Зрэшты, ахвяры часьцей за ўсё і самі здагадваліся, за што. І праглыналі сваё прыніжэньне, бо каму хочацца, каб пра яго хадзіла слава зьбітага дзеўкамі недарэкі: за ўвесь час, пакуль банда шчыравала ў розных раёнах, ніводная ахвяра не паскардзілася ня тое што ў міліцыю, але нават прыяцелям. Толькі некалькі настаўнікаў былі вымушаныя звольніцца з працы і пашукаць сабе больш бясьпечнага занятку, і сярод іх быў нават адзін немалады, жанаты чалавек з трыма дзецьмі. Каму зь дзяўчат ён мог перайсьці дарогу, ды настолькі, каб давялося ставіць сабе новыя зубы? Мо і невядомай нам Каханоўскай, якую неяк назваў «тупой жырнай каровай» перад усёй клясай. Але ж ён быў чалавек у гадах, і зь іхнай вышыні мог дазволіць сабе, скажам так, пэўную вольнасьць стылю! Да таго ж ён сам ім расказваў, што ў Індыі карова — сьвятая жывёла. Магчыма, расказваў занадта часта, бо сьмех пасьля гэтых словаў чуўся ўсё радзей, а потым і зусім занік. Ператварыўшыся ў дзіўны звон, прыглушаную музыку, якая гучыць з кустоў бэзу цёмнымі менскімі вечарамі.
Што да ахвяраў маладзейшага веку, дык яны прыходзілі раніцай у школу ў гераічных бінтах і, хаваючы вочы і заікаючыся, расказвалі неверагодныя і няўцямныя гісторыі. Ну, на тое яны і хлопцы, каб хадзіць з гузакамі, супакойвалі сябе пэдагогі. Галоўнае, што ўсе жывыя. І ніхто ня піша заяваў ні ў органы правапарадку, ні ў РАНА — толькі кантрольныя і дыктоўкі. Дзяўчаты пішуць больш пасьпяхова за хлопцаў, расьце цэлае суквецьце выдатніц. Хлопцам навука даецца цяжэй, але ж на тое яны і… І наогул, да свадзьбы зажывёт. І жывот зажывёт, і ўсякая рана зарасьцёт, зуб прайдзёт, жызьнь прайдзёт, цот-няцот, цот-няцот, цот.
Можа, яно й добра, што мужчынская гордасьць не дазваляла ахвярам паўзаемнічаць міжсобку хаця б раз, каб нарэшце аб’яднацца і ўваліць крыўдзіцелькам як сьлед, вылавіўшы іх па адной. Інакш справа магла б дайсьці да самай жорсткай вайны. А можа, на тое і быў хітры разьлік банды: ведаючы асаблівасьці гэтай гордасьці, зламысьніцы былі пэўныя, што ахвяры застануцца разьяднаныя і слабыя, як пінская шляхта, і бясьсільныя, як дзеці.
Нехта ўсё ж пусьціў пагалоску пра гэтых жудасных дзевак — перашэптам, перакурамі за школьным ганкам, апасьлівымі пераказамі легенда выйшла за межы адной школы і разышлася па ўсёй сталіцы. Хоць, магчыма, пастараліся і самі бандыткі, намякнуўшы пра свае прыгоды самым балбатлівым вучаніцам і прыгразіўшы ім расправай, калі яны назавуць хоць бы адно імя.
Трэба сказаць, што бацькі ўдзельніц банды спалі спакойна: іхныя дочкі ніколі не вярталіся дахаты пазьней строга прызначанага для іх дзявочага часу. Маткам не даводзілася ўзірацца ў цёмныя двары, сьлепячы свае вочы, у якіх скакаў нязгасны тэлевізійны агеньчык, і выціраючы кроў са сваіх вечна сырых сэрцаў. І айцы сямействаў ня мусілі раўці на дачок у вузкіх калідорах, што ўжо ноч даўно і «дзе-ты-швэндаешся-прастытутка-малая». Не, роўна ў абяцаны перад сыходам на шпацыр час дзяўчаты адчынялі дзьверы сваіх кватэраў і скідвалі з ног разьбітыя туфлікі. Свае станцаваныя чаравічкі. І, пачытаўшы на ноч праграмныя кніжкі, клаліся у свае ружовыя ложкі, пад позіркамі сваіх даўно ўжо халодных плюшавых мядзьведзяў і пастарэлых лялек, пацалаваўшы ўпотай постэр з выявай вусатага, як месяц, кінаактора, які ніколі, ах, ніколі не прыедзе ў іхны горад.
Колькі іх было, тых зламысьніц? Мо дзесяць-дванаццаць, а можа і меней, можа, гэта ўсё бэз вінаваты, ён заўжды ўсё перабольшвае, непралазны менскі бэз з ачмуральным жаночым водарам, чортаў куст, які таксама ўмее сьмяяцца, калі да яго дакранешся локцем на бязьлюднай вечаровай сьцежцы; можа, гэта ягоная прысутнасьць стварала ілюзію шматлікасьці банды. А дзеўкі ў гэтай зламыснай кампаніі былі як на падбор: бляндынкі і брунэткі, пульхныя і хударлявыя, як мадэлі, маленькія, празрыстыя, як рэдкі від жабянятаў, і высачэзныя, падобныя да скандынавак жанчыны ў целе, пра якіх і ня скажаш, што яны яшчэ школьніцы, такіх у войска бяруць, не раздумваючы, і ў жонкі бяруць, і ў касманаўты, і ў міліцыю, і на цёмныя справы ў сьветла-шэрую ад брудных ліхтароў імглу.
Банда шчыравала месяцы тры, ня болей — яна так і засталася няўлоўнай, засталася белымі калготкамі на першым таполевым сьнезе. Здаецца, менавіта так, «белымі калготкамі», з жывёльным жахам перад усім жаночым, называлі мітычных прыбалтыйскіх снайпэрак расейскія акупанты на Каўказе. Напады скончыліся, нібыта і не было разьбітых вострымі абцасамі вуснаў і адточаных тычкоў пад рэбры ды трапных вытняў па самых гордых мужчынскіх месцах. Зразумела, чаму: не таму, што кожная школа некалі канчаецца, і не таму, што некаторыя жабяняты ператвараюцца ў скандынавак, а некаторыя скандынаўкі ў афрыканскіх рабыняў, і не таму, што неўзабаве зьявіліся мабільнікі, а сьвятла ў горадзе стала болей, чым бэзу. І не таму, што менскі месяц згаліў вусы — бо ў яго іх і не было, тых вусоў. А таму што кожная сапраўдная гісторыя мусіць скончыцца нічым, каб пакінуць месца для новай, яшчэ больш сапраўднай. Толькі так яна мае шанец ператварыцца ў легенду.
2. Млявыя мэлянхолiкi