Запуск Дуная ажыцьцявілі Ільлюша Шэф і Віця Бундзель. Яны ўжо хадзілі ў школу і ў іх прачыналіся таленты, што потым прывядуць абодвух у турму. Віця абрабуе ў Лепелі кватэру і атрымае першы тэрмін у дзясятай клясе, а Ільлюша сядзе за нешта ўжо ў Ізраілі, куды ад’едзе з бацькамі і са сваёй адметнаю магамэтанскаю мянушкаю — Мустафа.
Гэта Ільлюша Шэф навучыць мяне вершыка, празь які я ўпершыню спасьцігну сілу паэтычнага слова.
У той вечар бацька прывядзе на вячэру правяральніка з вобласьці і за сталом, каб пахваліцца сынам, мама папросіць пачытаць чужому дзядзьку што-небудзь напамяць. Я выстаўлю адну ножку наперад, закладу рукі за сьпіну і гучна й выразна прадэклямую:
Вот к чему пришла наука:
В космосе летает сука,
Прославляя до небес
Мать твою капээсэс.
Бацька зьменіцца з твару і, ня зводзячы з госьця вачэй, выцягне з форменных пракурорскіх штаноў дзягу. Але дзядзька зарагоча, параіць мне не чытаць гэты вершык у дзіцячым садку і конча здыме напругу, падліўшы ў чаркі.
Апярэджваючы час, заўважу, што посьпехі СССР у дасьледаваньні космасу будуць у маім жыцьці й надалей зьвязаныя з паэтычнай творчасьцю — або народнай, або маёй уласнаю.
Пасьля палёту Церашковай на дошцы ў нашай клясе зьявіцца новы твор невядомага аўтара. Буйнымі літарамі і без памылак хтосьці вывеў крэйдаю чатыры дастаткова прафэсійныя радкі:
Валентине Терешковой
За полёт космический
Подарил Хрущев Никита
... автоматический.
Які падарунак прыпас касманаўтцы Хрушчоў, было, вядома напісана цалкам.
Гэты вершык бацька знайшоў у маім скончаным арыфмэтычным сшытку. Мы насілі тады прывязаныя да партфэляў торбачкі з чарніліцамі-каламаркамі і пісалі драўлянымі асадкамі з жалезнымі пёрамі. Гэтыя пёры вечна заядалі, пляваліся й пырскаліся, і старанна перапісаны мною твор на касьмічную тэму аздабляла з паўтузіна кляксаў.
Гістарычныя крыніцы сьведчаць, што за часамі Вялікага Княства Літоўскага памежная варта айчыны нашых продкаў, каб захаваць у памяці грамадзянаў дакладную лінію мяжы, практыкавала наступны мэтад. Мясцовых падлеткаў з усёй шчырасьцю секлі бізунамі дакладна на рубяжы дзяржавы. Як пасьля той экзэкуцыі ў сьвядомасьці да скону заставаліся «сфатаграфаваныя» пад бізуном межавыя камяні й дрэвы, так пасьля цяжкой бацькавай рукі з папругаю недзе ўва мне назаўжды аддрукавалася старонка з кепскім словам і падобнай да незнаёмага касьмічнага сузор’я чародкаю кляксаў.
Мой уласны вершык, складзены з нагоды кружляньня вакол зямное кулі першага трохмясцовага карабля «Ўзыход», вылучаўся першабытнай ідэалягічнай і лексычнай цнатлівасьцю. Але пра тое трохі пазьней. Вернемся ў восень, над якою лунала водгульле брэху знакамітай савецкае сучкі.
Сярод тых, каго ейны палёт уразіў, я перадусім згадваю яшчэ адну нашую суседку — Розу Саламонаўну Герцыковіч, якая часта заходзіла да маёй мамы паскардзіцца, што яе нявестка, жонка цёткірозінага сына Фімы, «пагульвае» і якая ўпарта клікала мяне ня Вовам, а Бобам.
Цяпер літаральна зь неба звалілася новая тэма.
Тоўстая, як дзьве ці нават дзьве з паловаю мамы, цётка Роза Герцыковіч не любіла размаўляць стоячы і велічна апускалася на нашую зялёную канапу, што пад раптоўным цяжарам скурчвалася і жаласна енчыла, быццам жывое стварэньне.
Выгодна ўладкаваўшыся, Фімава маці бралася апавядаць неверагодныя рэчы. Яна чула, што неўзабаве ў космас запусьцяць спадарожнік з мухамі, камарамі, прусакамі й блышчыцамі. На гэта мама зазначала, што прусакоў і блышчыцаў у нас, дзякуй богу, няма. Закрыўшы на нетактоўную заўвагу вушы, цётка Роза Герцыковіч распрацоўвала касьмічнае радовішча далей. Паводле яе словаў, усьлед за жамярой у міжплянэтную прастору стартане спадарожнік з катамі, потым, як яна казала, «зафугуюць» казу.
Я нясьмела цікавіўся пра акварыюмных рыбак. «Вада расплюхаецца», — адмахвалася суседка і пасьля казы прадракала палёт карове.
У ейных словах я адчуваў пэўную супярэчнасьць, бо — калі выводзіць на арбіту ўсіх па парадку — пачаць лягічна было б ня з Лайкі, а сапраўды з мухаў ці нават зь мікробаў. Але суседку гэткія тонкасьці не бянтэжылі, і яна прадказвала, што сьледам за каровамі ў космас пачнуць «фугаваць» крымінальнікаў.
Цётка Роза ня ведала, што празь некалькі гадоў Фіма ў адзін нешчасьлівы вечар засьпее жонку з палюбоўнікам і зарэжа няверніцу кухонным нажом, а таму не ўтаймоўвала сваёй фантазіі й сьцьвярджала, што над крымінальнікамі ў космасе будуць ставіць разнастайныя экспэрымэнты: карміць адной кукурузаю ці адным часныком з цукрам, высьвятляць, колькі дзён чалавек вытрымае бязь ежы і колькі без вады; алкашоў будуць нібыта трымаць на адной гарэлцы, а гвалтаўнікоў — падвешваць у касьмічных караблях за яйцы.
Змрочнае суседчына ўяўленьне шырока распроствала крылы, і наступнага дня на дадатак да ранейшых жудасьцяў мы даведваліся, што касьмічныя спадарожнікі з крымінальнікамі стануцца мішэнямі для савецкіх лётчыкаў альбо што яна, цётка Роза Герцыковіч, напіша куды сьлед, каб да крымінальнікаў дзеля нейкіх незразумелых мне дасьледаваньняў запусьцілі ейную нявестку.