- Дык вось, у студзенi, у снег i мяцелiцу, - а варта снегу пакрыць мяне, i я быў бы выяўлены! - змораны, прастужаны, з ламатой ва ўсiм целе, невыказна няшчасны i ўсё яшчэ амаль напалову перакананы ў сваёй нябачнасцi, пачаў я новае жыццё, на якое сам сябе асудзiў. У мяне не было нi прыстанiшча, нi сродкаў да iснавання, не было нiводнага чалавека ва ўсiм свеце, якому я мог бы даверыцца. Раскрыць сваю таямнiцу азначала б адмовiцца ад сваiх шырокiх планаў на будучае - мяне проста сталi б паказваць як дзiва. Тым не менш я было амаль адважыўся падысцi да якога-небудзь прахожага i прызнацца ва ўсiм. Але я занадта добра разумеў, якi жах i якую нечалавечую жорсткасць абудзiла б такая спроба. Пакуль што мне было не да новых планаў. Я хацеў толькi схавацца ад снегу, захутацца i сагрэцца, - тады можна было б падумаць i пра будучае. Але нават для мяне, чалавека-невiдзiмкi, рады лонданскiх дамоў стаялi замкнёныя i непрыступныя.
Толькi адно бачыў я тады выразна перад сабою: холад, беспрытульнасць i пакуты блiзкай ночы сярод снежнай завiрухi.
I раптам мяне натхнiла блiскучая думка. Я звярнуў на вулiцу, якая вяла ад Гаўэр-стрыт да Тотэнхэм-Кортроўд, i апынуўся перад вялiзным магазiнам "Omnium"- вы ведаеце яго, там гандлююць абсалютна ўсiм - мясам, бакалеяй, бялiзнай, мэбляй, вопраткай, нават карцiнамi. Гэта хутчэй гiганцкi лабiрынт разнастайных крамаў, чым адзiн магазiн. Я спадзяваўся заспець дзверы магазiна адчыненымi, але яны былi закрыты. Пакуль я стаяў перад шырокiм уваходам, пад'ехала карэта, i швейцар у лiўрэi, з надпiсам "Omnium" на фуражцы расчынiў дзверы. Мне ўдалося прабрацца ўсярэдзiну, i, прайшоўшы першы пакой - гэта быў аддзел стужак, пальчатак, панчох i да таго падобнага, - я трапiў у больш прасторнае памяшканне, дзе прадавалiся кошыкi i плеценая мэбля.
Аднак я не адчуваў сябе ў поўнай бяспецы, таму што тут увесь час таўклiся пакупнiкi. Я стаў бадзяцца па магазiне, пакуль не трапiў у вялiзнае аддзяленне на верхнiм паверсе, якi быў увесь застаўлены ложкамi. Тут я нарэшце знайшоў сабе прытулак сярод велiзарнай кучы складзеных матрацаў. У магазiне запалiлi ўжо святло, было вельмi цёпла; я вырашыў застацца ў сваiм сховiшчы i, уважлiва сочачы за групамi прыказчыкаў i пакупнiкоў, якiя сноўдалiся па мэблевым аддзяленнi, стаў чакаць час, калi магазiн зачыняць. "Тады ўсе пойдуць, - думаў я, - i я здабуду сабе ежу i вопратку, абыду ўвесь магазiн, абследую яго запасы i, напэўна, нават пасплю на адным з ложкаў". Гэты план здаваўся мне рэальным. Я хацеў узяць вопратку, каб ператварыцца ў захутаную фiгуру, якая ўсё ж не выклiкае падазрэнняў, расстарацца грошай, затым атрымаць свае кнiгi i прэпараты з паштовай канторы, наняць дзе-небудзь пакой i распрацаваць план поўнага выкарыстання той перавагi над маiмi блiзкiмi, што - як я ўсё яшчэ ўяўляў - давала мне мая нябачнасць.
Час закрыцця магазiна наступiў даволi хутка. Прайшло не больш гадзiны, як я забраўся на кучу матрацаў, i вось я заўважыў, што шторы на вокнах апушчаны, а апошнiх пакупнiкоў выправаджваюць. Потым некалькi жвавых маладых людзей узялiся з незвычайнай хуткасцю збiраць тавары, якiя ляжалi на прылаўках. Калi натоўп парадзеў, я пакiнуў сваё логава i асцярожна прабраўся блiжэй да цэнтральных аддзяленняў магазiна. Мяне ўразiла хуткасць, з якой цэлая армiя юнакоў i дзяўчат прымалi тавары, што былi выстаўлены на працягу дня для продажу. Усе картонкi, развешаныя тканiны, гiрлянды карункаў, скрынкi з ласункамi ў бакалейным аддзяленнi, самыя розныя прадметы, выстаўленыя на прылаўках, - усё гэта ўбiралася, згортвалася i складвалася ў спецыяльныя сховiшчы, а ўсё, чаго нельга было прыняць i схаваць, прыкрывалася чахламi з якога-небудзь грубага матэрыялу накшталт парусiны. Нарэшце ўсё было састаўлена на прылаўкi, на падлозе не засталося нiчога. Закончыўшы сваю справу, кожны з маладых людзей спяшаўся пайсцi з выразам такога натхнення на твары, якога я нiколi яшчэ не бачыў у прыказчыкаў. Потым з'явiлася плойма падлеткаў з апiлкамi, вёдрамi i шчоткамi. Мне даводзiлася раз-пораз ухiляцца ад iх, але ўсё ж апiлкi траплялi мне на ногi. Разгульваючы па цёмных апусцелых памяшканнях, я яшчэ даволi доўга чуў шастанне шчотак. Нарэшце, праз гадзiну з лiшнiм пасля закрыцця магазiна, я пачуў, што замыкаюць дзверы. Усталявалася цiшыня, i я застаўся адзiн у вялiзным лабiрынце аддзяленняў i калiдораў. Было вельмi цiха - помню, як, праходзячы мiма аднаго з выхадаў на Тотэнхэм-Корт-роўд, я прыслухоўваўся да стуку абцасаў прахожых.