Читаем Палескiя рабiнзоны полностью

— Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — упэўнена сказаў Віктар.

У кутку, адкуль хлопцы пачалі абследаванне апошняга, паўднёвага берага вострава, сярод дрэў і лазняку яны заўважылі ваду, нібы азярцо. Яны і раней бачылі яе, але палічылі, што сюды няма чаго совацца, і пайшлі далей да месца сваёй пераправы.

Цяпер жа зацікавіліся і гэтым месцам. Калі праціснуліся праз лазняк, убачылі крынічку, якая, відаць, выцякала з балота ў возера. Крыху далей крыніца была перагароджана нібы грэбляй, перад якой вада крыху затрымлівалася і стварала тое азярцо, што хлопцы бачылі з берага. Цяжка было распазнаць, ці прыродная гэта грэбля, ці зроблена людскімі рукамі. Праўда, два зламаныя дрэвы з галінамі, кучы ламачча ляжалі так, як чалавек не рабіў бы. Але, з другога боку, цяжка было даць веры, што ўсё гэта навалілася тут выпадкова. Перад грэбляй з вады вытыркаліся тры стажкі, нібы копы сена. Зноў жа нельга было даць веры, каб такія стажкі стаялі выпадкова.

Раптам каля грэблі плюхнуліся ў ваду дзве-тры невялікія жывёлівы, падобныя да выдры, якую хлопцы бачылі раней.

— Бабры! — крыкнуў Віктар.

Гэтае з'явішча так зацікавіла хлопцаў, што яны забыліся і на голад, і на зморанасць, і на таемнага чалавека, і на сваё становішча. Столькі разоў яны чулі і чыталі пра гэтых рэдкіх, каштоўных і цікавых жывёл, якія захаваліся ў рэчках лясных раёнаў Расеі і Беларусі. Столькі чулі пра іх паселішча, жыццё. І вось цяпер яны бачаць іх сваімі ўласнымі вачыма ды яшчэ ў першабытных, прыродных умовах.

— Дык вось як яны жывуць! — прамовіў Мірон. — Трэба будзе добра прыгледзецца да іх.

— Абавязкова! — згадзіўся Віктар. — Варта спецыяльна дзеля гэтага застацца на адзін лішні дзень.

Сёння было позна ўжо гэтым займацца. Надыходзіў вечар, хлопцы даўно ўжо выйшлі з «дому», і трэба было спяшацца, каб не пагас агонь. Зірнулі мімаходзь на бабровае паселішча і пайшлі далей.

Уся гэтая мясціна выдалася зусім не грузкая. Калі праціснуліся праз зараснік, то адразу выйшлі на ўзгорак, а за ім недалёка ўбачылі і сваю рыбную сажалку.

— Вось табе і на! — крыкнуў Віктар. — Навошта ж мы пакутавалі на балоце, калі тут ёсць такая добрая дарога!

У высахлай сажалцы відаць было шмат слядоў не толькі звяр'я, але і птушак.

— Відаць, усе паласаваліся нашай рыбай, — заўважыў Мірон.

Так скончыўся гэты дзень. Здавалася, ён быў такі самы цяжкі, няўдалы, безнадзейны, як і папярэдні, але хлопцы неяк менш непакоіліся і не пакутавалі, як тады: новыя падзеі адцягнулі іх увагу ад сумных думак.

А на другі дзень доўга не маглі вырашыць, за што ўзяцца: ці дарогу шукаць, ці ісці паглядзець баброў.

— Зразумей жа ты, — даводзіў Мірон, — што ад дарогі залежыць наша выратаванне. Нельга з-за цікавасці рызыкаваць жыццём. Калі будзем ведаць дарогу, тады заўсёды можам вярнуцца і спакойна заняцца нагляданнем. Я не кажу, каб абавязкова ісці дадому. Хай мы знойдзем хоць след чалавечага жылля і адтуль вернемся.

Віктар жа даводзіў сваё:

— Ну як жа ісці далей, калі побач такая цікавая рэч? Калі яшчэ вернемся ды і ці вернемся наогул — невядома. Можа, гэты след за дваццаць кіламетраў. Ці захочаш тады ты сам вяртацца назад? Я не спадзяюся на гэта.

Доўга спрачаліся яны і, нарэшце, вырашылі кінуць жэрабя. Лёс вырашыў на карысць Віктара.

Праз некаторы час яны былі каля бабровага паселішча. Спачатку ўважліва агледзелі будоўлю. Адно з паваленых дрэў мела сантыметраў сорак таўшчыні, другое — крыху меней, а побач было шмат танчэйшых пнёў.

— Няўжо ўсё гэта яны самі звалілі? — дзівіўся Мірон.

— А то хто ж? Глядзі, як падпілавалі. Усе пні былі завостраныя, нібы калы. Таксама былі завостраныя і канцы дрэў. Бабры пачыналі грызці навакол шырокай паласой, а потым усё вузей і вузей, пакуль дрэва не ламалася.

— Няўжо яны па свайму жаданню валяць гэткае дрэва ў той ці іншы бок? — пытаўся Мірон.

— Мусіць, так, бо, бачыш, няма ніводнага дрэва, паваленага ў другі бок.

Тут яны заўважылі вялікую асіну, якая была падгрызена так, што, здавалася, яе можна было б зваліць пальцам.

— Не! — крыкнуў Віктар. — Хоць сам загіну, а падпільную, як яны будуць валіць гэтае дрэва!

І сапраўды, справа была такая цікавая, што нават Мірон не хацеў ужо ісці адгэтуль.

Здалёк грэбля здавалася абы-як накіданай кучай, а зблізку выявілася, што ўнізе галлё шчыльна пераплецена, нават замазана зямлёй, і вада затрымлівалася як след.

Такія самыя былі і іхнія хаткі. Ад зямлі (у вадзе) яны ўздымаліся не меней, як на рост чалавека. Верхнія пласты галля здаваліся наваленымі абы-як, але чым глыбей, тым лепей яны былі апрацаваны, пераплецены і замазаны.

— Бачыш, вунь пад вадой чарнеецца дзірка, — тлумачыў Віктар. — Гэта іхні ўваход. Такіх уваходаў некалькі. А самі яны жывуць на другім паверсе, куды вада не даходзіць.

— Значыцца, цяпер яны сядзяць у гэтых стажках? Цікава было б злавіць, каб паглядзець бліжэй.

— Не, брат! Гэта нялёгкая справа. На тое ў іх ёсць некалькі выхадаў.

— А можна іх есці?

— А ты ўсё з харчовага пункту погляду разглядаеш! — засмяяўся Віктар. — Не чуў, каб іх елі. Не гэтым цікавяцца, а іх футрам ды яшчэ нейкай «бабровай струёй». Кажуць, нейкія лекі.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Наследник
Наследник

Ты всего лишь обычный человек? Твоя жизнь тиха, размеренна и предсказуема? Твой мир заключен в треугольнике дом-работа-тусовка?Что ж, взгляд на привычное мироустройство придется немедленно и резко пересмотреть благодаря удивительному наследству, полученному от дальней родственницы, жившей одновременно в XX и IX веках и владевшей секретом удивительных дорог, связывающих эпохи древности и день настоящий.Новый роман А. Мартьянова – классический образец «городской фантастики», где читатель встретится со своими современниками, знаменитыми историческими персонажами, загадочными и опасными существами и осознает важнейшую истину: прошлое куда ближе, чем всем нам кажется.Получи свое наследство!

Андрей Леонидович Мартьянов , Андрей Мартьянов , Илья Файнзильберг , Н Шитова , С. Захарова , Юрий Борисович Андреев

Фантастика / Приключения / Приключения / Исторические приключения / Альтернативная история / Попаданцы