Читаем Палескiя рабiнзоны полностью

— А яны тут былі? — запытаўся першы.

— А ліха іх ведае! Пакуль што, як бачыш, слядоў не відаць.

— Дык усё ж, нарэшце, як вырашым гэтую справу? — звярнуўся малады да свайго спадарожніка.

— І сам не ведаю, — задумаўся старэйшы. — Можа, дай Бог, яны самі загінулі.

— А калі не?

— Тады, мусіць, трэба ім дапамагчы, — крыва ўсміхнуўся чорны.

«Гэта ж, відаць, пра нас ідзе гутарка! — падумаў кожны з хлопцаў. — Але завошта? Што мы ім зрабілі?»

Яны зірнулі адзін на аднаго, але не паварушыліся. Справа была такая незразумелая і недарэчная, што хлопцы не хацелі верыць сваім вачам і вушам і чакалі, што зараз усё высветліцца.

— Кепска атрымліваецца, — казаў тым часам малодшы. — Калі яны выйдуць адсюль, дык усюды раструбяць аб гэтым кутку. Палезуць розныя вучоныя, возьмуць пад ахову гэтых баброў. Пачнуць пісаць у газетах. Да гэтага часу толькі ляснік адзін раз, узімку, наведваўся сюды, а тады кожны палезе. І нам прыйдзецца развітацца з гэтым надзейным прытулкам.

— Я ж і кажу, — буркнуў чорны.

— Але ж, з другога боку, яны нам зусім непатрэбныя.

— Чаго там шкадаваць савецкае насенне! — бліснуў вачыма чорны. — Нічога, акрамя карысці, не будзе, калі загінуць два бальшавіцкія гадаванцы.

— І то праўда, — уздыхнуў малады. — Наша справа важней за гэтых двух малакасосаў. А колькі нашага брата гіне ад іх! Хай не соваюць свой нос куды не трэба. Дзе яны цяпер?

— Там, каля возера.

— Значыцца, зробім такім чынам: яны, вядома, надзвычай будуць рады, калі ўбачаць нас; мы возьмемся іх вывесці, а там…

— Гэта зручна яшчэ і з другога боку: калі што якое, дык будуць думаць, што яны самі загінулі ў балоце, — дадаў чорны. — Можа, паглядзім цяпер, ці ўсё ў парадку?

— Потым паспеем, спачатку скончым гэтую справу, — адказаў малады.

Яны абмінулі грэблю і накіраваліся ў той бок, дзе была стаянка хлопцаў.

Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі.

— Слухай! — дрыжачым шэптам сказаў Віктар. — Скубані мяне за бок: можа, я сплю.

— Абодва разам не могуць бачыць адзін сон, — сказаў Мірон. — Гэта дзікая праўда. Што будзем рабіць? Ці ўцякаць, ці сядзець тут?

Віктар падумаў і сказаў:

— Гэта, мусіць, усё роўна: ці тут хавацца, ці дзе-небудзь. Абы толькі не трапіць ім на вочы.

— Шукаць яны нас не будуць, — заўважыў Мірон.

— Чаму так? — здзівіўся Віктар. — Якраз і будуць шукаць.

— Ты чуў, што яны казалі? — разважліва сказаў Мірон. — Мы ж іх сустрэнем з радасцю. Так яно і павінна было б быць. А калі мы іх не сустрэнем?

— Тады яны будуць нас шукаць.

— Так, ды не гэтак. Будуць крычаць, клікаць нас, нават страляць, каб мы самі прыйшлі да іх. Не могуць жа яны падумаць, што мы наўмысля хаваемся ад іх. Яны ж нашы «збаўцы».

— Але, — усміхнуўся Віктар.

— Калі мы не адгукнемся, то яны падумаюць, што мы загінулі. А шукаць, як уцекачоў, яны не павінны, не маюць падставы.

Гэтае разважанне крыху супакоіла абодвух. Іх задачай было толькі, як кажуць, сядзець і не рыпацца і такім чынам дачакацца, пакуль ворагі пойдуць з вострава.

Праз некаторы час сапраўды пачуўся стрэл.

— Клічуць нас! — засмяяліся хлопцы.

Пачуўся новы стрэл ужо ў другім месцы. Праз некаторы час данесліся крыкі. Крыкі то набліжаліся, то аддаляліся: відаць, бандыты хадзілі па ўсім лесе.

Нарэшце галасы пачалі набліжацца да хлопцаў, пачуўся хруст, і абодва чалавекі зноў выйшлі да грэблі.

— Мусіць, яны ў гэтым баку, — казаў адзін з іх.

— Усё ж такі дзіўна, што яны не адгукаюцца, — прамовіў другі. — Не можа быць, каб нашыя стрэлы і крыкі не былі чутны.

— Пагукаем яшчэ тут. Калі няма, значыцца, няма.

— Ці не маглі яны як-небудзь выйсці?

— Апрача таго месца, прайсці нідзе нельга, нават у самае сухое лета, — чуўся голас чорнага. — Куды б яны ні сунуліся, усюды загінуць.

— А можа, якім-небудзь чынам даведаліся пра наш шлях?

Чорны дзядзька гучна засмяяўся:

— А ты сам упэўнены, што пройдзеш цяпер адзін?

— Не вельмі. У такім разе, можа, нам і не трэба будзе турбавацца?

— Дай Бог.

І яны на вачах у хлопцаў зноў пачалі страляць і гукаць:

— О-о-го-го! Сюды-ы!..

Хоць і не да смеху было нашым хлопцам, але яны не маглі не ўсміхнуцца.

— Вось дабрадзеі знайшліся, каб яны хутчэй самі ўтапіліся! — сказаў Мірон, калі людзі адышлі.

— Гэтага мала, — злосна прамовіў Віктар. — Хоць тры гады буду сачыць, але аддам іх пад расстрэл. Пойдзем дахаты, хай яны там блукаюць.

— Ох! — прастагнаў Мірон. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома.

І яны пайшлі да стаянкі. Ззаду чуліся крыкі і стрэлы іхніх «дабрадзеяў». Хоць хлопцы і не баяліся, што ворагі зараз будуць іх шукаць, але ўвесь час адчувалі небяспеку.

— Горш за ўсё, што агню нельга раскладаць, — казаў Мірон. — Калі яны вернуцца ды ўбачаць, што вогнішча нехта падправіў, дык адразу здагадаюцца, што мы тут. А агонь тым часам можа згаснуць.

— Падсунем тоўстыя кавалкі пад попел, можа, не звернуць увагі, — параіў Віктар.

— А што, калі заўважаць? — непакоіўся Мірон. — Ад гэтага можа залежаць наша жыццё.

Падумалі-падумалі і парашылі лепш рызыкнуць агнём, чымся жыццём.

— Можа, небяспечна кратаць і нашу спажыву? — сказаў Віктар. — Таксама могуць заўважыць.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Наследник
Наследник

Ты всего лишь обычный человек? Твоя жизнь тиха, размеренна и предсказуема? Твой мир заключен в треугольнике дом-работа-тусовка?Что ж, взгляд на привычное мироустройство придется немедленно и резко пересмотреть благодаря удивительному наследству, полученному от дальней родственницы, жившей одновременно в XX и IX веках и владевшей секретом удивительных дорог, связывающих эпохи древности и день настоящий.Новый роман А. Мартьянова – классический образец «городской фантастики», где читатель встретится со своими современниками, знаменитыми историческими персонажами, загадочными и опасными существами и осознает важнейшую истину: прошлое куда ближе, чем всем нам кажется.Получи свое наследство!

Андрей Леонидович Мартьянов , Андрей Мартьянов , Илья Файнзильберг , Н Шитова , С. Захарова , Юрий Борисович Андреев

Фантастика / Приключения / Приключения / Исторические приключения / Альтернативная история / Попаданцы