Читаем Палескiя рабiнзоны полностью

— І гэта праўда, — згадзіўся Мірон. — Вось дурное становішча: глядзець на сваю ўласную ежу, галадаць і не мець права крануць яе.

Усё гэта было б нават смешна, каб не было гэтак небяспечна.

Не сядзелася ім на месцы. Увесь час пазіралі ў той бок, дзе былі «дабрадзеі». Нарэшце Віктар не вытрымаў:

— Не! Не магу! Ідзём схаваемся побач.

Адышліся ў балота, у зараснік, і там заселі. Адтуль была відаць і іх стаянка, і дарога, па якой маглі прыйсці ворагі. Нарэшце паказаліся і яны. Падышлі да будана і селі каля вогнішча.

— Каб канчаткова ўпэўніцца, трэба пачакаць вечара, — сказаў малады, — калі яны яшчэ жывыя, то павінны прыйсці сюды начаваць.

— Але ў такім разе мы сёння не зможам вярнуцца назад, — заўважыў чорны.

— Ну, дык пераначуем тут. Вось і будан ёсць. Нават барсучыная скура ў ім. А вунь і палова зайца, і рыба вісіць. Заяц, відаць, яшчэ свежы. Значыцца, учора яны тут жылі. Калі загінулі, дык толькі сёння.

Бандыты падклалі ў агонь дроў. Чорны выняў з торбы хлеба, сала, солі.

Калі ўбачылі гэта хлопцы, дык у іх аж сліна пацякла.

— А можа, пакаштуем іхняга зайца? — сказаў малады.

— Не варта важдацца.

— Ну, дык я маленькі кавалачак сабе спяку. — Падышоў, узяў зайца і сказаў: — Як ён скрэмзаны. Відаць, у іх нажа не было.

— А вось неяк трымаліся, чортавы дзеці! — буркнуў чорны. — І якім чынам здолелі зайца злавіць?

— Мусіць, іх там навучаюць цяпер розным такім штукам, — казаў малады, адразаючы нажом тонкую лусту мяса. Потым палажыў яе ў попел.

Хвіліну памаўчалі, глядзелі, як скварыцца мяса. Надыходзіў вечар. Навокал было так спакойна і мірна, што цяжка было падумаць пра тую людскую жорсткасць, якая панавала тут у гэты час. Відаць, гэты настрой мімаволі ахапіў і малодшага.

— А можа, плюнуць на ўсю гэтую справу і пайсці дадому, пакуль не позна? — прамовіў ён.

Чорны сурова зірнуў на яго:

— Праз два тыдні нам спатрэбіцца гэта месца. Калі мы страцім яго, нам самім прыйдзецца рызыкаваць жыццём. Няўжо ж з-за гэтых шчанят ты сам згодзен пацярпець?

— Ды я гэта кажу толькі таму, што ўпэўнены ў іх смерці. Наўрад ці могуць яны столькі часу не прыходзіць.

— Каб цвёрда быць упэўненым, трэба перачакаць ноч, — сурова сказаў чорны.

Малады выняў мяса, пачысціў яго, пасыпаў соллю і са смакам пачаў есці.

— Нішто, — сказаў ён. — Раю і табе.

— Не хачу гэткага дабра, — махнуў рукой яго таварыш.

Бедныя хлопцы ледзь не плакалі, калі глядзелі, з якім смакам есць вораг іхняе мяса. Ды яшчэ з хлебам, з соллю! Хоць бы драбінку гэтага хлеба і солі пакаштаваць.

— Кладзёмся спаць, — прапанаваў стары. — Калі прыйдуць, не пакрыўдзяцца. Яны і спадзявацца не маглі ўбачыць тут людзей, якія могуць іх вывесці.

Віктар сціснуў кулакі, заскрыгатаў зубамі і ледзь не зароў ад злосці.

Стары ўлез у будку, палажыў пад сябе стрэльбу і разлёгся на скуры.

— Паглядзі, там яны чарапаху паставілі на бярозавы сок, — сказаў ён з будана. — Піць хочацца.

Малады пайшоў, узяў чарапаху і паднёс свайму таварышу.

— Добрая рэч, дай Бог ім здароўя, — засмяяўся той.

Потым і другі ўлез у будан. Пра нешта яшчэ пагутарылі там, але хлопцы не маглі разабраць.

Стаяла цішыня. Толькі нейкія вячэрнія птушкі часам парушалі яе. Надышла ноч. Хлопцы сядзелі ў сваёй засадзе, нібы скамянелыя. Ім здавалася, што ў гэткай цішыні чуваць не толькі кожны іх рух, але і дыханне, нават стук сэрцаў. Доўга не адважваліся яны паварушыцца. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а яны ўсё яшчэ баяліся крануцца з месца. Ад холаду і вільгаці пачалі дрыжаць.

— Ну, давай вылазіць, — прашаптаў Віктар.

Паварушыліся — і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, стаілі дыханне, прыслухаліся — нічога. Палезлі далей.

І вось тут адбылося самае жудаснае ў іхняй гісторыі: Мірон заблытаўся нагамі ў лазняку і… ляснуўся на зямлю.

У будцы зараз жа заварушыліся, і адтуль вылез чорны бандыт са стрэльбай у руках. Зірнуў ва ўсе бакі, прыслухаўся, пачакаў некалькі хвілін і схаваўся назад.

— Што там такое? Можа, яны? — пачуўся сонны голас маладога.

— Не. Мусіць, звер які.

Хлопцы прыліплі да зямлі ў самых недарэчных позах. Мірон ляжаў тварам у балоце з задранай дагары нагою. Віктар перш сядзеў на кукішках, а пасля паваліўся на бок і абапёрся адною рукою аб зямлю. І ў гэткім становішчы яны павінны былі яшчэ доўга чакаць, пакуль можна было рухацца далей. Нарэшце дачакаліся гэтага часу і папаўзлі.

Калі яны адышліся далёка, Віктар аж з кулакамі накінуўся на Мірона.

— Ах ты, мядзведзь касалапы! — сіпеў ён. — Праз цябе ледзь не загінулі!

— Ну-ну, — вінавата казаў Мірон. — Нічога дрэннага не здарылася. Не магло ж ім прыйсці ў галаву, што гэта мы.

— Ну, а калі б палічылі цябе за звера ды ўсадзілі кулю, лепш было б?

— Ды кінь ты ўжо! Усё мінула. Давай лепш памяркуем, што рабіць далей.

Віктару рупіла падкрасціся да бандытаў і сцягнуць стрэльбу, але Мірон стрымліваў яго.

— Па-першае, — казаў ён, — стрэльбу выцягнуць з-пад яго нялёгка. Бачыш, як ён чула спіць? Па-другое, нават каб і ўдалося, ці здолеем мы з імі справіцца? У малодшага, а можа, і ў старэйшага, напэўна, ёсць рэвальвер: не пойдзе бандыт на такую справу без рэвальвера. А тады ўжо будзе іншая рэч.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Наследник
Наследник

Ты всего лишь обычный человек? Твоя жизнь тиха, размеренна и предсказуема? Твой мир заключен в треугольнике дом-работа-тусовка?Что ж, взгляд на привычное мироустройство придется немедленно и резко пересмотреть благодаря удивительному наследству, полученному от дальней родственницы, жившей одновременно в XX и IX веках и владевшей секретом удивительных дорог, связывающих эпохи древности и день настоящий.Новый роман А. Мартьянова – классический образец «городской фантастики», где читатель встретится со своими современниками, знаменитыми историческими персонажами, загадочными и опасными существами и осознает важнейшую истину: прошлое куда ближе, чем всем нам кажется.Получи свое наследство!

Андрей Леонидович Мартьянов , Андрей Мартьянов , Илья Файнзильберг , Н Шитова , С. Захарова , Юрий Борисович Андреев

Фантастика / Приключения / Приключения / Исторические приключения / Альтернативная история / Попаданцы