“Але цябе ж выгналі… Выгналі з мовы. Ты ж памерла. Амаль”, – сказала Лёся, гледзячы на маму ва ўсе вочы.
“К счастью, всего лишь из мовы”, – мама ўсьміхалася так хораша, што Лёсі не хацелася маўчаць зь ёй, хацелася гаварыць ёй самыя розныя рэчы, няхай нават поўную лухту, толькі б яна, гэтая Мама, працягвала ўсьміхацца.
“Але ж ты…”
“Знаешь, я не люблю вспоминать об этом”, – сказала мама. – “Это было очень давно. А значит, этого вообще не было. Так поедешь?”
“Вядома! А куды?”
“Увидишь”.
На афармленьне ўсіх папераў спатрэбілася яшчэ гадзіна, Лёся сядзела ў мамінай машыне, адкуль яна катэгарычна адмовілася выходзіць, грызла ўчорашнія булачкі з сырам і бесьперапынна ціснула на гудок. І машына выла на ўвесь лес, і птушкі адгукаліся ёй перапалоханым хорам. А каля брамы стаяў іх добры доктар і глядзеў на Лёсю – як быццам хацеў запомніць, як яна выглядае. Як быццам ведаў, што больш яны не пабачацца.
Мама паціснула доктару руку, і ён затрымаў яе ў сваёй. Трохі даўжэй, чым было трэба. Ён нешта казаў ёй, Лёся ня чула, што, яна ўсё ціснула і ціснула на гудок – але вось мама вырвала руку і імкліва пайшла да машыны.
“Мама, давай забярэм Лёччыка”, – папрасіла Лёся. – “Тут недалёка… Я яго пастаўлю ў сваім пакоі. Я сама яго буду чысьціць, ты ня думай!”
“Какого еще лётчика?” – нахмурылася мама, заводзячы машыну. – “Сиа, не выдумывай, пожалуйста. У нас еще очень много дел”.
А потым яны нарэшце рушылі ў дарогу. Яны ехалі ня так ужо й доўга – усяго некалькі гадзін, і калі ў сталіцы была самая сьпёка, голая Лёся сядзела ў ваньне мамінай кватэры, і мама церла ёй сьпіну, так моцна, што Лёся сказала, што маму яна ненавідзіць.
“Ты очень плохо говоришь по-русски”, – пахітала галавой мама. – “Надо бы тебя подучить. А когда мы приедем, с тобой будет заниматься гер Гюнше. Он немного знает эту мёртвую мову, которой научил вас папа – не знаю, зачем. Тебе надо будет очень стараться. Надеюсь, к новому году ты уже заговоришь и по-немецки”.
“Я і так ужо крыху размаўляю!” – сказала Лёся. – “Мы з татам чыталі ў арыгінале Гётэ!”
“Не представляю, как бы ты здесь жила”, – жахнулася мама. – “С таким произношением, не зная русского…”
“Проста там костачка”, – Лёся адкрыла рот і паказала на яго пальцам. – “Мяне лячылі, але доктар сказаў, што…”
“Какая еще косточка? Не говори всякую чушь, Сиа!”
Мама паглядзела на яе так сумна, што Лёся вырашыла больш нічога не гаварыць і пакорліва падставіла маме сваю сьпіну.
А потым была ноч, і мяккая падушка, і новая лялька, якую Лёся назвала Лёччыкам. Хаця на хлопчыка яна зусім не была падобная. Бывае, што хлопчыкі падобныя да дзяўчатак, і наадварот, падумала Лёся. Зусім як на той знакамітай карціне, дзе сьвяты Еранім вучыць перакладчыкаў, што мова – гэта, насамрэч, не праблема.
А назаўтра падарожжа Лёсі працягвалася. Спачатку яны доўга ехалі на машыне, а потым пераселі на цягнік.
“Какая девочка”, – сказаў памежнік, вельмі падобны да Баравоя Дохлага. Толькі вочы ў яго былі намаляваныя выразна, таленавіта. Зусім як жывыя. – “А братик у тебя есть?”
“Быў”, – сказала Лёся, гледзячы ў гэтыя намаляваныя вочы амаль бяз страху. Ёй падабалася, калі справа выкананая з густам і дасьведчанай рукой. – “Брацік быў. Ён ператварыўся ў помнік, а я залезла ў яго, і газ на мяне не падзейнічаў”.
“Чего-чего?” – вочы памежніка зрабіліся круглыя; гэта ж трэба так намаляваць, падумала Лёся.
“Так і застаўся стаяць каля хаты, быццам з чысьцюткага літы ільда”, – сказала Лёся вельмі сур’ёзна. – “Ды не карой ледзяною пакрыты, ды не абліты вадой ледзяной, выліты з бронзы і сонцам абліты, будзе ён вечна стаяць над зямлёй”.
Больш памежнік да іх не падыходзіў, толькі кідаў на маму спачувальныя позіркі.
Па абедзе яны апынуліся ў нейкім зусім незнаёмым горадзе, дзе гаварылі на такой мове, якой Лёсю ніколі не вучыў нават тата. Там яны паабедалі, як сьлед; таксі прывезла іх на лётнішча – і Лёся з жахам зразумела, што некалькі гадзін запар у яе пад нагамі ня будзе зямлі, а будуць лясы, лясы, такія дробныя і бяскрыўдныя, калі глядзець з вышыні, як трава. Лясы і дарогі. У небе, як высьветлілася, усё было як на зямлі. Толькі лес тут быў у тумане, белым, як раніцай. А дарогі былі такія, што Лёся абавязкова б заблукала, калі б апынулася тут адна.
Але ж цяпер яна нарэшце трапіла на мапу. Каб пераканацца ў гэтым, ня трэба было нават зазіраць ні ў якія атласы. Атлас быў унізе, проста пад яе нагамі.
У самалёце іх пакармілі. Даядаючы ёгурт з рассыпанымі па ім крошкамі мюсьляў, Лёся нарэшце падумала, што самы час спытаць у мамы… Спытаць самае важнае.
“А куды мы ляцім?”
“Догадайся”, – сказала мама, занураная ў свой ноўтбук.
Лёся пасядзела, падумала, паглядзела ў ілюмінатар, і толькі потым, напалову запытальна, напалову сьцьвярджальна, адказала:
“У… У Б-брэмэн?”
“Ну конечно”, – адмахнулася мама.
“А здымі зь мяне гэтую заколку. Яна дурацкая і цісьне”.
“Не здыму”, – раздражнёна сказала мама і паглядзела на Лёсю так, што яна зьехала на самы край сядзеньня, надзьмула вусны і вырашыла маўчаць, нават калі мама яе пра нешта папросіць.