Читаем Чорны замак Альшанскі полностью

— Не плач, — сказаў я і пагладзіў яе па галаве. Па гэтых цудоўных валасах колеру чырвонага дрэва з золатам, якія ніхто на свеце — а я першы — не наважыўся б назваць рыжымі. Ды яны й не былі такія.

— Я не плачу, — нечакана цвёрдым і нават сухім, можа, ад безнадзейнасці, голасам сказала яна. — Мне крыўдна іншае.

— Што?

— Цяпер ужо можна сказаць. Бо ўсё адно нічога не зменіцца.

— Што такое? — аднымі вуснамі спытаў я.

— Мне крыўдна, што ты не заўважыў. Не заўважыў, што я ледзь не з самага пачатку кахаю цябе…

— Кінь, — сказаў я. — Гэта я, гэта я не хацеў, каб ты заўважыла. Я пражыў больш за цябе так многа, так бессаромна многа, што не маю права…

— Ты на ўсё меў права… Я вельмі, вельмі кахаю цябе. І мне ўсё адно што ты не ведаў, — цяпер ведаеш. І мне ўсё адно што мы тут і не выйдзем адсюль. Бо гэта мы тут. Ты і я. І іншых у нас, нават калі б здарылася непапраўнае і я перастала б так кахаць цябе, як кахала, ужо не будзе. Не думай. Я шчаслівая гэтым.

— І я шчаслівы, што дапамагло гора, што я пачуў гэта. Бо я ніколі б не наважыўся сказаць табе… Хаця я жадаў бы, каб ты жыла доўга-доўга, пакуль існуе гэты кляты, гэты блаславёны свет. А больш за ўсё на свеце хацеў бы, каб ты жыла. Я дужа, дужа кахаю цябе. І мне лёгка зараз прызнацца ў гэтым.

Яна прысунулася да мяне і паклала галаву мне на калені.

— Я дужа… я ўсё б аддала за цябе. Праўда. Праўда, бо лёс паставіў нас перад немагчымасцю хлусіць. Ані ў адным слове.

— Я і так ніколі не хлусіў бы табе. Гэтым цяжкім валасам, марскім вачам, гэтым веям немагчыма было б хлусіць. Дзякуй табе за ўсё. Будзь блаславёная.

І так мы сядзелі ў палоне неразрыўных, злітых у адно апошніх абдоймаў, чакаючы апошняга выйсця.

А іншага нам дадзена не было.

Прайшлі хвіліны, можа, гадзіны, а можа, і стагоддзі. Мы баяліся паварухнуцца. Мы жылі перапоўненым, вышэйшым жыццём. Таму што проста ўжо не жылі.

Я ўскінуў галаву. Мне здалося, што пачуў крык. Дзіцячы? Або крык дарослага, прыглушаны каменнай тоўшчай?

Крык гэты нібыта блукаў, гучаў то бліжэй, то далей, то зусім знікаў, то біўся ў нейкіх блытаных лабірынтах. Дуднеў, як з-пад зямлі, і раптам далятаў так ясна, нібы з некалькіх метраў пад адкрытым небам.

— Сташка, чуеш?

Мабыць, яна не чула. Мабыць, яна спала ці проста знаходзілася ў прастрацыі.

— Дзядзька! — як камарыны спеў, гучаў аднекуль голас.

І тут жа нібы выбухаў у павуцінні катакомбаў:

— Я зараз!

І зноў, як праз вату:

— Зараз.

Што гэта было? Галюцынацыі? Так хутка? А ўрэшце, чаго і чакаць ад гэтага кавалка зямлі, спрадвеку атручанага нянавісцю, вераломствам, подласцю, смяротным жахам і самой смерцю.

Апошняя свечка ўжо напалову згарэла. Паблекнула плямка святла ў атворы. Нічога. Цяпер ужо скора. Шэры, чорны камень вакол, камень здрады і забойства вып'е нас.

Мне здалося, што мы тут не адны, што нечы невядомы позірк спынены на нас. Я прыўзняў галаву, стараючыся не паварухнуцца, не патрывожыць дзявочай галавы на маіх каленях…

…З атвора, перасечанага крыж-накрыж кратамі, глядзеў на мяне чалавечы твар. Глядзеў з уважлівай і, можа, мне здалося, нядобрай пільнасцю. Блішчалі вочы, вялікія-вялікія ў цёмных правалах вачніцаў. Колер скуры ад святла свечкі там, за мурам, быў пергаментна-жоўты, мёртвы. І на тонкіх, заўсёды такіх прыемна-з'едлівых, лісіных вуснах была халодная, зларадна-здзеклівая, абыякава-вывучаючая ўсмешка.

Ксёндз Леанард.

Глядзеў і толькі што не зламоўна, але затое злавесна, як крумкач патопу*, калі гэты патоп пачаў спадаць, адкрываючы вачам Ноевым і яго, крумкачыным, трупы дапатопных людзей і звяроў.

* Біблейскі Ной, калі патоп пачаў спадаць, выпусціў з каўчэга спачатку крумкача, які не вярнуўся, узрадаваны мноствам трупаў на ўзгорках.

Гукнуць яго? Я не наважыўся. Горш за ўсё была б гэтая апошняя мая памылка: убачыць, як усміхнецца, і адыдзе, і знікне апошняя пляма святла, апошняя надзея на нешта.

А ён і сапраўды ўсміхнуўся, гэты твар, павярнуўся, знік. Прымеркнула святло. І нечакана ўскінулася Сташка.

— Тут быў хтось? — спытала дзікім, нібы з бяспамятнага сну голасам. — Быў тут хтось ці не?

— Не, — сказаў я безжыццёвым голасам. — Нікога тут не было. Сядзі ціха. Уздрымні далей. Вільгаццю цягне ад камянёў…

Не, я не чакаў аж такога. Мой калейдаскоп рассыпаўся. У яго трапіла лішняе шкельца… Не лішне было б пацікавіцца, адкуль яно з'явілася і якім чынам сапсула візэрунак?

— Ты што? Загаворваешся? Цёмнае кажаш, — у гэтым голасе цяпер трымцелі нервовасць і напружанасць.

— Ціха. Ціха ты.

І тут я пачуў спачатку лёгкае драпанне, нібы недзе скрэблі, пасля — скрогат. Пасля той скрогат узмацнеў, пераходзячы часам ў пранізлівы віск.

З непамерным здзіўленнем, бо дагэтуль я чуў пра такое толькі ў казках, а бачыў толькі ў кіно, я не спускаў вачэй з вертыкальнай лініі ў сцяне. Яна пашыралася пад роўны рокат чагосьці і гэты віск, а я лупіў вочы на тое, як яна стала шчылінай, якая раздавалася ўсё шырэй і шырэй, ператваралася ў спачатку вузкі, на ката, а пасля шырокі, хаця б і на чалавека, цёмны калідор.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Лабиринт Ванзарова
Лабиринт Ванзарова

Конец 1898 года. Петербург взбудоражен: машина страха погибла, нужно новое изобретение, выходящее за границы науки. Причина слишком важна: у трона нет наследника. Как знать, возможно, новый аппарат пригодится императорскому двору. За машиной правды начинается охота, в ходе которой гибнет жена изобретателя… Родион Ванзаров единственный из сыска, кому по плечу распутать изощренную загадку, но сможет ли он в этот раз выдержать воздействие тайных сил и раскрыть замысел опасных преступников?Антон Чиж – популярный российский писатель детективов. Его книги изданы общим тиражом более миллиона экземпляров. По остросюжетным романам Антона Чижа были сняты сериалы «Агата и сыск. Королева брильянтов» и «Агата и сыск. Рулетка Судьбы». Писатель в 20 романах создал, пожалуй, самых любимых читателями героев исторических детективов: Родиона Ванзарова и Аполлона Лебедева, Алексея Пушкина и Агату Керн. Острый, динамичный, непредсказуемый сюжет романов разворачивается в декорациях России XIX века. Интрига держит в напряжении до последней страницы. Кроме захватывающего развлечения, современный читатель находит в этих детективах ответы на вопросы, которые волнуют сегодня.

Антон Чижъ

Исторический детектив