— Але Чунь Лі сам чалавек жарсны… — заўздыхаў скрушліва дзядок і прызнаўся, што з радзімы давялося яму ўцякаць пасля таго, як ягоны гаспадар, вельмі важны чыноўнік, патрапіў у няміласць да імператара, і прыйшлі жаўнеры з загадам усё сямейства чыноўніка забіць. Чунь Лі, улюбёны вучань і целаахоўнік, не змог разам з гаспадаром ды іншымі слугамі добраахвотна прыняць смерць, а наадварот, пачаў біцца з прыхаднямі… А калі ўсіх перабіў — выратаваны гаспадар з раздражненнем на занадта стараннага слугу сябе зарэзаў, бо волю імператара парушаць нельга. Вось і блукае цяпер Чунь Лі па чужыне, як бяздомны сабака…
Пранціш трошкі не разумеў такой філасофіі, а калі спытаўся, як дапамагчы доктару Лёдніку, зноў сустрэўся з дзіўнотай.
— Канфуцый вучыў, калі табе скажуць, што высакародны муж, вядомы сваёй чалавечнасцю, патрапіў у студню, кідацца яму на дапамогу не трэба. Таму што высакародны муж можа ісці на смерць, але не можа гінуць неразважна.
Як з такой філасофіяй спалучалася выбітное баявое ўменне, невядома. Відаць, для ўжывання ўсялякіх хітрамудрых удараў у кітайца былі свае вучоныя абгрунтаванні — філосаф заўсёды здольны абгрунтаваць самы дзікі свой учынак такім высокім ды наймудрым слогам, што не тое каб упікнуць мудраца — яшчэ і ў ладкі яму папляскаюць прасцякі. Але ясна, што разлічваць на спадара Лі ў вызваленні доктара не выпадае. Добра, палечыць яго ды дапаможа аднавіцца… Нетрадыцыйнымі, хаця й жорсткімі, метадамі. Калі паедуць у Пецярбург, Лёднік павінен быць у як мага больш добрым стане.
Дзядок аказаўся вясёлы, жартаўнік… Цяпер было зразумелым, чаму перадаваў Лёднікам стравы, у якіх плавалі вочы ды іншыя жарсці. Распавядаў Пранцішу і пра звычаі кітайскіх паэтаў — як толькі такі паэт дасягаў вяршыні славы, тут жа ўсё кідаў, перасяляўся на іншае месца, дзе яго ніхто не ведаў, мяняў імя і пачынаў усё спачатку… Дзівакі, адно слова.
Распавядаў і пра свае вандроўкі па Сібіры. Як сустракаўся з тунгусамі, яны ўсе былі з тварамі, расфарбаванымі ў розныя колеры, так, што нельга адрозніць жанчын ад мужчын. Тунгусы вандруюць ад ракі да ракі, ловяць рыбу, з забітага звера смокчуць цёплую кроў, памерлых сваіх не хаваюць, а ставяць на дрэвах, страляюць з лукаў незвычайна трапна. Чунь Лі пабываў у адным іх племені ў палоне цэлы год, пакуль не абмянялі яго ў рускага пасланніка на дзесяць нажоў.
Алесіка доктар дазволіў прывесці да сябе, толькі калі змог больш-менш прыўзнімацца і, каб не напалохаць малога, пагаліў бараду, якая ўжо ладна адрасла. А Пранцішу перадаў, каб не рабіў глупстваў і не ўздумаў арганізоўваць фантастычныя планы па ягоным выратаванні. Баўтрамей Лёднік сам пра сябе паклапоціцца.
Пранціш толькі фыркнуў. Ведаем, як гэты высакародны муж умее пра сябе клапаціцца.
Праз пару тыдняў доктар пачаў сам хадзіць. Яшчэ праз тыдзень — займацца з Чунь Лі гімнастыкай. Паколькі Лёднік, як праўдзівы беларус і палачанін, валодаў усімі якасцямі трыпутніка — здольнасцю ўставаць, калі чужым колам пераехала, капытом прытаптала, зноў і зноў, і лекаваць іншых, і трымацца за неласкавую родную зямлю, Вырвіч зразумеў, што час дзейнічаць і яму. Бо пан Рысь пра шлях Батысты даведаўся дакладна…
На маленькай прыдарожнай станцыі давялося прачакаць два дні. Каб быў пры сабе птах-кабец, па чыім палёце продкі варажылі, дык запусцілі б у сіняе неба… Бо цяпер удзень неба сінела, і ўсё здавалася прыгожым, як на нямецкай парцалянавай талерцы. Дом, з шэрых бярвенняў, з гонтавым дахам, зацярушаным снегам, нагадваў палац Зюзі, славянскага боства холаду. Падслепаватыя вакенцы зацягнула шэранню, як самымі каштоўнымі фіранкамі. Хвойкі ля весніцаў, улетку, напэўна, здратаваныя мінакамі, цяпер прыбраліся ў аксаміт і дыяменты, як сіроткі, якіх узяў пад апеку магнат, даў пасаг і вывез на баль, падабраць вартых жаніхоў. Унутры карчма была, як карчма — смярдзела лоем ды кіслай капустай. Госці пілі яшчэ больш, каб сагрэцца, спявалі яшчэ грамчэй, каб адагнаць тугу доўгіх цёмных зімовых вечароў… Пранціш, пан Рысь і яшчэ двое ўвішных хлапцоў, з выратаваных Лёднікам студэнтаў, па мянушцы Рак ды Сак, пілі і спявалі, як і астатнія. І каб не прывабліваць увагі, і проста таму, што як яшчэ маладым воям перад бойкай прабавіць час?