Каля майго вуха часта-часта, як натомлены, нібыта ён сам танцаваў, дыхаў Кукуруза. А калі Валька закончыла танец і ўсе пачалі апладзіраваць, ён не стаў апладзіраваць, а, сустрэўшыся са мною позіркам, чамусьці нахмурыўся і адвярнуўся.
Потым Аксана чытала вершы Маякоўскага. Добра чытала, толькі вельмі крычала — пэўна, ажно ў вёсцы чутно было.
А потым пачалі купацца. Ігар плаваў кролем, Сашка-«штурман» брасам, ды і Валька нядрэнна плавала (праўда, па-дзявочаму, задраўшы галаву і фыркаючы, як кацяня). Але скакаць у ваду з вярбы ніхто не ўмеў. І вось тут мой сябар Кукуруза паказаў, што такое васюкоўскія хлопцы. Уздзёрся на саменькую вершаліну, разгайдаўся, як малпа, на галіне і я-ак скокнуў — амаль хвіліну ляцеў і амаль на сярэдзіну плёса заляцеў. Усе толькі ахнулі. А важаты сказаў:
— Малайчына! З цябе можа атрымацца добры спартсмен. Табе трэба ў секцыю па скачках з трампліна. Малайчына!
Кукуруза ажно пачырванеў ад задавальнення.
Мяне распірала, і я захацеў даказаць, што я таксама геройскі хлопец. Я папляваў на рукі і пашкробся на вярбу. Але мяне напаткала няўдача. Прыкрая, жахлівая няўдача. Я зачапіўся за сучок і разарваў трусы, нават рызінка лопнула. Пра тое, каб скакаць, і размовы не магло быць. Прытрымліваючы сваё няшчасце адной рукою і ледзь не заплакаўшы ад сораму, я спусціўся ўніз. Але ніхто не стаў здзекавацца з мяне. «Нічога, бывае. З кожным можа такое здарыцца», — супакойвалі мяне ўсе. Я толькі ўздыхаў і ад прыкрасці махаў рукою. Дзяўчаткі прапанавалі мне зашыць трусы, але я катэгарычна адмовіўся. Сядзець галяком, пакуль дзяўчаты будуць зашываць парванае, — лепей утапіцца! Я ўзяў у іх толькі іголку з ніткаю і палез у будан — зашываць сваю ганьбу. Там, у цемры, доўга і няўмела я торкаў іголкаю, пакалоўшы сабе пальцы і каўтаючы слёзы сораму.
Неспадзявана мой позірк упаў на кніжку, што ляжала ў кутку будана, прыкрытая лісцем. Я зацікавіўся, пацягнуў яе. Гэта была «Граматыка». Я спачатку здзівіўся, але потым успомніў, што Кукуруза яе ўзяў, каб пусціць пыл у дзедавы вочы.
У «Граматыку» быў закладзены сшытак. Я разгарнуў гэты сшытак (няхай прабачыць мне мой сябар такую цікавасць!). На першай старонцы пачынаўся «Дзённік Рабінзона Кукурузы». Што там — вы ўжо ведаеце: «прыгоды» і «непрыемнасці» першага дня. «А што далей?» — зацікавіўся я. Перагарнуў старонку — і вылупіў вочы. Далей ішлі практыкаванні. Амаль палавіна сшытка была спісана практыкаваннямі з падручніка — і на дзеясловы, і на назоўнікі, і на прыметнікі.
Практыкаванні былі напісаны алоўкам — таксама, як і дзённік. Можна было не сумнявацца — усё гэта пісалася ўжо тут, на востраве.
Дык вось яно што!
Рабінзон Кукуруза, які збіраўся пражыць на бязлюдным востраве дваццаць восем гадоў, два месяцы і дзевятнаццаць дзён, рыхтаваўся да дыктанту.
Ах ты ж хітрун! Ах ты вужака! Твая гордасць, твая шалёная гордасць атамана не дазволіла прызнацца, што ты старанна рыхтуешся да дыктанту, і ты ўцёк ад людскіх вачэй на бязлюдны востраў і зубрыш граматыку. Ну, чакай! Я табе... А дарэчы, што «чакай»? Хіба я скажу яму што-небудзь?! Хіба я хачу, каб ён застаўся на другі год? Ды не! Вядома ж, не! І я нічога яму не скажу, ні слова, ні паўслова. Няхай думае, што я ні аб чым не здагадваюся. Няхай думае!
Я хуценька паклаў сшытак і «Граматыку» на месца і прыцерушыў лісцем, як і не чапаў.
Ад гэтага адкрыцця мне адразу зрабілася лёгка і весела — нібыта пасля дажджу сонейка засвяціла. Пра свой сорам я і думаць перастаў. Зусім іншым чалавекам выскачыў я з будана. Усе заўважылі перамену ў маім настроі і цяпер смела пачалі насміхацца. Неспадзявана з плёса данеслася:
— Го-го! Вось вы дзе!
Да вострава падплываў яшчэ адзін човен. У чоўне сядзелі Рыгорка Бардадзім і некалькі нашых хлопцаў-юннатаў.
— Амаль гадзіну вас шукаем, — сказаў важатаму Бардадзім, вылезшы на бераг. — Нас Фарадзеевіч прыслаў. Запрашае вас да сябе. Хоча паказаць свае новыя гатункі гародніны і садавіны. Пачаставаць хоча.
— Ой! Навошта ж я так наелася! — у роспачы ўскрыкнула Аксана.
Усе засмяяліся.
— Нічога! Пакуль даедзем, утрусіцца, — супакоіў яе важаты. — Ну што ж, сябры, давайце збірацца!
Пачалася мітусня.
— О! А вы тут што робіце, басякі? — здзіўлена запытаў Бардадзім, заўважыўшы нас.
— У іх справа. Сакрэтная! — таямніча сказала Аксана.
— Што-о? — скрывіўся Бардадзім. — Справа? Якая справа? У гэтых? У гэтых жэўжыкаў? Гэта ж вядомыя ў вёсцы басякі. Мабыць, нешта ўжо прыдумалі, нейкае глупства. Акрамя глупстваў, ніякіх справаў у іх не бывае...
Ніхто нават не засмяяўся. Мабыць, усім было ніякавата, і ўсе маўчалі.
Мы стаялі чырвоныя, як два памідоры.
Мы хацелі праваліцца скрозь зямлю.
Эх! Калі б мы былі такія дужыя, як ты! Мы б табе паказалі! «Справаў! Справаў!» — гаварыць спачатку навучыся!
— І ніякія яны не басякі, а харошыя хлопцы! — адрэзала раптам Валька.
— Правільна! — падхапіў Ігар.
— Харошыя! Харошыя! Харошыя! — заверашчала Аксана.
— Толькі так! — крыкнуў Сашка-«штурман».
— Ну, няхай! Няхай! Няхай! — замахаў рукамі Бардадзім. — Вы — нашы госці, не будзем сварыцца. Паехалі хутчэй! Фарадзеевіч даўно чакае.