Закладзены пад Замак зарад быў такой сілы, што ад муроў засталася толькі вялікая куча каменьня, а там, дзе раней быў унутраны двор, выбух выкапаў глыбокую, падобную да магілы нейкага велікана, яміну. Яміну, поўную белых костак мінуўшчыны. Увесь узгорак быў пакрыты чырвонымі камянямі, і цяпер тое, што пакінуў па сабе Замак, нагадвала хіба што нейкі тужлівы і няскладны стоўнхэндж. Неўзабаве яго прыбралі, месца расчысьцілі, і новыя сьледчыя ўзяліся за працу, спрабуючы напасьці на сьлед невядомых барбараў.
Але кожнаму, хто калі-небудзь бачыў Замак, яшчэ доўга мроіліся ў паветры над узгоркам ягоныя фантомныя абрысы. Жыхары навакольных паселішчаў, якія праяжджалі міма, на нейкае імгненьне бачылі ягоную спаруду, і ў іх балелі вочы ад такога аптычнага падману. Нібы Замак усё яшчэ стаяў там, на сваім законным месцы, засьцячы зрок. Ужо няісны, ужо частка той гісторыі, што ніколі не паўторыцца, ён усё яшчэ займаў сабой выдзеленую яму прастору — і хто ведае, калі насамрэч скончыцца гэтае ачмурэньне.
Чаго ня бачыў ніхто — дык гэта белай мухі, што дагэтуль кружляе над месцам выбуху. Белай мухі, падобнай да скачанай у малюсенькі шарык ніткі жаночых калготак. Муха лётае над ужо амаль зьніклым у траве чырвоным каменьнем, муху немагчыма заўважыць з дарогі. Трэба спыніцца і выйсьці з машыны, падняцца на ўзгорак, сесьці на зямлю і заплюшчыць вочы. І тады празь нейкі час ты адчуеш дотык яе белых лапак у сябе на скуры, адчуеш яе халодныя вусны. Пацалунак маўклівай мухі, якая ніколі ўжо не засьне.
Менск-Друя-Корпастрэм-Менск
2015