«Ну вось, ужо вакзал. Спыняемся. Пакуль спакойна. Гэтыя людзі на пэроне не падобныя да іх. Так, пару пажылых бюргераў. Гэта студэнты. Можа, яны на тым канцы плятформы? Ну не, іх людзі былі б усюды. Можа, усё ж паведамілі? Ідуць памежнікі. Заходзяць у вагон. Вось яны ўжо правяраюць першыя купэ. Набліжаюцца. Падыходзяць да нашага. Ну, божачкі, пранясі!»
Дзьверы купэ з шумам адчыніліся, і па той бок газэты пачулася:
– Пашпартны кантроль! Дакумэнты, калі ласка!
Андрэ адкінуў газэтку і працягнуў пашпарт. Малады памежнік крыху зьбянтэжыўся ад нечаканасьці, затым узяў пашпарт і пачаў яго з асобай уважлівасьцю вывучаць. Ён доўга гартаў старонкі, разглядаў візу, спраўджваў штэмпэлі, час ад часу зь цікаўнасьцю паглядаючы на гаспадара дакумэнту. Андрэ замёр у напружаным чаканьні. Ён адчуваў, як вены на скронях пад шаломам набрынялі, і маленькія кроплі поту, гатовыя скаціцца па твары, выступілі на іх.
«Ну… ну, даражэнькі! Не цягні. Давай, вырашайся. А… А? А! Вось малайчына! Ура! Фу, пранесла!».
Памежнік узяў штэмпэль і гучна пляснуў у пашпарт пячатку выезду.
– Бітэ!
«Ну, дзякуй богу! Пранесла! Значыць, не паведамілі. Яшчэ некалькі хвілін чаканьня – і я ў бясьпецы. Галоўнае, каб цяпер
Цягнік паскараўся і ляцеў на ўсход. За вокнамі прамінулі прадмесьці Франкфурту, мэталічныя канструкцыі моста праз Одру, утульныя хаткі, палі з цыліндрамі прыбранай саломы, дарогі, пераезды. Толькі цяпер Андрэ адчуў, як стаміўся за апошнія суткі. Напружаньне зьмянілася млявасьцю, і яго пачало цягнуць у сон. Адкінуўшы ўжо непатрэбную яму шпіёнскую газэту, ён забіўся ў кут і задрамаў. Праз сон ён чуў, як заходзіла польская страж гранічна, пыталася пашпарт, ён нешта адказаў, амаль не расплюшчваючы вачэй, а затым сон цалкам авалодаў ім…
Ён прачнуўся ад рэзкага пляску дзьвярэй. З трывогай зірнуў у акно. Цягнік стаяў на пэроне вялікай станцыі. Каля вагону мітусіліся нейкія людзі. «Халера, рэзкія гукі пачалі палохаць мяне. Нэрвы зусім расхісталіся. Мусіць, гэта Познань», – падумаў Андрэ і агледзеўся ў купэ. Побач сядзела пажылая пані, мабыць, яна ўвайшла на гэтай станцыі. Два ранейшыя спадарожнікі ўжо не чыталі газэтаў. Мабыць, адчуўшы, што іх дзіўны візаві не ўяўляе пагрозы, яны таксама расслабіліся і цяпер драмалі кожны ў сваім закутку.
Спаць ужо не хацелася. Выцягнуўшы з заплечніка маленькую пляшку, Андрэ зрабіў пару глыткоў. Трывога пакрысе стала адпаўзаць, і ён прыгадаў апошні мірны вечар у Бэрліне, калі яны зь есаулам вялі душэўныя размовы пра Хведара Міхайлавіча, пра вайну і мір, мастацтва, звышчалавека, Раскольнікава, старую працэнтшчыцу і Ніцшэ. Тады яны ўсё ж дамовіліся пра будучую канцэсію. Ідэя здавалася надта прывабнай, каб проста так выпусьціць яе на вецер. Вырашылі, што Андрэ вернецца ў Магілёў, а празь нейкі час прыедзе назад у Бэрлін са сьвежай візай. Пачатак новых гастроляў канцэсіянэры заплянавалі на пачатак вясны. А да таго часу Хведар падбярэ трупу, адшукае на флюмарктах неабходную амуніцыю, прыкупіць патрэбную колькасьць прускіх шаломаў, зладзіць павозкі ды ўтрасе шмат іншых пытаньняў.
У той жа дзень з раніцы яны давалі прадстаўленьне на подступах да Выспы Музэяў. Як і раней, усё прайшло нядрэнна. Канцэсіянэры зноў сабралі неблагую касу. Публіка зь цікаўнасьцю слухала расповеды Андрэ пра падступную змову Антанты, зьверствы імпэрыялістаў, прадажнасьць тылавых інтэндантаў, пацукоў, што заселі ў штабе, жахі Чарнобылю, балотных ваўкалакаў, сінюю водарасьць ды гістарычны разгром іхняга полку пад Псковам у дзень 23 лютага, які потым шмат гадоў адзначаўся за Бугам як Дзень Чырвонай Арміі. Кляўся, што не вінаваты ў сьмерці Афэліі, што Палёній сам недарэчна падвярнуўся яму пад руку. Зноў нёс ахінею пра Аўстэрліц, Напалеона, Ватэрлёо. Казаў, што асабіста быў знаёмы з Розай Люксэмбург, Кларай Цэткін, кайзэрам Вільгельмам, бачыў у Разьліве Леніна, быў таемным сувязным між германскім штабам і бальшавікамі і ў сувязі з гэтым паводле службовых абавязкаў неаднаразова піў гарэлку з Камо, Арджанікідзэ, Фэліксам Дзяржынскім і нават з самім Іванам Васілевічам Чапаевым.