Спачатку намаляваліся два панкі. Яны былі ўжо ладна абдзяўбаныя, але галоўнае, калі яны зьявіліся на кухні, там адразу стала шумна, цесна й няўтульна. Андрэ зразумеў, што вечар для яго скончыўся, і папрасіў паказаць месца, дзе можна прылегчы. Інгрыд адвяла яго ў вялікую залю, прынесла ватовую коўдру і сказала, што спаць ён можа тут, на канапе, а яны з Максам звычайна сьпяць у суседнім маленькім пакоі.
З кухні зноў даносілася музыка ў выкананьні Макса й яго бязьлітаснага бэнду.
– Ну што, едзеш са мной у Магілёў на сьвята піва? – Андрэ прыціснуў Інгрыд да сябе гэтак блізка, каб адчуць усе пірсынгі на яе целе.
– Ты псых… – яна дакранулася маленькім пярсьцёнкам на ніжняй губе да яго вуснаў. – Трэба ісьці! Абудзі мяне раніцай…
Як і варта было чакаць, спакойна паспаць у гэтай кватэры не далі. Празь нейкі час пасьля першых двух панкаў зьявіўся яшчэ хтосьці, потым яшчэ. Потым нехта сыходзіў, нехта прыходзіў. На кухні раўла музыка, грымеў рогат, зьвінелі бутэлькі. Потым Андрэ быццам забыўся ў неглыбокім крохкім сьне…
Ён прачнуўся ад пачуцьця, што шалом спаўзае з галавы. Андрэ расплюшчыў вока й убачыў у цемры над сабой незнаёмага тыпа, які, працягнуўшы рукі, асьцярожна спрабаваў зьняць зь яго шалом. Сон умомант зьнік.
– Ах ты, падла, казёл!!!
Ён учапіўся ў твар невядомага і з усяе сілы адштурхнуў ад сябе. Той, зваліўшыся з канапы, ускочыў і кінуўся да дзьвярэй. Андрэ схапіў першае, што трапілася пад руку, і запусьціў у невядомага сваім чаравікам.
Андрэ ўзьняўся і, уключыўшы сьвятло, пачаў нэрвова хадзіць па пакоі.
– Ах ты, чортава багадзельня! Трахнутыя на галаву лузэры! Фак! Фак! Фак! – ён ніяк ня мог супакоіцца.
З кухні па-ранейшаму чуліся галасы й грала музыка. Відаць, там гэтае здарэньне прайшло незаўважаным. Андрэ зазірнуў у маленькі пакой – у ім спакойна спала Інгрыд. Ён расштурхаў яе і, калі тая расплюшчыла сонныя вочы, запытаў:
– У цябе ёсьць скотч?
– Які яшчэ скотч, віскі?
– Не, стужка такая клейкая!
– Ідыёт! Ідзі спаць! – яна павярнулася тварам да сьцяны.
Вярнуўшыся ў пакой, Андрэ пачаў рыцца па розных шуфлядах у пошуках скотчу. Нарэшце ён знайшоў маток клейкай стужкі і, прыгаворваючы як закляцьце: «Чортава багадзельня! Чортавы лузэры!» – пачаў намертва прыкручваць скотчам шалом да сваёй галавы. Скончыўшы гэтую працу, ён узяў нейкі шалік і для надзейнасьці павязаў яго зьверху.
– Наце, курвы, выкусіце! Чорта з два цяпер вы яго здымеце!
Андрэ выключыў сьвятло, забраўся назад на канапу і перакананы, што да раніцы можа спаць спакойна, заснуў.
Прачнуўся ён позна. Расплюшчыў вочы і адразу адчуў, што ягоная галава зрабілася драўлянай. Скотч сьціскаў вены, таму яна распухла й пачырванела. Андрэ ўзьняўся з канапы й заўважыў у пакоі яшчэ нейкага чалавека: якісьці хрэн ляжаў ды пахропваў на матрацы ў далёкім куце. На кухні ўжо было ціха.
Ён скіраваўся ў ванную й, разьбінтаваўшы галаву, засунуў яе пад кран з халоднай вадою. Потым набраў яе ў тазік і, распрануўшыся, абліў усяго сябе цалкам. Зірнуўшы ў люстэрка, ён заўважыў, што адзін леў на шаломе паранейшаму бадзёра зіхацеў пазалотай, але другога шчыльна пакрывалі рэшткі жоўтага скотчу. Быццам ён, як кляшар, правёў ноч у кардоннай скрыні і цяпер сядзеў у ёй, рыкаў, незадаволена скаліў зубы, усім выглядам даючы зразумець, што такі кшталт начлегу ніяк не адпавядае яго цэсарскай пэрсоне. Андрэ ўзяў вяхотку і прыняўся выдаляць з шалома рэшткі кардоннага зьняволеньня, ціхутка мармычучы сабе пад нос:
– Прабач, прабач, Лёва, ня думаў, што такі паскудны скотч трапіцца. Лёва зьлева… Лёва з Магілёва… Трэба вас неяк назваць… Вася. Бася, Базыль. Не. Нейкае кашэчае імя. Уладзімір, Фіяклест, Сьвятаслаў, Сьвятагор, Сьвятадыр, Майдадыр, Варфаламей, Авакум, Грыміслаў, Сьвятаполк. Так! Няблага. Сьвятаполк! Сьвятаполк і Зыгфрыд. Не, Зыгфрыд не падыходзіць. Леапольд. Бальтасар. Грацыян, Гільдэнстэрн, Гільшэрзон, Бэўвульф, Валенрод… Хай будзе Валенрод. Добрае імя. Сьвятаполк і Валенрод!
Закончыўшы шчыраваць вяхоткай, Андрэ зноў наблізіўся да люстэрка. Валенрод, як і раней, зіхацеў пазалотай, але Сьвятаполк між тым выгляд меў крыху патрэпаны – на ім заставаліся дробныя парэшткі скотчу. Зь лёгкім пачуцьцём незадаволенасьці Андрэ апрануўся і выйшаў на кухню.
Галава крыху пабольвала – ці то ад скотчу, ці то ад віна, што далі «тавагішчы» на дарожку, ці ад піва ды «Егермайстра», а можа, ад усяго адразу. На кухні панаваў маўклівы бардак мінулай ночы. Валяліся пустыя бляшанкі, сьмярдзела недапалкамі.
«Час вастрыць лыжы на трасу», – падумаў Андрэ і паціху прабраўся ў маленькі пакойчык. Макс, расьцягнуўшы сваё даўжэзнае цела, спаў тварам да сьценкі. Інгрыд, на шчасьце, ляжала на краі ложка.
Андрэ запусьціў руку пад коўдру й, як скульптар па матэрыяле, прайшоўся далоньню па выгібах яе цела.
– Уставай, нам пара! – прашаптаў ён на вушка.
Інгрыд расплюшчыла вочы й нейкі час моўчкі глядзела на Андрэ.
– Нам пара! – паўтарыў ён.
– Куды пара?
– Як куды? У Бэрлін!
– Ты ненармальны! – яна заплюшчыла вочы, потым ізноў зірнула на Андрэ й дадала: – Пачакай мяне на кухні.