Пацягваючы душэўны напой, Андрэ распавёў есаулу ўсё, што здарылася зь ім за апошнія дні. Пра выставу ў Боне, цешчыны боты, пра тое, як купіў шалом, пра сапсаваны дах аўто па дарозе ў Гановэр, начлег у саломе, пра тое, як пазнаёміўся зь Інгрыд учора на вакзале, пра сірочы прытулак і спробу скрасьці яго шалом. Хведар слухаў расповед амаль з захапленьнем, час ад часу выбухаючы прыступамі сапраўднага гамэрычнага рогату. Нарэшце, калі Андрэ скончыў, твар есаула стаўся раптам сур’ёзным, і ён сувора спытаў:
– Ты што, сапраўды вырашыў ніколі ў жыцьці яго не здымаць?
– Разумееш… Напачатку мяне мучылі сумненьні, але чым даўжэй шалом на мне, тым больш я ў гэтым упэўнены. Гэта можа падацца вар’яцтвам, але ўнутраны голас падказвае: я мушу так зрабіць. Уяві – нехта абвесьціць сусьвету: я адпілую сабе ногі! Усе скажуць: прыдурак, ідыёт! А калі ён мастак, то ўжо ня проста прыдурак, а пэрформэр, і гэта яго маніфэст! Лічы, што гэта мой маніфэст! Так! Я не зьніму шалома! Да таго ж, шалом – гэта мір! Я надзеў на галаву мір!
– Па-нашаму шалом – гэта вайна! Ты надзеў на галаву вайну.
– Вайна наўкола. Мір унутры нас.
– Кожны мір сканчаецца вайною.
– Кожная вайна сканчаецца шаломам.
– А ты ўпэўнены, што ўтрымаеш яго на галаве?
Андрэ прамаўчаў. Хведар неяк журботна, з тугою, быццам выпраўляючы сябра туды, адкуль той ужо ня вернецца, паглядзеў на яго, моўчкі зрабіў вялікі глыток віскі й вымавіў:
– Дзевяць вечару. Пара вяртацца. Наконт грошай трэба нешта прыдумаць. У мяне іх, сам ведаеш, няма, у Буяна тым больш. Дай час, я памяркую, што можна зрабіць.
Вярнуўшыся ў Тахелес, яны засьпелі амаль пастаральную сцэну: Інгрыд, у спакусьлівай позе, з выклікам закінуўшы ногі на стол, піла віно, а Буян у нейкім дзіўным хваляваньні мітусіўся вакол. Ён выцягваў з закуткоў свае найноўшыя жывапісныя нактурны, прэлюдыі, фугі, расстаўляў перад ёй і пры дапамозе найпрасьцейшай камбінацыі з дваццаці ангельскіх словаў распавядаў нешта пра сэнс, закладзены ў гэтыя творы.
За час, пакуль Андрэ зь есаулам адсутнічалі, яны адшукалі матрац, і Інгрыд нават пасьпела зьвіць цалкам утульнае гнязьдзечка для начлегу. Затым Буян прыняўся забаўляць маладую нявесту. А паколькі замежных моваў ён ведаў багата, але ня больш за пяць – дваццаць словаў на кожнай, яго расповеды былі падобныя на добры нядзельны дэсэрт для гурмана, дзе выразы з францускай, нямецкай, ангельскай, польскай купажаваліся ў вытанчаныя і крыху дзіўныя кактэйлі.
Скарыстаўшы ўсю колькасьць вядомых яму словазлучэньняў, Буян дастаў маленькую кніжку і прыняўся чытаць Інгрыд свае вершы. Напісаныя яны былі па-беларуску, але для разуменьня гэта ня мела значэньня. Паэтам ён быў далёка не бясталентным, але, галоўнае, пры дэклямацыі ўголас умеў ствараць такую камбінацыю гукаў, такую гаму тэмбраў, шэптаў, віскатаў, крыкаў, стогнаў, што сэнс вершу рабіўся зразумелы бяз словаў. Аддаваўся Буян чытаньню сваіх «сьціхоў» самазабыўна, і, трэба сказаць, гэта амаль заўсёды рабіла ўражаньне на маладзенькіх дзяўчатак.
Інгрыд, якой кудлатае чмо, што вылезла з-пад коўдры, спачатку зусім не спадабалася, пачала паціху мяняць сваё меркаваньне. Буян, аддаючы сябе ў рукі экстазу, крывіўся, буркатаў нешта касматае, узьлятаў воем, падаў у цішыню, затым ізноў угрызаўся ў слова, набіраў абароты – і шрубы прапэлераў круціліся ўсё хутчэй, хутчэй, хутчэй. Уключалася турбіна, ён зноў нёсься па ўзьлётнай паласе, адрываўся ад зямлі і ляцеў, ляцеў, ляцеў… і БАБАХ!!! – валіўся перад ёй на калені, уторкнуўшы зрэнкі сваіх баламутных вачэй проста ў яе вочы! «А ён нішто сабе», – думала Інгрыд і з усё большай сымпатыяй узіралася ў пышную кудлатую шавялюру, густыя бровы, пухлыя сэксуальныя вусны.
Адчуваючы, што яго выступ мае належны эфэкт, Буян учапіўся ў тонкія рукі Інгрыд і прыняўся пакрываць іх пацалункамі, пасьля раптам ускочыў, пабег кудысьці ў кут і, пакорпаўшыся, паставіў перад ёй нейкую яркаружовую карціну. Потым прынёс яшчэ адну і яшчэ.
Гэта былі творы з «ружовага пэрыяду» – новага цыклю, які ён распачаў зусім нядаўна. Усе абразы гэтай сэрыі мелі чырвона-пастэльныя, крыху мэнструальныя адценьні і выяўлялі групу мандавошак у колькасьці сямі-васьмі асобаў, якія ў спартовых трусах радасна, упрыскок беглі кудысьці па сьцежках сярод ружовых палёў на фоне чысьцюткага блакітнага неба.
Безумоўна, сэрыя ўяўляла зь сябе лірычны этап у творчасьці Буяна. У адрозьненьне ад іншых пэрыядаў, насякомыя тут былі не агрэсіўныя, а мілыя і вясёлыя. Іх супольны бег у адным напрамку сымбалізаваў агульнасьць памкненьняў, пазытывісцкае стаўленьне да жыцьця, радасьць калектыўнай супрацы, магчымасьць пераадоленьня любых перашкод кагалам, узрушанасьць сумеснага крэатыву, прыгажосьць спартовага сьвята на фоне вясковых пэйзажаў і многае, многае іншае.