была наклееная на глухую сцяну, якая другім бокам выходзіла на вуліцу.
Самым разумным выйсцем здалося вяртанне да сфармуляванага тры дні таму рашэння: пачакаць дадатковых фактаў.
Чаканне не здоўжылася: падзеі, перамінаючыся з нагі на нагу, літаральна стаялі за дзвярыма.
Пасля вялікай дозы каньяку я заснуў досыць хутка, але сон быў неглыбокі - поўны няўлоўных вобразаў, абрыўкаў мелодый, трывожных шолахаў. Зялёная рыбіна свядомасці плавала ў ваколіцах зыбкай мяжы сутонлівай явы і сну. Штосьці замінала ёй апусціцца бліжэй да дна, знайшоўшы спачынак у мяккім багавінні, і гэтае штосьці пачынала акрэслівацца ў ціхім шэпце і лёгкіх кроках.
Я прахапіўся, быццам ад дотыку, і інстынктыўна схапіў пакінутага на падлозе Шыву. Лічбы ў драўляным вакенцы гадзінніка сцвярджалі, што ішла другая гадзіна ночы. Штора засталася неапушчанай, і ў пакоі было дастаткова светла.
Стаіўшы дыханне, я пасунуўся на сярэдзіну ложка, каб убачыць дзверы ў калідор. Цяпер заставалася крыху нахінуцца наперад. У рэдкім цемрыве ўзніклі размытыя абрысы матавай дзвярное шкліны.
Каб Шыва быў жывой істотаю, наступная хвіліна сталася б для яго апошняй. Мая рука сціснула стодку з нечалавечай сілаю: з таго боку дзвярэй прамільгнуў выразны цёмны цень.
Праз некалькі ўдараў сэрца шкло зноў пацямнела.
Страх туга спавіў ногі і замарозіў волю. У абладзе такой усеабдымнай жуды я апынуўся аднойчы ў дзяцінстве, калі, начытаўшыся нанач у пустой кватэры навелаў Праспэра Мерымэ, прачнуўся сярод ночы, і, як эпілог вусцішнага сну, да мяне працягвала рукі Венера Ільская, дакладна такая, як у кнізе: з плямамі паціны і лацінскім надпісам САVЕ АMАNTЕM* на ўзножжы.
Параўнанне таго начнога жаху з дзіцячым паўсном-галюцынацыяй я, вядома, знайшоў пазней. А тады ўсё ж удалося адарвацца ад ложка і зрабіць крок да дзвярэй. Левая рука намацала выключальнік. Паляўнічы нож ляжаў на адлегласці трох крокаў, якія я пераадолеў шалёным звярыным скачком.
З нажом у правай руцэ і бажком у левай я стаяў перад дзвярыма, фізічна адчуваючы, як хтосьці стаіць за матавым шклом. Дзверы адчыняліся з калідора ў пакой, значыцца, той хтосьці меў яўную перавагу, бо мог са сваёй цемры напасці раптоўна. Я ведаў, што ў такіх выпадках развагі адно нашкодзяць, а таму з ваяўнічым крыкам «А-а-а!» таргануў дзверы на сябе і вылецеў у цёмны калідор...
Мой нож увайшоў у пустату. Кухоннае вакно сцераглі ўсе шпінгалеты, а дзверы на лесвічную пляцоўку апрача замкоў ахоўваў сталёвы ланцужок. Тое, што з дапамогаю хітрамудрай прылады ланцужок можна скінуць, уваходзячы ў кватэру, хоць і з цяжкасцю, але дапускалася, аднак магчымасць накінуць яго, выходзячы ў пад'езд, выглядала цалкам нерэальнай. Тым не менш хтосьці пабываў не толькі ў калідоры і ў кухні, але і ў пакоі: не перавандравала ж аднарогая чортава галава з кніжнай паліцы на лядоўню сваім ходам, загрузіўшыся па дарозе попелам ад некалькіх цыгарэтаў, што напоўнілі кухню насычаным пахам ментолавага дыму.
Праўда, я здзіўлена адзначыў, што пах, пры ўсёй таемнасці свайго з'яўлення, дзейнічаў на мяне супакойліва, бо ўпарта не хацеў асацыявацца з кім-небудзь накшталт наёмных забойцаў. Я хутчэй паверыў бы, што цыгарэту курыла жанчына...
Якая жанчына? Што ўмее праходзіць праз сцены?..