Аблокі расступіліся перад імі, вушы ў Лёсі заклала, і яна заплюшчыла вочы. А калі расплюшчыла, пад крылом самалёта блішчаў рассыпанымі ў сутоньні агнямі вялікі і незнаёмы горад. Самалёт, пагойдваючыся, паволі зьніжаўся. Стуардэса паправіла на Лёсі рэмень, хаця ў гэтым не было ніякай патрэбы. Лёся абурана паглядзела ёй усьлед – стуардэса таксама азірнулася на яе і ўсьміхнулася. Яна нечым нагадвала маму, высокая, сьветлавалосая – толькі ўсьмешка ў яе была фальшывая, а пальцы такія халодныя. Дарма стараецца, зласьліва падумала Лёся і паказала прыгожай стуардэсе язык.