Не выключана, што я ўжо пісаў пра гэта; тады паўтару: несканчоная чарада падарожжаў нагадвала ўзыходжанне - ад простага да больш складанага, ад зразумелага - да таго, што трэба проста ўзяць на веру.
У гэты шлях калісьці даўным-даўно мы выправіліся ў лодцы з уратаванай птушкай...
Старажытныя індыйцы валодалі ісцінай: найпаўней спасцігнуць адна адну душы могуць толькі ў зліцці сваіх зямных абалонак.
Неяк мы ішлі па вясновай вуліцы насустрач паўднёваму ветру. Нашы рукі не дакраналіся, але ў мяне ўзнікла пачуццё, што я ўзяў Яе за руку, што раз-пораз, дзелячыся цеплынёй, датыкаюцца нашы плечы, і я зразумеў: гэта ўзаемапранікаюць мая і яе аўры.
Яна сталася першай жанчынаю, што падаравала мне адчуванне Вечнасці. Яно ўзнікала, калі рытмы дзвюх істотаў паступова і няўхільна зліваліся ў адзін суладны рытм, які ўключаў у сябе ўсе астатнія мелодыі сусвету і, пульсуючы, замяняў сабою сам гэты сусвет, каб узарвацца сляпучай успышкаю, што нязменна абуджала мяне ў іншай рэальнасці.
Так, кожная блізкасць з Ёю пераносіла мяне ў мае чатыры сцяны. Блізкасць была білетам назад, але з аплачаным зваротным шляхам - з маёй рэчаіснасці ў ейную, дзе нас падпільноўвалі новыя адкрыцці і новыя ўспышкі, што вярталі ў свет, які я меў усё меншае права называць сваім.
Жыццё падзялілася на дзве часткі, і першая сціскалася, як шчыгрынавая скура.
Аднае раніцы я з радасным, зусім нястрашным страхам усвядоміў, што незнаёмы горад, адкуль я вярнуўся, больш рэальны - навобмацак, на пахі і на смак, - чым адліжная графіка заключных снежаньскіх дзён за адзіным вакном майго пакоя.
Цяпер амаль кожны дзень - нібыта яны, дні, змовіліся між сабою - прыносіў чарговае сведчанне, якому свету я прыналежу мацней і мацней.
Я згадваў ужо рэчавыя доказы падарожжаў, што пачалі з'яўляцца пасля альпійскага гатэля. Іх калекцыю адкрывала светла-ліловая кветка, часцінка сухога букета з бяссмертнікаў і макавых галовак, які стаяў на століку ў нумары, чыю палову займаў той самы неабсяжны ложак, што паднялі з даліны шрубалётам.
А ўчора ўранні я апынуўся дома з гадзіннікам, на які паглядаю, пішучы гэтыя радкі. На ім няма ніводнае лічбы: тры стрэлкі рухаюцца непасрэдна над вантробамі механізма, а той непрыкрыта анатамуе матэрыю часу, прымушаючы ўладальніка вызначаць гадзіны і хвіліны пераважна інтуітыўна. Я не стаў бы ісці ў заклад, што кожная з трох стрэлак заўсёды мае аднолькавую хуткасць. Відаць, я болей упэўнены ў адваротным.
Такі падарунак Яна зрабіла мне ў турэцкіх кварталах Заходняга Берліна, куды ўвечары турыстам рэкамендуюць не завітваць. Мы рызыкнулі, і нічога надзвычайнага з намі не прычынілася, хоць я і палічыў за лепшае спыніць таксі і адарвацца ад кампаніі маладых туркаў, што дружна выйшла следам за намі з піцэрыі, пагатоў, Яна была тым разам з серабрыстай «марсіянскай» фрызурай. Асабліва мне не спадабаўся той высокі, са шнарам на левай шчацэ, бо кожны ягоны позірк як быццам зрываў з Яе частку адзення. У таксоўцы я ўздыхнуў з палёгкаю, а Яна, здаецца, з не меншай палёгкаю, зацягнулася цыгарэтай.
Калі не памыляюся, я пісаў пра новы гадзіннік. Дапускаю, што тут больш дарэчным будзе вызначэнне «компас», і з абсалютнай дакладнасцю магу сцвярджаць, што мне даспадобы назіраць за каляровымі жывымі шасцярэнькамі - трыма сінімі, дзвюма чырвонымі і некалькімі залацістымі - назіраць і здагадвацца, якая зараз гадзіна і паводле якога часу.
Сёння на вуліцы, каля паштамта, я спаткаў былога аднакурсніка, і ён падаўся стварэннем значна менш рэальным за таго рослага турка.
Тэлефон у кватэры звоніць неверагодна рэдка (звычайна блытаюць нумар), але калі пра мяне знячэўку ўспамінаюць у нейкай рэдакцыі, я здзіўляюся глыбей, чым калі б патэлефанавалі з той піўнушкі, дзе футбольны заўзятар разрадзіў абойму ў тэлеэкран над стойкаю.
Днямі я зноў знайшоў лісток з дзіцячым малюнкам і каструбаватымі літарамі, і мне зрабілася шкада іх аўтара. Потым падумалася, што ён таксама меў магчымасць падарожнічаць з Ёю, і наведала невядомае раней пачуццё, якое не магло быць нічым іншым, апрача рэўнасці. Розум казаў, што нельга раўнаваць да мінулага, да таго, што адбывалася да «нашай эры», але я зманю, сказаўшы, быццам не мучыўся і не трапляў пад уплыў думак, што гаспадар маёй кватэры быў не першы і не ягоная рука пакінула лісток з малюнкам. Напэўна, іх было шмат - тых, хто здаваў і наймаў ціхую аднапакаёўку і вандраваў з Ёю...
Як вы бачыце, атрутнае насенне рэўнасці давала ўсходы...
Яна павінна быць толькі маёй.
Я не буду пакідаць такіх, як мой папярэднік, распісак у бездапаможнасці і з сумнеўным падтэкстам хаваць іх паміж старонак «Жыцця ідыёта».
Каб не быў літаратарам, я б з задавальненнем вызваліў сябе ад пісання тэксту, які вы чытаеце. Але мая прафесія - слова, і мой намер цвёрды - захаваць ёй вернасць да самага канца.