Читаем Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях полностью

— Ну, будзем жа зараз слухаць, — сказаў Завальня, — што нам раскажа твой таварыш. Але здарэнні з твайго жыцця. Страшныя і цікавыя[55].

АПАВЯДАННЕ ДРУГОЕ

ЗУХАВАТЫЯ ЎЧЫНКІ

— Ведаў і я ў сваім жыцці такога чалавека, што быў падобны да Карпы, і за тое ж мусіў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей зухаватых ды лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто ім што добрае кажа — і слухаць не хочуць.

— І я памятаю, — сказаў пан Завальня, — лепшыя часы. Колькі паноў было добрых у гэтых краях! Люба было глянуць, якая сціпласць і ціхамірнасць панавала ў святыні Божай, кожны меў у руцэ венчык і ксёнжачку, пашана была старэйшым і любоў братэрская. А цяпер у касцёле чуеш адны шэпты ды смех; здаецца, для таго толькі й прыйшлі, каб паказаць свае модныя ўборы. Мода і фармазонія іх загубіла, а праз іх і іншыя пакутуюць.

— Мне здаецца, дзядзечка, што людзі заўсёды аднолькавыя: і даўней, як і цяпер, былі злыя і добрыя, былі шчаслівыя і нешчаслівыя.

— О не, Янка! Табе не ўбачыць, што старэйшыя бачылі. Не вернуцца даўнія часы, а будзе яшчэ, можа, і горш. Ну, кажы ж нам сваё апавяданне, — сказаў ён да падарожнага.

— Калі быў я яшчэ зусім малады, памятаю, жыў у нашай вёсцы селянін Антон. Меў ён добрую гаспадарку, беднасці не ведаў, а што быў бяздзетны, дык узяў дзіця невядома ад якіх бацькоў. Яго ахрысцілі і далі імя Васіль. Гадаваў яго, як сваё роднае. Калі хлопец вырас, дык пачаў ганяць гавяду на пашу, але быў вялікі гультай і свавольнік. Заўсёды скардзіліся на яго: то каровы пусціць на засеянае поле, то аблае каго брыдкімі словамі, то ў каго каменем кіне. Ідуць скардзіцца Антону, але Антон любіў яго, і калі казалі яму што, ён быццам і не чуў, патураў яму ва ўсім, а той рос і рабіўся ўсё горшы і задзірлівейшы. Сабраліся аднаго разу на паншчыну. Было тое пасля св. Пятра[56], і Васіля таксама паслалі з хаты на працу. Ён, як звычайна, з кожным задзіраўся, ні пра аднаго чалавека добрага слова не сказаў. Быў тады дзень надта спякотны. Войт загадаў пакласці косы і перакусіць чым хто мае, бо надышоў ужо час папалуднаваць і адпачыць. Усеўшыся на лужку ў кола, гаварылі мы пра тое ды пра сёе. Раптам бачым, як адзін селянін, што быў аддаліўся нечага ад нас, стоячы ля гаю, махае рукою і кліча да сябе:

— Хутчэй, хутчэй, хадзіце сюды, пакажу вам дзіва!

Бяжым усе туды. Селянін паказвае рукою на недалёкія бары:

— Паглядзіце, што дзеецца.

Бачым перад сабою дзівосы нечуваныя. Лясун ідзе па бары, галава вышэй за хвоі, а перад ім выбягаюць на поле велізарныя чароды вавёрак, зайцоў ды іншых звяроў; у небе засцяць сонца, адлятаючы прэч, цецерукі, курапаткі ды іншае птаства. Лясун выходзіць з лесу, ператвараецца ў карузліка, і адразу ж з поля і лугоў падняліся матылі і іншая жамяра, і як бы цёмная хмара закрыла нашу ваколіцу.

Зухаваты Васіль падхапіў камень на полі, падбягае туды, дзе Лясун, бачыць яго сярод травы, кідае ў яго каменем і крычыць:

— Згінь, прападзі!

Лясун закрычаў страшным голасам, што аж лістота пасыпалася з дрэваў, падняўся з травы, нібы велізарны чорны птах і, падымаючы крыламі шум, схаваўся за лесам. Нас ахапіў неспакой. Глядзім усе на Васіля, дзівячыся яго адвазе. А ён, ад гордасці за свой учынак, смяяўся да слёз. Быў між намі адзін дасведчаны чалавек, які сказаў:

— Чуў я ад старых людзей, што такая зухаватасць наводзіць няшчасце.

Выгараць тут лясы і пушчы, будзе паморак на жывёлу, але і табе, Васіль, не пройдзе гэта беспакарана.

— Што мне да таго, — адказаў Васіль. — Я рады, што ў кадука добра каменем пацэліў, няхай не выганяе з нашых лясоў птушак і звяроў.

Чуткі пра гэта разышліся па ўсёй ваколіцы; такія хлопцы, як Васіль, хвалілі ягоную адвагу, і ён усюды ганарыўся сваім учынкам. Але дасведчаныя людзі, якія лепш усё гэта разумелі, з пагардаю слухалі тыя выхвалянні. І Антон, ціхі чалавек, засмуціўся, калі пачуў пра тое.

Другі выпадак быў яшчэ страшнейшы; калі ўспомню — аж валасы на галаве падымаюцца. Аднаго разу (таксама на паншчыне) складалі мы сена. Дзень быў ясны і спакойны; на ўсходзе паказалася воблака, і далёка, быццам бы пад зямлёю, абазваўся гром. Тут бачым: ідзе накшталт слупа, віхор, падымаючы ўгору пясок і ўсё, што яму трапляецца па дарозе. Круцячыся вірам, праходзіць па полі недалёка ад нашае сенажаці. Са здзіўленнем пазіраем мы на гэта. Але вось Васіль кідае граблі, бяжыць на поле, спатыкае слуп віхору і, працягваючы яму руку, крычыць:

— Як маешся, браце!

А з клубоў пылу падае яму нехта чорную, як вугаль, руку. Слуп, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх агарнуў усіх нас. Вярнуўся Васіль, але ніхто яму слова не пасмеў сказаць. Зразумелі ўсе, што ён запанібрата з духам праклятым.

З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і нават тыя пачалі ад яго ўцякаць, з кім раней сябраваў.

Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:

— Тым дурным заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.

І пан яго не чапаў.

Перейти на страницу:

Похожие книги