На жаль ці на шчасьце, натхнёныя прароцтвы Фімавай маці ня спраўдзіліся. За Лайкай у космас паляцелі ня мухі ці козы, а Белка й Стрэлка. («І доўга брахалі сабакі Над нашай савецкай зямлёй...» — напіша вядомы дзіцячы паэт.) Катоў, кароў і злачынцаў таксама абмінулі і на арбіту адразу закінулі проста чалавека.
Аднойчы на некаторых дамах нашае ціхае вуліцы памянялі шыльдачкі з назваю. Цяпер і наш дом, і школа, дзе я вучыўся ў першай клясе, стаялі, як казала настаўніца, на вуліцы першага савецкага касманаўта, і таму мы павінны былі ганарыцца і быць дастойнымі.
Можа, з тае прычыны, што выразаны з часопісу «Огонёк» Лайчын фотапартрэт па-ранейшаму вісеў у мяне над ложкам, несправядлівасьць настаўнічыных слоў успрымалася асабліва абвострана. Я атрымаў першы ўрок афіцыйнае хлусьні. Усе цудоўна ведалі, што першым касманаўтам была Лайка.
(Паколькі кантрапунктам у нас ідзе тэма зайздрасьці, заўважу, што, думаючы пра Юрыя Гагарына, я не знаходзіў у душы ні драбочка згаданага пачуцьця. Праз тое самае я чуў глыбокую чалавечую сымпатыю да цёткі Розы Герцыковіч. Ейныя прысьвечаныя касманаўтыцы аповеды неабвержна сьведчылі, што суседка таксама аніразу не пазайздросьціла захмарнаму герою і ніколі не пажадала ягонай долі ўлюбёнцу Фіму.)
Улетку ў мяне зьявіліся дадатковыя аргумэнты: ад свайго стрыечнага дзеда, а мамінага роднага дзядзькі Грышы я даведаўся, што Гагарын ня быў першым касманаўтам і сярод людзей.
Папярэдні раз дзед Грыша пераведваў родную вёску, калі ня быў мне ніякім дзедам, бо мяне яшчэ не існавала на сьвеце, а мой тата жыў ня з мамаю, а зь першай жонкаю, бо тая пакуль не хварэла на невылечную сухотку. Дарослыя казалі, што дзед Грыша «засакрэчаны», і, каб пераканацца ў гэтым, досыць было ўбачыць пасылкі, якія ён прысылаў нам з Масквы перад кожным новым годам. Уходаўшы тую таўшчэзную чырвоную рыбіну зь вясёлкавым пералівам на зрэзе, я цэлы месяц не ўспамінаў пра кілек, а буйныя разынкі ў першаклясным шакалядзе побач з абсыпанымі цукрам крамнымі «падушачкамі» выглядалі прывітаньнем зь іншае плянэты, якая ў сваім разьвіцьці апярэдзіла нашую не на стагодзьдзе, а назаўсёды.
Дзед Грыша быў абсалютна лысы, і я любіў спотайку разглядваць ягоную сьпярэшчаную сінімі, чырвонымі й зялёнымі жылкамі кавунаватую галаву, якая моцна выдавала на глёбус. Сваякі сьцьвярджалі, нібыта пра сваю маскоўскую працу дзед не прамовіць ні слова і на Страшным судзе. У памяць урэзалася, як сувора зірнуў ён на маю цётку, а сваю пляменьніцу Вольгу, калі тая, пачуўшы з радыё папулярнае тады абяцаньне дагнаць і перагнаць Амэрыку, пацьвердзіла, што так, дагонім, бо босым бегчы лягчэй. Аднак я добра запомніў і тое, як перад бабуляй Аўгіньняй дзед аднойчы крышку рассакрэціўся, паведаміўшы, што мае справы зь нябеснай канцылярыяй.
Другі раз дзед Грыша рассакрэціўся перада мною, калі, паслухаўшы радыёперадачу пра Гагарына, раптам хапянуў бяз закусі шклянку двойчы перагнанай бабулінай самагонкі і прыцішана сказаў — праўдзівей не сказаў, а ўсхліпнуў: «Эх, Воўка, колькі рабят да Гагарына на запусках папалілі...» і дадаў яшчэ некалькі словаў, якія мяне вучылі не казаць ніколі.
Я перажыў імгненьне, якое называюць момантам ісьціны. Маёй дзіцячай душы адкрылася, што сьлёзы на дзедавых, таксама лысых, амаль бязь веек, вачах накруціліся не ад магутнага бабулінага самагону, а ад таго, што дзед ня толькі ведаў тых «рабят», але й сам — страшна падумаць — паліў іх...
Зьлякаўшыся сваёй шчырасьці, дзед Грыша папрасіў мяне забыць пачутае, іначай яго могуць выгнаць з працы, а то й пасадзіць у турму. Я хацеў і надалей атрымліваць перад Новым годам маскоўскія пасылкі, а таму даў «чэснае акцябрацкае» і падмацаваў яго тым, што перахрысьціўся, як вучыла бабуля, на абраз Міколы-цудатворцы.
Пасылкі з прысмакамі прыходзілі яшчэ гадоў пяць. Вярнуўшыся зь дзедавых хаўтураў у вёску, цётка Вольга абвясьціла, што на памінкі прывезьлі аднекуль два аўтобусы генэралаў.
Ні тады, ні пазьней, калі лёталі Быкоўскі зь Церашковай, і цётка Роза Герцыковіч, апавядаючы, што іх запусьцілі дзеля касьмічнага размнажэньня, абяцала абавязковае нараджэньне ўродцаў, я так і не адчуў аніякай ахвоты хоць на момант зрабіцца касманаўтам. Тым ня менш, папусьціўшыся агульнаму псыхозу, пасьля палёту першага шматмясцовага карабля, я напісаў свой першы вершаваны твор:
Мчится тройка, мчится быстро
В корабле «Восход»,
И ведет его уверенно
Капитан вперед,
Там инженер-полковник,
Врач, ученый,
Отчизны верные сыны.
Вокруг земного шара
Вперед летят они.
Потым я даведаюся, што некалькі вядомых замежных палітыкаў, у тым ліку і адзін былы амэрыканскі прэзыдэнт, увогуле ня верылі ў рэальнасьць некаторых касьмічных караблёў з сэрыі «Ўзыход», успрымаючы іх як звычайную ідэалягічную туфту.