Читаем Чорны замак Альшанскі полностью

РАЗДЗЕЛ VII ПРА ЖЫЦЦЁВУЮ НЕАБХОДНАСЦЬ ГРУНТОЎНАГА ВЫВУЧЭННЯ СТАРАСЛАВЯНСКАЙ ГРАМАТЫКІ І АЛФАВІТА, ПРА БЕЗ ПЯЦІ ХВІЛІН ДАКТАРОЎ НАВУК, ЯКІЯ ТАКСАМА БЫВАЮЦЬ АСЛАМІ, І АДНУ ДАПАМОГУ, ЯКАЯ ПРЫЙШЛА НЕПАПРАЎНА ПОЗНА

Мы сядзелі з Хілінскім на беразе става, там, дзе ўпадала ў яго Альшанка. Вельмі шырокі ў гэтым месцы стаў сям-там парыў, стаялі над ім маленькія і рэдкія слупы туману, ледзь падсвечаныя нованароджаным сонцам.

Вудзілі. Праўдзівей, вудзіў адзін ён, хаця не часта, але падсякаючы то плотку, то невялікага галаўня. Ужо дзесяткі з два такіх сноўдалі ў яго вядзерцы, часам без дай прычыны пачынаючы ліхаманкава, як па камандзе, брохаць.

— Усё ясна, — сказаў ён, выслухаўшы мяне. — І ясна, што Лапатуха павінен быў загінуць пасля лекарскага заключэння Лыганоўскага. Нехта збаяўся таго, што да чалавека вернецца псіхічная раўнавага.

— З тых, што прысутнічалі?

— Чаму? Кожны з іх мог расказаць пра гэта камусьці са сваякоў ці знаёмых.

— Лыганоўскі такі з'ехаў.

— Ну так. Сказаў: «Калі кожнае маё слова на гэтай цудоўнай і высокамаральнай старонцы будзе весці да такіх вынікаў, дык я знікаю, і няхай яны тут жывуць па сваіх норавах і звычаях. Мне да іх цяпер, што Кутузаву да Англіі».

— А што было Кутузаву да Англіі?

— Ну, калі мы надта ўжо насіліся і панькаліся з новай саюзніцай, дык ён сказаў «пфуй» і імператару і такой палітыцы і дадаў нешта ў сэнсе: «А по мне так хоть сейчас же провались этот остров — я бы и не охнул».

— Т-та-ак, гуманнасцю тут фельдмаршал не вызначыўся.

— І ўсё ж я нікога не бачу з прысутных там, хто мог бы такое ўчыніць, каго мінулае звязвала б з гэтым няшчасцем.

— Мы яшчэ вельмі мала знаем. І таму не можам прадбачыць і прадухіліць учынкі гэтага або гэтых. І ты маеш рацыю: маглі камусьці і расказаць.

— «Прадухіліць». А тут праз гэтае няведанне гінуць і гінуць людзі. Вы не загінулі ўчора толькі дзівам.

— Думаеш, штучны абвал?

— А як жа. Упаў кавалак мура там, дзе ламалі. І тут да сатрасення далучылася сіла, прыкладзеная да пліт.

Шмаргануў. На гэты раз акунька.

— Кінь, — нечакана папрасіў ён. — Кінь. Не твая гэта справа. І гэта пачынае рабіцца вельмі небяспечным. У наступны раз для цябе гэта можа не скончыцца так удала. А тут яшчэ твой нервовы стан. Кожны можа сказаць, што справай займаўся псіх. Даверу не будзе.

— І няхай не будзе. — Ува мне раптам прачнуўся гумар шыбеніка, чаго я ад сябе аніяк не чакаў. — Тут столькі разумных, што абавязкова патрэбен хаця адзін вар'ят. Калі не Лапатуха, то няхай ужо буду я.

— Ну-ну. Вар'яты часам павінны выказваць парадоксы. І ерэтычныя меркаванні. Нават замахвацца на аўтарытэты. Асабліва калі да гэтага грашылі перадавымі поглядамі.

— Ну так. Звышчалавечая пагарда да лаянкі і ўхваленняў… І куды ж гэта я ўваліўся, куды трапіў? І ў якую ж банду бандзюкоў могуць завесці чалавека перадавыя погляды? А многія ж лічаць свае погляды перадавымі. А ў каго сумленне атрафіраванае — тыя ўсе сябе ў перадавых лічаць. Вынаходзяць газы, атам, прэнг, шавінізм, гістарычныя ўчынкі, эшафоты. І вучаць тае маралі, толькі калі ведаюць, што на яе махнулі рукой… Адкрываюць, адкрываюць тое, да чаго нікому няма справы. А вот звычайнага сродку ад зубоў, ад галаўнога болю ды, урэшце, ад радыкуліту, калі ў чалавека азадак баліць… Чалавецтва крыкам ад гэтага крычыць, а ім слабо. Яны корпаюцца ў глаголіцах…

— Ну-ну. Ты даеш. Проста пурытанскі…

Ды раптам так і ўтаропіўся ў мяне.

— Ты што, марскога змея ўбачыў?

Ён, відаць, нават занепакоіўся, бо я нібы скарчанеў, утаропіўшыся ў адзін пункт.

Мая вуда паспяхова сплыла б на сярэдзіну става, каб ён не перахапіў яе.

— Ну вось. Вось і ў цябе. Ды глядзі, як павёў асцярожна… А, чорт! Ды што ўрэшце з табою?

Але тут я пачаў калаціцца ад смеху. Спачатку ціхага, а пасля зусім ужо нясцерпнага і нястрымнага.

— Ды што з табой, хлопча? Сапраўды ты з глузду з'ехаў, ці што?

— Ідыёт! Ідыёт!

— Згодзен, але чаму?

— Я сказаў… ой… пра глаголіцу.

— Не ты першы.

— І толькі тут мне стукнула ў галаву… Мы шукалі пад трэцяй вежай.

— Правільна. «ВЕДЗЕ» трэцяя літара, што ў кірылічным алфавіце, што ў глагалічным.

— Так. І ў глагалічным… ах-ха-ха!… «АЗЪ», А

— першая літара і мае пад цітлам значэнне адзін, «БУКЫ», Б мае значэнне — два, а «ВЕДЗЕ», В мае значэнне — тры… Ой, трымайце мяне! І нас ледзь не засыпала і не забіла пад трэцяй вежай.

— Та-ак. Не бачу нічога смешнага. Своеасаблівы гумар.

— Справа ў тым, што «АЗ, БУКЫ, ВЕДЗЕ» — сапраўды адзін, два і тры. Так у глаголіцы. Але ў кірыліцы «БУКЫ», Б — не мае лічбавага значэння. І ніколі не мела, як Ж, як дзвервь (ђ), як Ш, ІЦ, Ю і іншыя. Не мела.

— Як-як?

Перейти на страницу:

Похожие книги

Лабиринт Ванзарова
Лабиринт Ванзарова

Конец 1898 года. Петербург взбудоражен: машина страха погибла, нужно новое изобретение, выходящее за границы науки. Причина слишком важна: у трона нет наследника. Как знать, возможно, новый аппарат пригодится императорскому двору. За машиной правды начинается охота, в ходе которой гибнет жена изобретателя… Родион Ванзаров единственный из сыска, кому по плечу распутать изощренную загадку, но сможет ли он в этот раз выдержать воздействие тайных сил и раскрыть замысел опасных преступников?Антон Чиж – популярный российский писатель детективов. Его книги изданы общим тиражом более миллиона экземпляров. По остросюжетным романам Антона Чижа были сняты сериалы «Агата и сыск. Королева брильянтов» и «Агата и сыск. Рулетка Судьбы». Писатель в 20 романах создал, пожалуй, самых любимых читателями героев исторических детективов: Родиона Ванзарова и Аполлона Лебедева, Алексея Пушкина и Агату Керн. Острый, динамичный, непредсказуемый сюжет романов разворачивается в декорациях России XIX века. Интрига держит в напряжении до последней страницы. Кроме захватывающего развлечения, современный читатель находит в этих детективах ответы на вопросы, которые волнуют сегодня.

Антон Чижъ

Исторический детектив