Сярод стэпу відаць каля вады высокія дрэвы адзінокага хутара; наблізіўшыся да гэтае мясціны, я не заўважыў аніякае агароджы, не спаткаў аніводнага чалавека, нават сабака не абазваўся каля самотнае хаціны, а ў цяні садовых дрэваў паўсюль панавала ціша, толькі часам шумелі кранутыя ветрам галіны. Ля самага ўваходу, у вішняку я заўважыў некалькі пчаліных калод, каля іх адпачываў у засені дрэваў нейкі чалавек, побач на траве сядзеў хлопец: заўважыўшы мяне, ён адразу ж разбудзіў гаспадара. Быў той ужо ў гадах, апрануты ў белую палатняную вопратку, худы, твар шчуплы, смуглы; з-пад густых броваў праніклівым вокам ён пазіраў на мяне; падышоўшы да яго, я папрасіў дазволу агледзець сад і пазнаёміцца з мясцовасцю.
– Мой сад, – сказаў ён, – нагадвае дзікі лясны гушчар, тут аніводзін краявід не прывабіць вока.
– Наследаванне прыродзе, – адказаў я, – больш слаўны занятак, чым усялякія вытанчаныя аздобы.
– Пра іх я зусім не думаў, у мяне іншыя намеры.
– Значна больш можа быць карысці ад таго, што абвесціць Вышэйшая думка і Вышэйшае імкненне, чым наследаванне чаго-небудзь. Я, упершыню наведаўшы гэты край, хацеў бы запомніць тое, што не сустрэнеш у іншых мясцінах.
– У іншых мясцінах – іншыя патрэбы ў жыхароў; дык я буду тлумачом маіх думак, бо не разумеючы іх, людзі рознае мяркуюць і дамышляюць. Ды тут вельмі вузкія і стромкія сцежкі, я пайду паперадзе, буду правадніком.
Я ішоў за ім у засені асінаў; вузкая сцяжынка, нібы ў лабірынце, вілася перад намі, з абодвух бакоў былі глыбокія канавы і ямы, берагі якіх зараслі густымі кустамі лазы і густою высокаю травою; у асобных мясцінах была відаць пакрытая зялёнаю цвіллю вада, а ў іншых, зацененых густымі галінамі, велізарныя п’яўкі снавалі сюды-туды; нейкая імгла вісела над панурай і дзікаю прастораю; у паветры была надзвычайная вільгаць, быццам пасля нечаканага дажджу, хоць дзень быў спякотны.
– Праца ці прырода, – запытаўся я, – надалі гэтым мясцінам такі пануры ды дзікі выгляд? І якія могуць быць з гэтага выгоды?
– Глянь на неабсяжныя стэпы Ўкраіны і шырокія засеяныя нівы – тут урадлівая і шчодрая зямля, але ад клімату часта бывае недарод. У гэтых мясцінах пануюць вятры і незвычайная гарачыня, сонца выпальвае не толькі пасевы, але і травы ў нізкіх ярах, ды так, што няма пашы, і ўлетку жывёла без корму і вады. Я працаваў шмат гадоў, капаючы гэтыя ямы і канавы, саджаючы дрэвы і кусты, каб затрымаць вільгаць; і ўжо шмат зрабіў, вада з майго саду, разліваючыся далей, забяспечвае патрэбы ваколіцы і мястэчка Тэпліка. Чалавек, які нязменна ідзе да мэты, не толькі зямлю, але і атмасферу можа змяніць; гэтая вільготная імгла, якую ты бачыш зараз у маім панурым садзе, збірае дажджавыя хмары з усходу і захаду ды поіць вільгаццю сасмяглыя стэпы: глядзі, і цяпер над нашымі галовамі скупчыліся цёмныя воблакі і не рушацца з месца; удалечыні відаць яснае сонца, а мы тут – у засені.
Так апавядаючы пра свае думкі і намеры, ён вёў мяне ўсё далей і далей вузкімі сцежкамі ў дзікім лабірынце; там, дзе шырокая канава адмяжоўвала гэтыя мясціны ад стэпу, я заўважыў нейкі лёх, што вёў пад зямлю, уваход у яго быў прыкрыты густымі кустамі.
“Навошта патрэбна гэтае цёмнае падзямелле?” – спытаў я. “Тут, – адказаў пан Гайнар, – лёх і падземны пераход з аднаго месца ў іншае; яны служаць не толькі дзеля ахалоджвання паветра ды збірання вільгаці, але і іншая. Ды няхай таго ніколі не будзе. Ты чытаў пра страшэнныя зверствы Гонты і Жалезняка, ведаеш пра напады ягоных гайдамакаў, якія лілі кроў па ўсёй Украіне; у выпадку такіх нападаў лабірынт і таемныя лёхі ў маім садзе могуць служыць схованкаю для няшчасных жыхароў. Але гэта толькі пры нагодзе; хадзем далей, пакажу яшчэ, зробленае мною”.
Мы выйшлі на больш адкрытую мясцовасць у другой частцы саду, спыніліся каля квадратнае сажалкі, што мела ў шырыню і даўжыню блізу дзесяці сажняў, а празрыстая вада была цёмна-жоўтага колеру, накшталт задымленага тапазу; тут я ўбачыў кусты нейкіх раслін, з вельмі цёмнай зелянінай.
– Тут фармуюцца мінеральныя воды, – працягваў расказваць гаспадар, – хоць яны цёмна-жоўтага колеру, але празрыстыя, як найчысцейшы крышталь, і няма ў іх тых страшных істот, што можна ўбачыць праз павелічальнае шкло ў кожнай кроплі звычайнае вады. Жыхары Ўкраіны часта наведваюць Адэсу: адны, каб прадаць пшаніцу, а іншыя – дзеля марскіх ваннаў; збываючы прадукты, маюць карысць, а вось шукаючы здароўя на берагах Чорнага мора, – толькі множаць непатрэбныя выдаткі: падарожжа няблізкае і салёная вада мала дапамагае хворым, а гэтая крыніца будзе выратоўваць ад усіх немачаў; я добра ведаю гэтую мясцовасць.
– І я, – кажу, – маю намер у гэтым годзе наведаць Адэсу, але толькі з цікаўнасці.
– Едзеш у Адэсу? Я вельмі рады гэтай нагодзе, бо хачу паслаць туды сёе-тое; вазьмі, калі ласка, адну невялічкую рэч.
– З вялікаю ахвотаю, калі не зойме шмат месца.
– Невялікія рэчы няшмат займаюць месца.