Праз некалькі хвілін мы ўжо ляцелі над морам дрэў, і шум прапелераў спыніў усякія размовы. Лес дрыжаў і гайдаўся ад удараў ветру, як конская грыва. Мадам Бусар заплюшчыла вочы. Я разгарнуў кнігу, але хутка штуршкі і падскокі самалёта сталі такімі частымі, што чытаць было немагчыма. Мы ляцелі над джунглямі на вышыні ў тысячу метраў сярод чорных хмар пад праліўным дажджом. Было душна і горача. Час ад часу самалёт падаў, як у калодзеж, і, дасягнуўшы шчыльнейшых слаёў паветра, удараўся з такой сілай, што здавалася, адарвуцца крылы.
Я не буду вам апісваць гэтага кашмарнага падарожжа. Уявіце сабе ўраган, які ўвесь час узмацняўся, уздыблены самалёт, бледны твар і тужлівыя позіркі пілота, якія ён зрэдку кідаў на нас. Губернатар сядзеў спакойна; яго жонка не расплюшчвала вачэй. Так прайшло больш за гадзіну.
Раптам падпалкоўнік узяў мяне за руку і падштурхнуў да ілюмінатара.
– Глядзіце! – крыкнуў ён мне на вуха, – мора наступае. Прыліў! Дэльты ўжо не відаць…
Тое, што я ўбачыў, было сапраўды незвычайным. На тым месцы, дзе знікала чорная маса дрэў, разлівалася мора, бяскрайняе мора жоўтага колеру. Раз'юшаны вецер штурмаваў джунглі, і стваралася ўражанне, што яны часткова затоплены. Ад пляжа не засталося і следу. Пілот чыркануў алоўкам некалькі слоў і, павярнуўшыся напалову, падаў паперку падпалкоўніку, а той паказаў яе мне.
Ніякіх арыенціраў. Не чую радыёсігналаў. Не ведаю, дзе прызямліцца.
Падпалкоўнік падняўся і, хістаючыся, чапляючыся за крэслы, панёс запіску губернатару.
– Ці хопіць гаручага, каб вярнуцца назад? – запытаў той.
Падпалкоўнік перадаў пытанне і прынёс адказ.
– Не хопіць, – вымавіў ён спакойна.
– У такім разе няхай ён спускаецца ніжэй і шукае незатоплены астравок. Гэта наш адзіны шанс. – І да жонкі, якая расплюшчыла вочы: – Не палохайся, Жызэль. Гэта прыліў. Мы дзе-небудзь прызямлімся, перачакаем буру, і нас знойдуць.
Жахлівае паведамленне яна выслухала без эмоцый, з дзівоснай вытрымкай. Самалёт ляцеў зусім нізка. Я выразна бачыў вялізныя жоўтыя хвалі і ў змрочным святле сагнутыя ветрам дрэвы. Пілот трымаўся мяжы між лесам і морам, шукаючы прагаліны альбо палоскі пляжа. Я маўчаў, упэўнены, што гібель наша непазбежная.
«І чаго панесла мяне сюды? – думаў я. – Сам сабе выбраў катаргу! Выступаць перад дзвюма-трыма сотнямі раўнадушных слухачоў?.. Дурное, нікчэмнае падарожжа!.. Але што зробіш! Смерці сваёй не мінеш. Калі не тут, мяне мог бы раздушыць грузавік у ваколіцах Парыжа, даканаць які-небудзь мікроб альбо выпадковая куля… Хутка ўбачым».
Не падумайце, што я хвалюся, выстаўляючы сябе цярпліўцам. Проста, як і ўсякі чалавек, я хапаўся за надзею, неразлучную з целам, і не хацеў верыць, пры ўсёй відавочнасці, у блізкую смерць. Розум знаходзіў доказы, а цела іх адхіляла. Падпалкоўнік падышоў да пілота і разам з ім пачаў пільна ўглядацца ў брудна-жоўты акіян. Раптам ён ускінуў руку. Самалёт рэзка нахіліў крыло. Падпалкоўнік павярнуўся, і на яго дагэтуль абыякавым твары мільгануў прамень святла.
– Выспа, – далажыў ён.
– Вялікая, можна на ёй прызямліцца? – спытаў губернатар.
– Здаецца, можна.
Праз хвіліну ён пацвердзіў:
– Так, напэўна… Давайце, Баэк.
Хвілін праз пяць мы прызямліліся на вузкай пясчанай касе дэльты, і пілот так удала накіраваў самалёт ці, можа, яму пашанцавала, што той уклініўся паміж дзвюх пальмаў і, трымаючыся за іх, мог супраціўляцца ветру. А вецер свістаў і дзьмуў з такой сілай, што вылезці з самалёта было немагчыма. І што гэта дасць? Куды ісці? Направа і налева – метраў сто мокрага пяску. Наперадзе і ззаду – акіян. Мы выратаваліся на момант, уцалець надоўга можна было толькі цудам.
У гэтым адчайным становішчы я захапляўся нашай спадарожніцай. Яна ані не спалохалася, была спакойная і нават вясёлая.
– Хто хоча есці? – запытала мадам Бусар. – У мяне ёсць сандвічы і фрукты…
Пілот, які прыйшоў да нас у кабіну, сказаў, што лепш прыберагчы прадукты, бо толькі бог ведае, як і калі мы адсюль выберамся. Ён паспрабаваў яшчэ раз паведаміць аб здарэнні па радыё, але адказу не атрымаў. Я зірнуў на гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін раніцы.
Апаўдні вецер трошкі прыціх. Нашы пальмы добра ахоўвалі самалёт. Губернатар задрамаў. Я адчуваў сябе змардаваным і аслабелым. Я зажмурыў вочы, потым міжвольна іх крыху расплюшчыў, ахоплены дзіўным уражаннем, быццам аднекуль павеяла на мяне цяплом і сілай. І вось я заўважыў, як Жызэль і падпалкоўнік абмяняліся позіркамі. Яны сядзелі блізка адно ад аднаго. Выраз іхніх твараў быў такі адданы, такі пяшчотны, што не магло быць сумнення: гэтыя двое былі каханак і яго палюбоўніца. Яшчэ ўчора вечарам я прадчуваў гэта, сам не ведаю чаму, бо іх паводзіны былі пры чужых бездакорныя. Я хутчэй заплюшчыў вочы і ад вялікай стомленасці заснуў.
Мяне разбудзіў шквалісты парыў ветру, які так скалануў самалёт, што, я думаў, вырве яго разам з пальмамі.
– Што такое? – запытаў я.
– Бура аднавілася, і вада прыбывае, – адказаў пілот не без горычы. – На гэты раз мы загінем, месье. Праз гадзіну мора затопіць гэты астравок… і нас.
Ён глянуў на губернатара з дакорам, нават злосна, і дадаў: