Читаем Чорны замак Альшанскі полностью

Гэта быў Мар'ян Пташынскі, адзін з нямногіх маіх сяброў, «ларнік* вучоны» і сапраўды адзін з лепшых у краіне знаўцаў архіўнай справы, вядомы, праўда, значна больш як калекцыянер-аматар. Калекцыянер амаль неверагодна абазнаны і ўзброены найглыбейшымі ведамі, беспамылковым густам, сабачым нюхам на фальшывае і сапраўднае, сталёвай інтуіцыяй і чуццём на падробкі.

* Галоўны над архівам (старабел.).

Мы з ім любім адзін аднаго. Ён ледзь не адзіны чалавек з вучонага свету, які не ставіцца іранічна да маіх гісторыка-крымінальных росшукаў. А я люблю ягоныя бясконцыя апавяданні аб рэчах, паперах, пячацях, манетах і ўсім такім іншым.

Абодва мы кавалеры (ад яго пайшла жонка, пусценькі коцік — актрыса), абодва ў вольны час ловім рыбу і спрачаемся, абодва прымаем адзін аднаго такімі, якія мы ёсць.

І вось менавіта таму, што я ведаю яго, як сябе, я адразу сёння заўважыў, што ён не той, не такі. З пытаннямі, аднак, лезці не стаў.

З апарата якраз забубніла, запырхала, палілася ў хмарках пары чорная, ільсняная на выгляд кава.

— Вып'еш?

— Хіба вадой развёўшы? — выгляд у яго быў вінаваты і беспарадны.

Разбаўляць такую раскошу вадой — гэта было злачынства, але я не пратэставаў: у Мар'яна нядаўна быў мікраінфаркт.

— Нельга мне, — сказаў ён. — А зусім без яе не магу.

Хутка ў наш час зношваюцца людзі. Паспытаў Маўтхаўзена і яшчэ сяго-таго. Дзіва, што такое сэрца ў сорак год.

…Ён трымаў філіжанку доўгімі пальцамі і больш нюхаў, чым піў, і ноздры ягоныя трапяталіся ад асалоды, як у Адама ля забароненага дрэва. І аблічча ў яго было тое, што ў кепскіх раманах называюць «артыстычным»: просты нос, бліскучыя цёмныя валасы, глыбока пасаджаныя немалыя вочы…

Я любіў яго. ён быў мой друг.

Слухай, Антось. Мяне, напэўна, хочуць забіць.

Мне здалося, што я недачуў.

— Так. Забіць.

— І варта, — сказаў я. — Такую святую Барбару ўпусціць, аддаць у рукі гэтаму гандляру ад калекцыянерства. Мілюціну Эдзьку.

— Я не жартую, Антось.

Толькі тут я зразумеў, чаму ён сёння «не той». На ягоным абліччы, звычайна такім паблажлівым і сардэчным, сяброўскім і ад прыроды добрым, ляжаў цень. Цень сталай трывогі, той, што ані на хвіліну не адпускае, гняце, цісне, задушвае ўвесь час сэрца. Нямоцна, але ўвесь час. І я адразу паверыў яму, бо такі твар у чалавека бывае толькі тады, калі справа сур'ёзная.

— Ну што ты мне тут смалякі пляцеш? — сказаў я.

— Ты маю Кнігу ведаеш.

Кожную сваю новую кніжную знаходку ён называў з націскам «Кніга!».

— Тыя тры. Пераплеценыя.

— Ну, бачыў. Год яна ў цябе.

Год і два месяцы… Ну… вось за яе.

Я невыразна помніў тую кнігу. Тры кнігі памерам у аркуш, узятыя ў адзін пераплёт з рудой скуры канца XVI стагоддзя. Ні густу, анічога. А кнігі, сапраўды, дужа каштоўныя, толькі які ёлуп іх сабраў пад адной вокладкай: «Евангелле» 1539 года, выдадзенае накладам князя Юр'я Сямёнавіча Слуцкага, ды тут жа «Евангелле» Цяпінскага, ды да яго прышмараваны «Статут» 1580 года выдання, той, што пад даглядам Льва Сапегі рабіўся.

Тры кнігі, пераплеценыя ў адзін пераплёт нейкім варварам. Каштоўныя кнігі. Але каб за іх?!

— Вярзеш ты…

Праўда, «Евангелле» Цяпінскага было надзвычай рэдкім экземплярам. З набору былі выцягнуты «літаркі», каб засталося пустое месца.

Ясна, друк у Цяпінскага быў не той, што ў Скарыны. Бедны друк дужа беднага друкара. І нейкаму багатаму чалавеку гэта не спадабалася. І ён папрасіў аб адной такой кнізе, толькі без «літарак», для сябе. А на пустых месцах папрасіў нейкага мініяцюрыста намаляваць тыя літаркі фарбамі і золатам. Каб кніга выглядала на больш багатую. І мастак гэта зрабіў. З густам і ўмельствам. Але каб чалавек адчуваў сябе ў небяспецы за нейкія тры дзесяткі мініяцюр?

— Распавядай, — сказаў я.

Бо я верыў. Верыў гэтым устрывожаным вачам, злёгку скрыўленаму роту, неспакойным пальцам, нервовай спіне, напятай, як лук (вось-вось выскачыць звер).

— Ходзяць за мною ўвесь час… За вокнамі снег падмяты раніцамі… І калі з работы вяртаюся… Сабакі нервуюцца, як прыходжу… Некалькі разоў заўважаў, што швэндаюцца на пустыры нейкія цёмныя асобы.

— Ладна. Скажам, за кнігу. Адкуль ім ведаць, што яна ў цябе?

— Меў дурасць. Выстаўка была ў лютым у публічнай бібліятэцы. Старадрукі. З бібліятэкі, дый з пры-ватных збораў таксама.

— І што?

— А тое, — ён усё ж глынуў ахалолай кавы. — Я стаю пры сваіх і тлумачу. Маячыць наводдаль нейкі чалавек. Высокі, год на восем за нас старэйшы, але яшчэ не сівы, цёмны бландзін. Аблічча бура-чырвонае, нібы загарэў, нягледзячы на зіму. Па тыпу і вопратцы — ну, не разбярэш: ці то настаўнік вясковы, ці то старшыня сельсавета. Рукі як, быццам не дужа спрацаваныя, але ўсё ж.

Мар'ян сербануў яшчэ раз.

— І просіць: ці не дазволіце зірнуць? І такая ў яго голасе пачцівасць, такая непадробная павага да сапраўднай вучонасці, так хвалюецца — аж чырванее, — што я дазволіў. Гартае як чалавек. Нават занадта асцярожна. За верхні рог старонкі. Прыглядаўся. Ледзь не чытаў некаторае. Прыемна было, што ёсць людзі, якія хаця й не ведаюць, а цікавяцца, любяць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Лабиринт Ванзарова
Лабиринт Ванзарова

Конец 1898 года. Петербург взбудоражен: машина страха погибла, нужно новое изобретение, выходящее за границы науки. Причина слишком важна: у трона нет наследника. Как знать, возможно, новый аппарат пригодится императорскому двору. За машиной правды начинается охота, в ходе которой гибнет жена изобретателя… Родион Ванзаров единственный из сыска, кому по плечу распутать изощренную загадку, но сможет ли он в этот раз выдержать воздействие тайных сил и раскрыть замысел опасных преступников?Антон Чиж – популярный российский писатель детективов. Его книги изданы общим тиражом более миллиона экземпляров. По остросюжетным романам Антона Чижа были сняты сериалы «Агата и сыск. Королева брильянтов» и «Агата и сыск. Рулетка Судьбы». Писатель в 20 романах создал, пожалуй, самых любимых читателями героев исторических детективов: Родиона Ванзарова и Аполлона Лебедева, Алексея Пушкина и Агату Керн. Острый, динамичный, непредсказуемый сюжет романов разворачивается в декорациях России XIX века. Интрига держит в напряжении до последней страницы. Кроме захватывающего развлечения, современный читатель находит в этих детективах ответы на вопросы, которые волнуют сегодня.

Антон Чижъ

Исторический детектив