Хлопцы раздзеліся і падрыхтавалі сваю «сетку».
— А можа, укусіць яшчэ гэты драпежнік? — прамовіў Мірон.
— Калі загнаць яе ў кут, то яна можа і кінуцца, а так не адважыцца.
Калі хлопцы падышлі да сярэдзіны лужыны, дык убачылі, што на беразе, сярод травы, слізганула доўгае, на кароценькіх ножках, цела выдры. Спіна была цёмна-бурая, а спод — святлейшы.
— Эх, дабро ўцякае! — з жалем сказаў Віктар. — Адна скура чаго варта! Рублёў трыста можна атрымаць.
— Ого! А есці яе можна? — запытаўся Мірон.
— Можна, і нават мяса добрым лічыцца.
— Пашукаем тады яе нару.
— Нары, мусіць, тут і няма. Яна робіць яе каля вады. А гэтая вада выпадковая, часовая.
— Шкада, — уздыхнуў Мірон. — Давай тады лавіць сваю ўласную рыбу.
«Уласнай» рыбы налавілі лёгка, у дадатак яшчэ выцягнулі некалькі камякоў нейкага кісялю з чорнымі крупкамі.
— Гэтая жабіная ікра толькі кашулю запаскудзіць, — сказаў Мірон, з гідлівасцю адграбаючы гэты кісель.
Ідучы назад, яны зайшлі ў лес пашукаць яшчэ журавін і ў адным кутку, сярод густога ельніку, знайшлі прытульную пляцоўку, пасярод якой было нацярушана шмат свежага пер'я.
— Загінула ад драпежніка нейкая птушка, — прамовіў Мірон.
Віктар агледзеў мясціну, перагледзеў пер'е, то чорнае, то чорнае з белым, то стракатае, і нарэшце сказаў:
— Не, тут ніхто не загінуў. На гэтым месцы цецерукі збіраюцца такаваць, гуляюць, б'юцца. Гэтае пер'е і ёсць вынікі іхняй бойкі. Каб паляўнічыя знайшлі такое месца, яны зараз жа зрабілі б тут засаду.
— А можа, і нам зрабіць?
— А што ты зробіш з голымі рукамі? Цецярук асцярожны. Паляўнічыя звечара робяць буданы і цярпліва чакаюць усю ноч. У іх стрэльбы. А мы што будзем рабіць? Рукамі іх не зловіш.
— А калі напэўна вядома, што яны на гэтым месцы будуць скакаць ды біцца, то можна ім петлі параскідаць.
— Гэта іншая справа. Варта падумаць.
Усю дарогу яны меркавалі: з чаго зрабіць петлі? І нічога не маглі прыдумаць, апрача таго, што прыйдзецца ахвяраваць Віктараву споднюю кашулю. Але і тут была небяспека, што ахвяра можа быць бескарыснай. Для такіх петляў трэба калі не конскі волас, то прынамсі тонкі і моцны шпагат. Тонкія вяровачкі са старых, трухлявых нітак будуць занадта слабыя, а з пасмаў кашулі — зусім нягодныя. Так падышлі да дому і нічога не вырашылі.
Тут Мірон зірнуў на змяіную скуру, якая сушылася на галіне, раптам спыніўся і крыкнуў:
— Вось хто нам дапаможа! Парэжам гэтую скуру на тоненькія паскі, і яны будуць не горшыя за валасінкі.
— Праўда! — падхапіў Віктар. — Цяпер я бачу, што ўсё на свеце можна абярнуць на карысць чалавека.
Хутка згатавалі сабе абед і не марудзячы ўзяліся за змяіную скуру. Але зараз жа і апусцілі рукі… Ну як было парэзаць яе, ды яшчэ на тонкія пасачкі, без нажа?
Віктар ледзь не заплакаў.
— Гэта ж вечная пакута! — скардзіўся ён. — Усё ідзе добра, з кожнага становішча можна знайсці выхад, усё можна абярнуць на сваю карысць, і на кожным кроку адна перашкода — нож! Які дурань трымае нож у торбе? Каб я ведаў гэта, дык сам палажыў бы сабе ў кішэню. Праз цябе ўся пакута!
— Чаго заскуголіў? — агрызнуўся Мірон. — Я сам заўсёды трымаю нож у кішэні. Але ж ці не звычайная справа, адрэзаўшы хлеб, палажыць разам з ім і нож? І я, каб ведаў, што праз цябе перакулімся, дык таксама ўзяў бы нож у кішэню. Ды і позна ўжо пра гэта казаць — нічога не паможа. Лепш набяромся цярплівасці ды пачнём калупаць чым можна. Часу хапае.
І пачалі «калупаць». І спражкай, і трэскай, і касцямі рыб, і вострым гузікам. А Віктар дадумаўся яшчэ распаліць сваю спражку на агні ды ёю смаліць. Усё разам, — а больш за ўсё цярплівасць, — пачало даваць вынікі. А першыя вынікі надалі бадзёрасці, упэўненасці і яшчэ раз цярплівасці. Спачатку яны разрэзалі змяіную скуру ўздоўж напалам, а тады ўжо кожны працаваў над сваёй паловай. Шэсць гадзін карпелі яны над гэтай працай і, нарэшце, зрабілі тое, што было ім патрэбна.
— Гэта ж самыя дасканалыя сілы ў свеце! — цешыўся Віктар са свае працы.
Зараз жа і панеслі іх на месца. Цікава было папільнаваць, як пойдзе справа, але раздумаліся, што не варта пакутаваць усю ноч.
— Дапамагчы справе мы нічым не можам, — казаў Віктар, — а спудзіць можам. Толькі каб устаць заўтра як мага раней.
Параскладалі сілы сярод палянкі, замацавалі канцы, вярнуліся назад і паляглі спаць.
Віктар прачнуўся апоўначы і чакаў раніцы каля вогнішча. Ледзь зашарэлася на ўсходзе, ён разбудзіў Мірона, яны ціхенька накіраваліся ў лес.
Яшчэ здалёк пачуліся ў тым баку гоман, плясканне, балбатанне, нібы там сабраўся нейкі натоўп. Потым выразней пачуліся гукі — чуфф-фы, чушш! Чуфф-фы, чушш!
Хлопцы паўзлі наперад не дыхаючы, сэрцы іх калаціліся.
Падпаўзлі. Зірнулі. На палянцы білася некалькі пар цецерукоў ды так, што толькі пер'е ляцела ва ўсе бакі. Асабліва вызначаўся стары такавік, чорны з белымі палосамі на крылах. Навакол, па галінах, сядзелі рабыя цяцёркі і глядзелі на гэтае спаборніцтва, якое адбывалася выключна дзеля іх.
Яны крыкамі падбадзёрвалі байцоў, а тыя стараліся з усіх сіл, каб паказаць сябе перад красунямі.