Читаем Рэквіем для бензапілы полностью

З каго б ты хацела пачаць?

Чаму не, няхай будзе міліцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярні ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялізнага рамонка з палатна паслядоўніка Далі.

Міліцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзіў у цывільным, але ўсе ведалі, што ён - міліцыянт і што яго завуць Пеця, бо выпітыя сам-насам з сабою «законныя» сто грамаў каньяку ўмомант рабілі яго гаваркім, і, замовіўшы бутэльку шампанскага і крыху лікёру, ён падсаджваўся за чужы столік. Лікёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплі, выпіваў сам.

Рысы ягонага гладка выгаленага твару ніхто не назваў бы непрыемнымі, ды яны існавалі незалежна адна ад адной і, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, ніяк не хацелі спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармоніі з па-жаночаму маленькім ротам.

Улюбёным слаўцом ягонага лексікону была, як ты памятаеш, «жопа». Па «жопе» ён страляў з табельнай зброі, калі парушальнік кідаўся наўцёкі. Па «жопе» лупцаваў службовай папругаю сына-двоечніка. Іншага слова не знаходзілася і для жонкі, якой не дадзена было спасцігнуць тайніцу ягонае душы. Аднак гэты балбатун чамусьці не шукаў сабе сабутэльнікаў у форме, а ўпарта ішоў сюды, у кавярню, якую, на вялікае наша здзіўленне, ні разу не абазваў сваім запаветным словам, а часам, перад адыходам да жонкі, абсалютна не абразліва, нават пяшчотна называў «гадзючнікам». Нягледзячы на тое, што з ім было цікава пагаварыць не больш за адзін раз, міліцыянт заняў на палубе прызначанае яму месца, і без яго агульная мазаіка рызыкавала б рассыпацца - так адсутнасць коскі здатная разбурыць самы дасканалы сказ.

Я сказаў: «на палубе». Гэты выраз належаў алмазаздабытчыку і мог ускосна сведчыць, што той зарабляў на жыццё і на сваіх жанчын не толькі пошукам алмазаў у якуцкай вечнай мерзлаце, але і насамрэч хадзіў у мора. У такім разе захоўваць на палубе раўнавагу ў штармавую непагадзь яму, з ягонымі двума метрамі, было, відаць, няпроста. Але гэты адносны недахоп кампенсавала атлетычная постаць і моцныя доўгія рукі, чый энергічны поціск, аднак, нязменна выклікаў прыступ гідлівасці: слізкавата-вільготная далонь нараджала адчуванне, што ў руку ўсунулі жабу-рапуху.

Як выглядае, жанчыны пакутуюць ад гідлівасці значна меней. Лысая галава-яйка таксама не была прыкметнай перашкодаю на шляху да жаночых сэрцаў, тым больш яе гаспадар сачыў за сабой, ходзячы ў модных гарнітурах і не забываючы пра парфуму. У выбары жанчын ён не любіў паўтарэнняў і кожны раз прыводзіў з сабой новую. Прыгажуняў сярод іх мы не заўважалі, але і страхотлівых стварэнняў, па-мойму, ніколі не траплялася.

Быў зарэгістраваны выпадак, калі ён, пакінуўшы кавярню з адной спадарожніцай, перад закрыццём пасадзіў за столік іншую, а сам, нефанабэрліва падміргнуўшы мне, весела гукнуў бармена: «Гэй, на палубе!»

«Цыган дома не крадзе», - чуў я некалі ад бабулі. Алмазаздабытчык быў падобны да цыгана, як я - на далай-ламу, аднак бабуліны словы мелі да ягоных паводзінаў несумнеўнае дачыненне. Ён не зрабіў і кволай спробы хоць раз завязаць размову з якой-небудзь самастойнай наведніцай кавярні. Да ўсіх іх, асабліва да тых, чые твары былі яму знаёмыя з ранейшых візітаў, ён ставіўся падкрэслена ветліва, але нават без намёку на мужчынскую ўвагу.

Выключэнне складала парачка лесбіянак, што кідала нашаму лавеласу выклік ужо самім фактам існавання жаночых істотаў, якія ўмелі абыходзіцца без лысых, вусатых, барадатых і ўсіх астатніх прадстаўнікоў іншае паловы чалавецтва. Натыкнуўшыся позіркам на лесбіянак, уладальнік галавы-яйка не мог схаваць калючай уквеленасці і спяшаўся запіць яе глытком каньяку. Напрошвалася думка, што ён знойдзе падтрымку ў міліцыянта, ды той успрымаў жаночую парачку якраз надзвычай талерантна і толькі часам мройліва мармытаў сабе пад нос: «Вось бы з дзвюма адразу, бля».

Лесбіянак мы сустракалі ў свой кожны прыход, з чаго вынікала, што гэтыя бландзінкі - танклявая, з нервовым артыстычным тварам, у якім падтэксту было болей, чым самога тэксту, і крышачку паўнейшая, з выдатна прамаляванай постаццю і шырока расплюшчанымі даверлівымі шэрымі вачыма - бывалі ў кавярні ледзьве не штодня. Нас вабіў іхні загадкавы свет, аб якім дазвалялі адно здагадвацца скупыя вонкавыя праявы: пераплеценыя на стальніцы пальцы; раптоўныя, па-птушынаму лёгкія пацалункі, якімі танклявая зрэдзьчас адорвала сяброўку; тонкія залатыя пярсцёнкі, якія абедзьве насілі на правай руцэ.

Перейти на страницу:

Похожие книги