Алесь выцер з твару восеньскі дождж.
— Хтосьці дапаможа?
З сядзельнай сумкі малодшага Лёдніка несамавіта высоўваў бліскучы нос мікраскоп.
Вырвіч і без павелічальнага шкла бачыў бяду.
— Кароль рады Бутрыма з жыцця вытрасці, як каменьчык з бота. Тызенгаўз супраць не папрэ, Жылібер сведчыць — адразу пачаў пра Бутрыма рэзка адзывацца. Сам Жылібер спачувае, але што ён зробіць...
На прыдарожным крыжы вісеў абраз, пасечаны нечай шабляй. Засталося адно цёмнае сумнае вока...
— А бацька... жывы яшчэ?
Вырвіч і сам хацеў бы пэўнасці — ці мала няшчасных павісала ў петлях ды палівала крывёй шыбеніцы ў дварах магнацкіх палацаў...
— Суд яшчэ мусіць быць.
Самому б у гэта верыць.
— А што, калі... Да расейскай царыцы звярнуцца?
Вырвіч скасавурыўся на Алеся: наколькі шмат ён ведае пра стасункі бацькі і імператрыцы? Паколькі хлопец адвярнуўся і пачырванеў — ведае досыць.
І ў такім бядотным становішчы можна было і да царыцы... Калі б мудры ганарысты Бутрым, які паставіў за мэту быць незалежным ад ласкі вяльможнай, якраз напярэдадні не спаліў сабе і гэты масток — пра што Вырвіч з расчараваннем даведаўся толькі пасля суда. Імператрыца пажадала пачуць, як дзейнічае Адукацыйная камісія, як працуе ў Гародні медычная школка... У дэлегацыю, што мусіла пра гэта дакласці, згодна негалоснаму манаршаму распараджэнню, належала ўключыць прафесара Баўтрамея Лёдніка. А той упёрся... Не варты, этыкету не навучаны, радаводам не выйшаў... Ясна, што дзеля спакою каханай Саламеі ў вязніцу пойдзе за аслушэнства — але не дасць новай падставы брудным чуткам. Ніякіх больш палацаў і імператрыцаў...
Панятоўскі дык толькі ўсцешыўся. Але ў Санкт-Пецярбургу ганарыстага доктара кляйном адпаведным пазначылі.
— Я не паеду дадому.
Алесь Лёднік упарта падціскаў вусны. У глыбокай калюжыне ад сялянскіх калёс люстравалася неба падзеленай краіны.
— Я з панам Вырвічам — у Ашмяны.
...Вох, які водар у старой прыдарожнай карчме, каб вы, дабрадзеі, ведалі! Ніводзін парыжскі парфумер не накалбоціць такой раскошы. Часнок, згорклае сала, кіслая капуста, тлушч, у якім смажылася не адно пакаленне каўбасак, можа, яшчэ з часоў Саса, гнілое сена. Плысці можна ў такім водары! У сціплую пабудову пад назвай «Эльдарада», чые шэрыя драўляныя скабы аж раздзімаліся ад напругі, шляхты набілася, як тых канкістадораў у карабель, што нясе да залатога горада. І шарачкі, што ганарыста выстаўлялі на пагляд захаваныя каштоўнасці — у каго сыгнет, у каго зыркі, як вясёлка, дзядоўскі паяс ці дыяментавы гуз на пабітай моллю шапцы... Кулялі чаркі і некалькі асобаў у дыхтоўных саетах.
П’юць піва мястэчкі,
П’юць піва і вёскі,
І паньства статэчна,
І люд вельмі просты,
П’е піва і худы,
П’е піва і тлусты,
І дзед сіваброды,
І хлопак бязвусы.
Музыкі былі не зусім сабе карчомныя — у аднаго, вышэйшага, чарнавусага, у чырвонай світцы і сінім сукмане, мандаліна, у другога, маладзейшага і шчуплага, у блазенскім зялёным каптане з жоўтымі клінамі — скрыпка, а на шапцы цэлы пук паўлінавых пёраў. Гралі-спявалі шалапуты «з каленцамі», мудрагеліста, відавочна звыкшы ўпрыгожваць слых уладальнікаў маёнткаў. Той, што з мандалінай, яшчэ ўмудраўся нагой кіраваць механічным барабанам з талеркамі, каб шляхетны слухач, нат адужаны Бахусам, не заснуў канчаткова і пад вясёлы грукат хоць шэлег ламаны адшкадаваў менестрэлям.
Зусім не падобна, што панства тутэйшае збіраецца на паховіны.
Цяпер паважаны пан Вырвіч не мусіў глытаць галодную сліну, калі заходзіў у карчму, як калісьці давялося ім з Лёднікам, калі той яшчэ быў бяспраўным слугою збеглага шкаляра. Дыяментавы гуз на сабалінай шапцы найлепшы пропуск. Карчмар хуценька вызваліў месца, сагнаўшы нейкіх чумакоў, і чаканне замоўленых клёцак з душамі прыкрашала кампанія двух келіхаў піва.
Келіхі былі масянжовыя і гнутыя. Справа шляхецкая — з чаго п’ецца, тым і б’ецца.
Непадалёк мажны шляхцюк у багатай серабрыста-чырвонай чузе, якая, мяркуючы па працёртых рукавах, ведала лепшыя часы, бубнеў пры пачцівай увазе слухачоў пра ўласнае Эльдарада, калі давялося пажыць у Нясвіжы яшчэ пры ягамосці вялікім гетмане Радзівіле Рыбаньку:
— А от у дзень імянінаў карусель у гонар яснавяльможнага князя была. Усе ў сукнях машкарных, у строі ружовым градэтуравым, з галунамі срэбнымі, а плашчыкі гарнастаямі падшытыя, а на галовах каскеты высокія з пер’ем белым. Падзяліліся ягамосці на чатыры банды кавалераў, адну вёў сын ягамосці Януш, што ў хуткім часе памёр, другую — іншы сын, яснавяльможны Караль, а трэцюю пан Карніцкі, паручнік пяцігорскі, а чацвёртую — пан Нарніцкі, харунжы гусарскі... І ў кожнай бандзе было на калясках столькі ж німфаў, i кавалеры ix везлі.
Расповед нагадваў гранне катрынкі альбо зачытванне дыярыюша.
Лучших из лучших призывает Ладожский РљРЅСЏР·ь в свою дружину. Р
Дмитрий Сергеевич Ермаков , Игорь Михайлович Распопов , Владимира Алексеевна Кириллова , Эстрильда Михайловна Горелова , Юрий Павлович Плашевский , Ольга Григорьева
Геология и география / Проза / Историческая проза / Фантастика / Славянское фэнтези / Социально-психологическая фантастика / Фэнтези