Читаем Чорны замак Альшанскі полностью

Ён сядзеў на тахце, на стракатай лельчыцкай посцілцы, і ў паўцемры вадка блішчалі ягоныя вочы. Каву ён дапіў. Пальцамі ўзяў у замок сваё вузкае і моцнае калена.

— І вось тут першае, што мне не спадабалася. «І дзе ж вы гэта дасталі?» — «На гары ў аднаго сярод непатрэбных кніг знайшоў». — «І няўжо гэта прадаюць і купляюць? І вы, можа, прадалі б?» — «Я шукаю… Не шкадую ні вушэй, ні вачэй, ні ног. Купляць такія рэчы ў мяне купіла няма. А прадаваць — так-сама не прадаю. Пасля маёй смерці ўсе гэтыя рэчы, за выключэннем некаторых, пойдуць музею майго роднага гарадка». — «А-а», — і нейкая такая скутасць у яго рухах. «То чаго б цяпер не прадаць?» Дый пайшоў… Дай — цыгарэту.

— Шкодна табе.

— Парашковае малако піць шкодна… Не спадабаўся ён мне пад канец… Быццам здаровы нейкі звер з металічным зубам абнюхаў усё, разведаў дый пайшоў… Трэ было б усё гэта ўжо зараз аддаць. Ды не магу. Дасюль не мог. Вышэй сіл было жывому разлучыцца з гэтым. Ты памятаеш, як я ўсё гэта збіраў. Як у Варонцы пад руіны кляштара ў сховішча замаскаванае на чэраве лазіў, як ад селядцоў ратаваў кнігі, як мне мой Мікола дастаўся, на якім дровы секлі, як мяне пад Слонімам у крамянёвай шахце заваліла, як я ўсё гэта растаўраваў, пылам дыхаў, ад хімікаліяў кашляў… Дабро, усё гэтае ад смерці ўратаванае, палюбуюся толькі да лета, дый аддам. Апусцее хата… І не сюды аддам, на пыл у запасніку, а ў свой Руцк. Там яны царамі стаяць будуць. Апусцее хата. Ну, ды гэта мне ненадоўга… Цяпер ужо скора. Дужа скора.

— Плюнь.

— Не, братка, ведаю. Цяпер скора.

— Не курыў бы.

— Не магу. Абмяжоўваю сябе, а не магу.

Змяў цыгарэту. Прыгожы ён, калі думае. Не тое што мая варажская храпа. І дурніца ж гэная праклятая баба, ягоная былая жонка. Ах, матыль серабрысты! Ах, сю-сю! Ах, славуты Іванскі з гамерычнымі ляжкамі! Ах, Кафка! Ах, сцэна! А сама ані ў сцэне, ані ў Кафцы ані ў зуб нагою. Як скажа, то з поля вецер, са… дым. Ганарылася б, што хаця адзін чалавек у сям'і разумны. Я б на яе месцы такога ў пантофель цалаваў, як папу рымскага. Ды яна, чуў, і хацела вярнуцца, але не захацеў ён.

— Пасля званок, — сказаў Мар'ян. — Малады інтэлігентны голас (зараз усе інтэлігентныя): «Прадайце». — «Не прадаецца. Гэта майго музея ў Руцку, а не маё». І яшчэ падобны званок, іншым голасам. А пасля ледзь не кожную ноч: «Прадайце, прадайце, прадайце».

— Ты што, не ведаеш, як тэлефонных хуліганаў лавіць?

— Спрабаваў. Званілі з аўтаматаў у розных канцах горада. «Прадайце! Прадайце!»

— Набяры адзінку і пакладзі трубку. Ніякая зараза не дазвоніцца.

— Не магу. Кожную ноч чакаю званка.

— Што такое?

— У Юлькі рак.

Юлька — гэта ягоная былая жонка. Вось табе і маеш пірог з бобам. Я маўчаў. Адступілі некуды кепскія думкі аб ёй. Перад гэтым усе роўныя. Мне было сорамна.

— Яна пра гэта яшчэ не ведала, як хацела вярнуцца. Ляжыць цяпер недзе ў Гомлі. Грошы патаемна дасылаю. Медсястра піша аб усім. Звоніць. Кажа: пасля аперацыі лягчэй. А я не веру. Думаю кожную ноч: вось званок. І ўсё здаецца, нібы я пра гэта ведаў і адштурхнуў. Зараз бы вярнуць. Ды не, не даруе.

Бог ты мой, ён яшчэ і слова «дараванне» помніць, святы асёл! І ўвесь напяты, і ўвесь трывожны — чорт бы цябе, сабачага сына, любіў.

— Ну, аб гэтым досыць. Вяртацца ёй да чалавека, які ў шлях выпраўляецца, няма чаго. Ачуняла б толькі, — твар яго раптам стаў рашучы. — І шкадаваць аб тым, што не збылося, не выпадае. Але званка чакаю. А замест яго — кожную ноч — яны. Ведаеш, трывожуся я.

Мілы мой, я гэта з самага пачатку бачу. І тое, што кепска. І тое, што падобны ты на адзіную барокавую скульптуру ў маёй кватэры: на «смуткуючага» над тваёй галавой. Страшныя вочы. І гэты вянок. Як я гэтага не заўважаў?! Заўтра ж выселю яго ў другі пакой.

— І… баюся, Антось. Ты ведаеш, баязліўцам не быў. Разам былі ў рознай калатэчы.

— Ведаю.

— А тут паршыва. Падыходзіць нехта да вокнаў. Сабакі бурчаць, як на нячыстую сілу. Нейкі пах аднойчы ў перадпакоі.

— У міліцыю пазвані.

— З-за няясных падазрэнняў? — ён раптам скалануў галавой і ўсміхнуўся. — До ўжо табе… А пострах? Пострах можа быць з-за сэрца. У сардэчнікаў гэта бывае, гэткія прыпадкі неасэнсаванага, беспрычыннага постраху. І ў мяне й раней былі. Не звыкаць.

— Я ж табе і кажу. Кінь. Звычайныя барыгі. Хочаш кілішак каньяку?

Трывога ўсё ж не пакінула яго.

— Можа быць. Але чаму кніга? Чаму адна гэтая кніга? Чаму не мой Мікола? Не грамата Жыгімонта мытнікам — там жа адзін каўчэг чаго каштуе? Чаму гэтая кніга?

— Не ведаю. Давай паглядзім.

— Вось я і хацеў. Ды не рызыкнуў несці. Цёмна, — ён устаў.

— Ну, бывай здароў, браце. І плюнь на ўсё.

— Ты… заходзь да мяне паслязаўтра, Антосю. Разгледзім. Я хаця й архіўны работнік, а палеограф ты лепшы.

Я вырашыў, што хопіць. Трэба пераходзіць на звычайны тон. Досыць гэтага, гнятучага, досыць. Бо амаль любому жаху, калі ён у плоці, мужчына можа разбіць нос.

— То што, правялебны Мар'ян?… І псы бурчалі на сілу варожую, а ён, бес, у сенцах, спакушаючы правялебнага чысціню, смярдзеў брыдка…

— Нібы творы доктара навук гістарыйскіх Цытрыны.

— Забрахаўся, якія гэта «гістарыйскія»?

Перейти на страницу:

Похожие книги

Лабиринт Ванзарова
Лабиринт Ванзарова

Конец 1898 года. Петербург взбудоражен: машина страха погибла, нужно новое изобретение, выходящее за границы науки. Причина слишком важна: у трона нет наследника. Как знать, возможно, новый аппарат пригодится императорскому двору. За машиной правды начинается охота, в ходе которой гибнет жена изобретателя… Родион Ванзаров единственный из сыска, кому по плечу распутать изощренную загадку, но сможет ли он в этот раз выдержать воздействие тайных сил и раскрыть замысел опасных преступников?Антон Чиж – популярный российский писатель детективов. Его книги изданы общим тиражом более миллиона экземпляров. По остросюжетным романам Антона Чижа были сняты сериалы «Агата и сыск. Королева брильянтов» и «Агата и сыск. Рулетка Судьбы». Писатель в 20 романах создал, пожалуй, самых любимых читателями героев исторических детективов: Родиона Ванзарова и Аполлона Лебедева, Алексея Пушкина и Агату Керн. Острый, динамичный, непредсказуемый сюжет романов разворачивается в декорациях России XIX века. Интрига держит в напряжении до последней страницы. Кроме захватывающего развлечения, современный читатель находит в этих детективах ответы на вопросы, которые волнуют сегодня.

Антон Чижъ

Исторический детектив