Стрэлы, галасы зазывалаў, удары балаганных звонаў, уся гэтая какафонія гучала цяпер прыглушана. Менш траплялася п'яных, але затое п'яныя яны былі ўсур'ёз. Стаміліся маснічныя тройкі. Праз святочны пах курэнняў, пораху, масла ўсё мацней прабіваўся звычайны пах горада, яшчэ ўзмоцнены «велікапосным амбрэ», пах тракціраў, рыбы, гарэлага сала, поснага масла, грыбоў, бочак з чарпакамі, а то і простых цэбраў, што плюхалі на кожным ухабе.
Пад мокрым снегам абвіснулі папяровыя кветкі на дугах. Паступова згортваліся балаганы. Гаспадар завіхаўся ля вазоў, і яму дапамагаў «дзікі чалавек, прывезены з Афрыкі». Дзікага чалавека мучыла пякучка: усю масніцу даводзілася есці жывых галубоў і піць шкіпінар, закусваючы той чаркай, з якой выпіў. Драбіць яе зубамі было нялёгка, нават пасля практыкі, і дзясны дзікуна сям-там кроватачылі.
Салдаты, што ўдзельнічалі ў «бітве расейцаў з кабардзінцамі», разыходзіліся па казармах (кабардзінцы, як заўсёды, атрымаўшы ў карак). І сумна глядзела на іхні ланцуг балаганная прыгажуня, галаднаватая дзяўчына, што зябка хуталася ў дазволеную нарэшце сярмягу. У дзяўчыны была сталая нежыць: усю масніцу яна стаяла на балаганным балконе, пад снегам, сіняя, апранутая толькі ў кісяю.
А знізу яе ўжо клікалі гаспадар і дзікі чалавек: трэба было ўпакоўваць двухгаловае цяля.
На шэрае нізкае неба, на падаючы шацёр, на слізь муроў глядзеў невідушчымі вачыма «ягіпецкі цар фараон». Мумію, па яе крохкасці, павінны былі пакласці на воз апошняй. Мумія фіванская, жаўтаватая, з матавым бляскам. Яна добра збераглася, і, значыцца, «цар фараон» збярог у цэласці сваю «бай»*.
Невядома, ці ўспамінала гэтая «бай» грозныя паходы на Нубію і Лівію, разгром Фінікіі, палонных, што гоняць за калясніцамі і тысячамі прыносяць у ахвяру.
Фараон проста паказваў небу аблічча, і на ягоную скуру, колеру пірага, абсынанага сухарамі, на ягоную былую веліч, церушыўся і церушыўся з неба мокры маскоўскі снег.
І як працверажэнне, ішоў сярэдзінай вуліцы сімвал імперскага парадку, здаравіла-будачнік са сталом на галаве*.
Пёр — аж пар курэў над плячыма.
— Дзікунства наша, дзікасць, — уздыхнуў Чыўін. — Губернатарскі дом — у тры паверхі. Шыльды ля яго — «Мадрыд», «Дрэздэн», «Луўр». А як былі фофаны — так і засталіся. Сталы на галовах носім… Вось, Аляксандар Георгіевіч, якое наша прасвяшчэнне. Мы, на Рагожскай, хаця не пнемся ў новае: ведаем, старымі запаветамі жывем. А тут, з-пад сурдута, дзікасць лезе. Вось хаця б нядаўна… з'явіўся на Краснай плошчы Міхаіл архангел*.
Сам у чырвоным, у левай руцэ піка са сцягам, доўгая, у правай — драўляная шабля, бо ляўшун, шуйцай дзейнічае, а дзясніца — так сабе. Крычыць: «З'явіўся на сваё паселішча! Не мір, але меч!» І вось за архангелам-леўшуном валіць натоўп. Тут табе сярод іх і проста цікаўныя, але тут і веруючыя… І ідзе гэты архангел ад Нікольскай брамы праз усю плошчу аж да Блажэннага Васілія.
На сярэдзіне плошчы, ля голых Мініна з Пажарскім — сарамацішча! — будачнік архангела арыштаваў ды пацягнуў у акалодак. Выявілася — ніякі ён не «нябесны жыхар», а манах беглы, вашывы. Вось да чаго яны Божае імя давялі.
Макар толькі пасмейваўся на козлах. А купец пачырванеў яшчэ больш, каламутна-сінія вочы пацямнелі. Вялікі рот нібы скамянеў. Рука мяла клін барады.
Нясцерпны, арэхава-гнілы смурод Ахотнага рада змяніўся адносна свежым паветрам: з Цвярской, нібы з цясніны, павеяла ветрыкам. Сані паварочвалі да Краснай плошчы.
— Трэба будзе табе потым, князь, на Яблычны двор з'едзіць. Там таксама паляўнічымі стрэльбамі гандлююць, сабакамі, усім такім. А што, сланы таксама ў Афрыцы?
— Але.