Читаем Рэквіем для бензапілы полностью

Час ад часу мы вячэралі ў невялікіх рэстаранчыках, што ў апошнія гады паадчыняліся ў былых гарадскіх падвалах. Памятаю міні-фантан з залатымі рыбкамі-тэлескопамі ў адным з гэтых зацішных месцаў і мініяцюрную сажалку з парачкаю ракаў у другім, дзе карціна над утульна траскучым камінам адкрывала перспектыву гатычных спічакоў старажытнага горада. Дадому мы вярталіся пешкі альбо спынялі таксоўку, і першы дотык Яе рукі на заднім сядзенні ўжо абяцаў, ужо быў весткаю...

І той зімовы вечар сярод бясконцай белай роўнядзі, над якой раз'ятраны вецер гнаў раўналежна зямлі рэдкія, навостраныя, як іголкі, сняжынкі... А пасля - нечаканай радасцю - вялікая сялянская хата, напаленая печ і пярына на гарачай чарэні.

Стан, калі ўранні я чуўся хворым, што пасля наркозу збег ад дактароў, ужо не паўтараўся. Я прачынаўся з разлітай па целе салодкай лёгкасцю, і па венах бегла не кроў, а пералівалася субстанцыя з зашыфраванай формулаю эліксіру маладосці. Я адчуваў сябе бесклапотна, як у дзяцінстве, калі мы ўсе яшчэ неўміручыя.

А потым Яна знікла, пакінуўшы пустой спачатку адну маю ноч, пасля - другую і трэцюю. Напрыканцы тыдня сэрца зашчаміла такая нечалавечая туга, што я ўголас прасіў Яе вярнуцца, выходзячы з кватэры, пісаў цыдулкі з адным толькі словам «Прыйдзі» і бесперастанку ставіў на прайгравальнік кружэлку з прэлюдам № 15.

Тады я і пазбыўся Наташынага шлафрока.

Не думаю, што гэты мой учынак меў вялікую вагу. Найверагодней, сапраўдную прычыну Яе адсутнасці я ніколі не ўведаю. Аднак - Яна вярнулася.

Яна вярнулася да мяне, і з таго самага часу ранішнія абуджэнні страцілі празрыстую дзіцячую бестурботнасць.

Але пакуль я павінен паспець болей сказаць аб падарожжах, чые маршруты, сюжэты і працягласць дзень пры дні мяняліся, пераходзячы ў новую якасць.

Усе нашы вандроўкі пералічыць ужо немагчыма. Выберу некалькі, пагатоў, пра некаторыя не магу сказаць нічога акрэсленага, апрача таго, што нас заносіла неймаверна далёка ад гарадоў, пазначаных на маёй насценнай мапе, і наогул ад цывілізацыі.

Аднойчы яна спала на маім плячы ў «Боінгу», перад якім вырастаў з акіяна фантасмагарычны айсберг Грэнландыі. Смуглявы сцюард прынёс плед, і я шэптам папрасіў яго самога захутаць маю спадарожніцу, таму што баяўся, паварушыўшыся, разбудзіць яе.

Другі раз я чакаў Яе ў пустым бары з тузінам высокіх круглых крэслаў. Яе доўга не было, і я чамусьці згадзіўся патанцаваць з чарнаскурай барменкаю ў глыбока дэкальтаванай джынсовай сукенцы. Знячэўку шчокі ў маёй партнёркі з чорных зрабіліся папяліста-шэрымі, і, павярнуўшыся ў танцы да дзвярэй, я ўбачыў у іх сонечным атворы Яе. У руцэ Яна трымала наведзены на нас дамскі пісталет. Пасля мы пілі з высокіх кухляў светлае піва, а белы пісталецік ляжаў на стойцы побач з запальнічкай і пачкам ментолавых цыгарэтаў. Яна села мне на калені і сказала, што хоча любіць мяне проста вось тут, на вачах у чорнай спакусніцы.

І той паром праз Ла-Манш... Мора моцна штарміла, і, пакуль мы мужна змагаліся з марской хваробаю, дзеці ў пасажырскім салоне наладзілі спаборніцтва: хто дабярэцца ад дзвярэй да дзвярэй не заваліўшыся.

Здаралася, я пазнаваў свае ўлюбёныя мясціны ў гарадах, дзе выпадала бываць раней: пляц каля Домскага сабора ў Рызе, шматкалёрныя мураванкі на вуліцы Лай у Таліне, замак у некранутым часам венгерскім гарадку на мяжы з Аўстрыяй. Гэта значыла, маршруты вандраваннаў выбірала не толькі яна, што, прызнаюся, супакойвала маё самалюбства, бо, хай сабе і ўскосна, сведчыла пра нашую роўнасць у адносінах.

Я здымаў з паліцы кнігу вучня Блавацкай і чытаў пра тонкі свет, які не ведаў, што такое час і адлегласць. Дакладней, гэтыя паняткі нібыта існавалі і там, але - зусім інакш, і таму ў сне, альбо пераносячыся ў тонкі свет у нядрэмным стане, тысячы міляў нескладана было пераадолець за секунду, зямное стагоддзе - зблытаць з імгненнем, а імгненне - з вечнасцю. Матэрыя таго свету, сцвярджала кніга, настолькі эластычная, што чалавек стварае там думкаю ўсё, што заўгодна. Іншымі словамі, ён сам робіцца формаю ўласнай думкі, набываючы аблічча, якое адлюстроўвае сутнасць ягоных жаданняў і імкненняў - прычым усе гэтыя ілюзіі ў тым ілюзорным свеце з'яўляюцца такімі ж рэальнымі, як і рэчы ў свеце фізічным.

У кнізе з пакінутымі некім закладкамі мяне прывабіла ідэя аб тым, што калі ў фізічным свеце чалавек можа схаваць сваю сапраўдную сутнасць, дык у тонкім гэта немагчыма. Там чалавек трапляе ў тую сферу, што адпавядае яго духоўнаму развіццю, і той, хто прыходзіць туды свядома, вядзе асэнсаванае жыццё, у адваротным жа выпадку - працягвае такое самае існаванне, як і на зямлі, нават не ўсведамляючы, дзе ён знаходзіцца.

Перейти на страницу:

Похожие книги