– Якраз гэтага я і не магу ёй дараваць… Як можна з цікавасцю чытаць кнігу, калі сэрца павінна разрывацца з роспачы?.. І потым, нарэшце, гэты зялёны пас!.. Вы звярнулі ўвагу?
– Звярнуў. Даволі прыгожа, між іншым, – палоска яркага колеру на чорным фоне.
– Прыгожа?.. Што вы, Бертран? Можа, і так, але ж гэта скандал!.. Як? Страціць такога выдатнага мужа пры такіх трагічных абставінах і праз тры месяцы парушыць жалобу!.. О! Я разумею, што вы не прывыклі надаваць значэння драбніцам… Я таксама… Але ўсё ж трэба хоць трошкі захоўваць прыстойнасць… Ярка-зялёны пас!.. Я вачэй не магла адарваць.
– Мілая Ізабэла, – прамовіў Бертран, узяўшы яе за руку. – Што вы так сябе мучыце, перажываючы чужую бяду!..
– Яна не заслугоўвае спагады… Вы ўяўляеце, у яе нават быў апетыт! Я ёй шклянку гарбаты не адразу адважылася прапанаваць… А яна ела ўсё: печыва, торт. «Вашы бутэрброды з сырчыкам вельмі смачныя». Бачыце, ёй бутэрброды смачныя… Я разгубілася, не знайшла, што адказаць.
Бертран усміхнуўся:
– Хто б паверыў, дарагая, што сёння раніцай я застаў вас амаль у слязах і толькі што, чакаючы яе, вы дрыжалі ад страху!.. Мая думка правільная: ніколі не варта загадваць наперад… Мары і рэчаіснасць не супадаюць, і ў жыцці часта бывае куды прасцей, чым нам уяўляецца.
Праз некалькі дзён яны даведаліся, што Наталі памерла, прыняўшы тры цюбікі вераналу.
Рыкашэт
Даніэль са здзіўленнем зірнуў на сваю жонку. Рэдкая з'ява, каб яна прыходзіла да яго раніцай.
– Вы хочаце мне нешта сказаць? – запытаў ён.
– Даніэль, зрабіце мне, калі ласка, прыемнасць – схадзіце са мной сёння ўвечары на канцэрт… Рубінштэйн іграе «Прэлюдыі» Шапэна, і я была б рада паслухаць іх разам з вамі. Вось ужо тры месяцы, як вы са мной вечарамі нікуды не ходзіце.
– Вось ужо тры месяцы, – нездаволена прамовіў Даніэль, – як вы мяне ні разу аб гэтым не прасілі.
– Я не прасіла, бо не хацела, каб мяне зняважылі, адмаўляючы. Я дала сабе слова, Даніэль, не навязвацца, чакаць, пакуль вы мяне самі паклічаце, але сёння Анна, для якой я ўзяла крэсла побач, патэлефанавала мне, што не можа, бо хворая. Вось ужо дзве гадзіны, як я шукаю, кім бы яе замяніць, і ўсё марны клопат… Вы ўяўляеце, як гэта сумна і брыдка прасядзець увесь вечар адной каля пустога крэсла!
– Прапануй якому-небудзь мужчыне, – параіў Даніэль.
– Вы ж ведаеце, я паклялася з іншымі мужчынамі кампаніі не вадзіць. Вы мой першы і мой апошні.
– Што тыя клятвы! – нахмурыўся Даніэль.
Хвіліну падумаўшы, ён няўпэўнена прагаварыў:
– Яно, вядома, я хацеў бы зрабіць вам прыемнае, але ў мяне ёсць іншыя абавязкі. Паспрабую ад іх вызваліцца. Калі ўдасца, пайду з вамі на канцэрт.
– Ах, як добра, што вы згадзіліся!
– Ды не, я вам нічога канкрэтна не абяцаю, я толькі сказаў, што паспрабую, – прабурчаў Даніэль.
Ён выйшаў у кабінет і ўзяўся за тэлефон: «Габелен, 43–14». Гэта быў нумар Беатрысы дэ Сольж, якая ўжо некалькі тыдняў была яго каханкай. Ён заляцаўся да яе горача, з няспрытнасцю пераспелага мужчыны.
– Гэта вы? – прашаптаў Даніэль. – Скажыце, гэта цвёрда, што сёння вечарам вы са мной пойдзеце? Не адмовіцеся ў апошні момант, як пазаўчора?..
– Ой, які вы нудны! – пачулася з тэлефона. – У вас зусім няма такту. Пара ведаць, што мне падабаецца толькі тое, што я вырашаю ў апошні момант. Вы што, хочаце сапсаваць мне настрой?
– Прабачце, прабачце, – замітусіўся Даніэль. – Наадварот. Няўжо вы дагэтуль не пераканаліся, што вашы жаданні для мяне закон? Але на сённяшні вечар мне трэба ведаць вашы планы, бо я сам павінен даць адказ.
– Вы жудасны чалавек, – пачулася з тэлефона. – Адкуль я магу ўсё зараней ведаць!.. Вось што… Патэлефануйце мне праз гадзіну… Пастараюся прыняць нейкае рашэнне.
У сталовай, снедаючы разам з Даніэлем, жонка запытала ў яго: ці можа яна разлічваць напэўна. Ён адказаў не без гумару, што яшчэ не высветліў, не паспеў дамовіцца па тэлефоне.
У гэты самы час Беатрыса дэ Сольж тэлефанавала П'еру Прад'е, маладому дэпутату, якога яна сустрэла ў Жэневе і паспела пакахаць.
– Гэта вы, Прад'е? – запытала яна. – Ах, не, гэта вы, мадмуазэль Друэ?.. Мне б хацелася пагаварыць з панам Прад'е… Не, не, калі ён загадаў, каб яго не турбавалі, у такім разе не трэба… Не, не, я разумею… Ён будзе злавацца… Я б толькі хацела ведаць, ці збіраецца ён са мной паехаць на вячэрні сеанс?.. Што?.. Збіраецца… Гэта ў яго запланавана… А вы ўпэўнены, што ён не пераменіць свайго намеру, як гэта было ўчора?.. Не ведаеце… Так, так… Натуральна… А зараз, канкрэтна, ён вам нічога не гаварыў?.. Дзякую, мадмуазэль Друэ… Да пабачэння…
Калі крыху пазней Даніэль патэлефанаваў з кабінета, пакаёўка Беатрысы дэ Сольж яму растлумачыла, што мадам у засмучэнні і вельмі шкадуе, што вечарам не будзе мець часу, бо ёй трэба абавязкова прысутнічаць на сямейным абедзе.
Даніэль накіраваўся да сваёй жонкі – праверыць, ці дома яна. Жонка ляжала на канапе і чытала кнігу.
– Дарагая, – звярнуўся ён да яе, – я вельмі рад, што мне ўдалося нарэшце вызваліцца. Мы разам паслухаем канцэрт. Як гэта цудоўна!
– Які вы мілы, харошы! Мне так прыемна!
– І мне таксама.