Читаем Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча полностью

Маг здзіўлёна прыўзняў бровы.

— А вы паразумнелі, малады чалавек… Значыць, спакусіліся каронай святога Альфрэда, ці заадно і езуіцкім скарбам? Але ў мяне засталося не так шмат…

Пранціш адмоўна пакруціў галавою.

— Мы вернем вам той ліст, які зараз захоўваецца ў надзейным месцы і ў выпадку вашай здрады будзе адпраўлены ў Трыбунал, і дамо слова ніколі не распавядаць пра ваша злачынства, калі вы дапаможаце патрапіць інкогніта мне і яшчэ тром ліцвінам у Санкт-Пецярбург і пабываць там, дзе нам спатрэбіцца.

— За доктарам Лёднікам сабраліся? — насмешна, але з дамешкам нянавісці прагаварыў Батыста. — Павінен папярэдзіць, што ўсе пражэкты па ягоным вызваленні не спраўдяцца. Надта сур’ёзная справа.

— А што здарылася з панам Лёднікам? — Раіна Міхалішыўна шчыра ўстрывожылася, і Пранціш мімаволі заглядзеўся на яе зялёныя вочы, хаця даваў сабе слова аніяк не выяўляць увагі да новай каралеўскай фаварыткі. Вырвіч коратка апісаў сітуацыю. Батыста злосна засмяяўся і выказаў свае меркаванне.

— Я не сумняваўся, што доктар скончыць дрэнна. Ён у вас проста герой гішпанскага раману Дон Кіхот, які з тазікам на галаве і іржавай дзідай кідаецца на ветракі. І што пасля дзівіцца, калі атрымлівае па галаве? І гэта замест таго, каб спакойна карыстацца дадзенымі небам талентамі, за якія многія душу б заклалі. Што ж, абяцаю, вы будзеце побач са сваім доктарам, але вызваляць яго я не збіраюся. І палец мачаць у гэта не стану. Якая мне розніца, за што быць павешаным, за старую справу ці за новую?

Вырвіч нахмурыўся.

— Вы павінны забяспечыць нам магчымасць быць побач з доктарам і сачыць за ягоным лёсам.

— Ну, гэта я магу… — Батыста пасміхнуўся. — А цяпер падумаем, што з вамі рабіць. Паклічце сюды вашых трох ліцвінаў…

Калі пан Рысь і двое студыёзусаў, высокі бялявы Рак ды плячысты чарнявы Сак, зайшлі ў пакой, пад дзвярыма якога вычыквалі, Батыста, зноў упэўнены і зласліва-іранічны, абыйшоў невялікі атрад, крытычна аглядаючы кожнага.

— Ну што, адважная банда Дон Кіхота, будзем падбіраць кожнаму адпаведную ролю!

Пан Рысь паспрабаваў быў абурыцца і паказаць нахабнаму блазну ягонае месца, таму што больш за ўсё на свеце хацеў засячы здрадніка, але пан Батыста звузіў шэрыя вочы, выскаліўся, і хаця да Лёдніка, які поглядам прыбіваў да месца, яму было далёка, спрачацца чамусьці ўсім расхацелася. Не, баязліўцам назваць мага ўсё-ткі нельга.

Італьянец абмерыў вачыма высакародную постаць пана Рысі, затрымаўшыся на чорных баявітых вусах.

— Ну, вас, вашамосць, магу зрабіць фарэйтарам… Будзеце з коньмі ўпраўляцца. Бо вам пры вашай паставе абавязкова трэба мець мундзір! І зброю тады зможаце пры сабе пакінуць.

Пакуль пан Караль буркатаў нешта няўхвальнае, маг спыніўся каля бялявага Рака ды чарнявага Сака.

— А гэтых куды, мія кара? — азірнуўся на Міхалішыўну. — У асістэнты не падыходзяць, занадта няўклюдныя. З роляй лёкаяў таксама не справяцца — упусцяць прылюдна пару разоў паднос альбо грэлку, і што тады, лупцоўку ім даваць, каб легенду не разбураць?

Павукі разбегліся па кутах пакою, бо адчулі, што зараз людзі могуць пачаць шпурляцца адзін у аднаго не толькі словамі і парвуць павуту, столькі працы ляснецца… Хіба людзі здольныя гэтак карпатліва высноўваць ды пераплятаць таненькія ніты! Не, ім бы секануць, загадаць і атрымаць сваю муху адразу, пад анісавай падлівай на саксонскай парцаляне…

Раіна агледзела абураных студыёзусаў.

— А няхай паны едуць у карэце на дваццаць чатыры вакны… Ну, на возе пры дэкарацыях, быццам насільшчыкі! Будуць дапамагаць сцэну абсталёўваць, рэчы грузіць, здаецца, хлопцы дужыя.

— І праўда… — пагадзіўся Батыста. — Паступіце ў распараджэнне майго Джавані. Ён дасць вам вопратку. А што рабіць з вамі, пан Вырвіч?

Пранцішу зрабілася няўтульна, надта іранічны позірк быў у мага.

— Пан Вырвіч, напэўна, пад падазрэннем, — нагадала Міхалішыўна. Батыста задумаўся.

— Яшчэ як… Яны ж з доктарам — як нітка ды голка, усім вочы скалолі. Тут простага пераапранання мала…

Маг нядобра так прыжмурыўся, як цэнзар з калегіюма, які дакладна ведае, што ў гэтага шкаляра ў кішэні схаваныя карты, і зараз з’явіцца прычына адхвастаць гульца бярозавымі розгамі.

— Вось што, вы, пан Вырвіч, будзеце маім асабістым егіпецкім слугою! Лічыце сябе хоць нашчадкам фараона… Валасы пафарбуем, скуру вымажам, касцюмчык падбяром… Затое зможаце паўсюль за намі соўгацца, апахалам графіню абмахваць, у фокусах мне дапамагаць — вы ж чалавек спрактыкаваны ў розных пракудах, гэта я адразу ўбачыў. Паспрыяеш яму пераўвасобіцца, мія кара?

Міхалішыўна весела засмяялася.

— Басмы хапае. Крэм для скуры намяшаю. Цюрбанчык накручу…

— Ну вось і добранька! А на досвітку з’едзем, каб ніхто не пабачыў, што былі вашамосці — паважаныя шляхціцы, а сталі прыслугай егіпецкага жраца Атхесенпаамона, прыемна пазнаёміцца.

Перейти на страницу:

Похожие книги