Віктар кінуўся на зямлю і прыціснуўся да яе тварам. Мірон стаяў, апусціўшы рукі, і нейкімі дурнымі вачыма глядзеў у адну кропку.
— Выйсця няма! У пастцы! — прашаптаў ён нарэшце.
— Відаць, загінуць прыйдзецца тут, — прастагнаў Віктар.
Цямнела. Вечар быў цёплы, ціхі. Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Але нашыя хлопцы нічога гэтага не адчувалі, не заўважалі. Перш за ўсё ім вельмі хацелася адпачыць. Яны ж страцілі апошнія сілы ў гэтым змаганні за вызваленне. Яны хацелі б праляжаць тут усю ноч, каб назаўтра зноў паспрабаваць вырвацца. Але…
— Слухай, Віктар! — прамовіў Мірон нейкім глухім голасам. — Мы павінны зараз жа вярнуцца назад, бо іначай застанемся без агню.
Віктар прыпадняўся, правёў рукою па лбе, страсянуўся і ўскочыў на ногі.
— Але, — сказаў ён. — Трэба змагацца.
І яны моўчкі пайшлі назад у балота, уначы…
Не будзем апісваць гэтую жудасную дарогу. Скажам толькі, што вярнуліся яны назад, нібы пастарэўшы на некалькі гадоў. Кожны з іх бачыў смерць, загразаў у багавінні па шыю. Правялі ў балоце гадзіны чатыры і выратаваліся толькі таму, што адзін аднаму памаглі.
Дацягнуліся да стаянкі бадай што непрытомнымі. Ледзь раздзьмухалі апошнія вугольчыкі, распалілі вялікі агонь і паснулі каля яго. Не залазілі нават у сваю будку.
Гэта была іхняя дзесятая ноч на востраве…
А ў сне яны бачылі кожны па-свойму свае хаты, сям'ю. Ім было так добра, утульна, цёпла, толькі з акна ці дзвярэй дзьмуў халодны вецер.
XIII
Спачатку іх грэў і сушыў агонь, а потым — сонца.
У сне яны паварочваліся да цяпла то адным, то другім бокам, пакуль не высахлі з усёй сваёй граззю. Спалі вельмі доўга, аднаўляючы сілы.
Першым прачнуўся Мірон і зараз жа кінуўся да вогнішча. Калі агонь зноў запалаў, Мірон сеў на зямлю, абхапіў рукамі свае худыя калені і задумаўся…
Праз некаторы час усхапіўся Віктар, паглядзеў на Мірона з такім выглядам, нібы зусім не чакаў яго тут сустрэць, і пачаў чухацца так, што пыл пайшоў ад яго, нібы дым ад вогнішча.
— А сёння я быў дома! — сказаў ён нарэшце.
— І я таксама, — задуменна адказаў Мірон. — Сёння пачаліся ў нас заняткі. Сёння нашы бацькі зусім ужо ўстрывожыліся. Сёння пачнуць нас усюды шукаць, толькі не тут…
— Можа, які сігнал можна даць? — сказаў Віктар.
— Каму ты дасі праз некалькі кіламетраў балот ды лясоў? — адказаў Мірон. — Я думаю, нам варта перасяліцца на той востраў, дзе мы ўчора былі. Усё ж такі бліжэй да людзей.
— Адкуль ты ведаеш, што бліжэй? Можа, зусім наадварот. А тут, на беразе…
— На якім беразе? — перапыніў Мірон. — Хіба ты не бачыш, што возера ў нас ужо няма? Вунь куды яно адсунулася. І адтуль па балоце, напэўна, ніхто да нас не падыдзе.
— А з лесу таксама ніхто да нас праз балота не пройдзе.
— А мы нікога не будзем чакаць, мы самі пойдзем, як падсохне.
— Можа, у ліпені і падсохне, але як дажыць да гэтага часу? — пахмура казаў Віктар.
— Дагэтуль было горш і то пражылі, а там пойдуць грыбы, ягады.
— Падохнем ад гэткай ежы. Глянь, якія ўжо мы зрабіліся, — Віктар паглядзеў на свае кастлявыя рукі. — А ты, брат, зусім на Дон Кіхота стаў падобны.
Мірон уважліва паглядзеў на свайго таварыша і толькі цяпер заўважыў, як той змяніўся за гэты час: не толькі шчокі, але і нос, і рот, і нават вочы здаваліся не тымі.
— А ты на Санча Панса зусім не падобны, — сказаў Мірон, усміхнуўшыся. — Давай тады паснедаем. Ёсць печаная рыба, ды сушанай, можа, хопіць на два-тры дні. Ёсць яшчэ аер, бярозавы сок.
— А там зноў завядзём хатнюю жывёлу! — ужо весела падхапіў Віктар.
Пасля снедання настрой у хлопцаў яшчэ больш палепшыўся.
— Хадзем на паляванне! — крыкнуў Віктар. — Ды памыемся дзе-небудзь. А перасяляцца на той востраў пачакаем — хай падсохне.
Узялі свае дубіны і павольна накіраваліся ў лес. Цяпер, калі выявілася, што ім так ці іначай прыйдзецца яшчэ сядзець тут некалькі дзён, хлопцы супакоіліся і маглі зноў накіраваць сваю ўвагу і энергію на «авалоданне» востравам.
У адным кутку, пад елкай, знайшлі яшчэ некалькі апошніх журавін, у другім месцы паскублі маладога шчаўя, а ў арэшніку знайшлі крыху леташніх арэхаў. Калі ўбачылі ліпу, Мірон спыніўся і сказаў:
— А мы забыліся яшчэ на гэтую спажыву. Маладзенькае лісце ліпы не горш за салату.
Пакаштаваў Віктар і застаўся вельмі задаволены.
— Гэта нават лепш за аер і шчаўе! Э-э, жыць можна! А ўлетку, мусіць, яшчэ больш усялякага дабра набярэцца.
Раптам ён спыніўся і ўтаропіўся на верхавіну дрэва. Зірнуў Мірон і яшчэ болей здзівіўся: там, высока над зямлёй, скакала жаба. Ярка-зялёная, з белым жыватом і дзвюма чорнымі з жоўтымі палоскамі па баках, яна мела лёгкі і жвавы выгляд і спрытна пераскаквала з галіны на галіну.
— Як яна сюды забралася? — спытаўся Мірон.
— Ды яна жыве на дрэве, як птушка, — адказаў Віктар. — Наогул такіх жаб шмат на свеце. Ёсць у паўднёвай і сярэдняй Эўропе. Вось, як бачыш, сустрэлася і ў нас. Яна таксама жывіцца казюлькамі, як і птушка. А ікру адкладае на зямлі, у вадзе.